Яно дзіка замукала, спрабавала ўскочыць, але ляснік паклаў другую дужую руку на спіну i прытрымаў, супакойваючы: «Ну, пацярпі, маё цялятка, папячэ яшчэ троху i сціхне!..» — i вадзіў ды вадзіў, выціраючы, латкаю па ране i вакол яе, раз за разам перакручваючы анучку, хаваючы ў сярэдзіну камячка крывяныя плямы. Выціраў, трымаў спіну i сам ад нечага крывіўся, робячы зусім маленечкія вочкі.
Ласяня моцна-моцна заплюшчыла вочы i зайшлося ад болю, ад якога закалола ў скроні, думала, што вось то ўжо напраўду наступіў канец. Але пасля — i нават нечакана — боль пачаў паціху слабець, пакідаючы толькі пра сябе напамінак, шчымлівы зуд, — i здалося, што параненая нага, якая торгала, палягчэла, стала лёгкая-лёгкая. Мужчына гладзіў яго па галаве, шыі — i яно сцішылася, ткнулася галавою да цвёрдага долу, стомлена, але з палёгкаю заплюшчыла вочы, адчуваючы, што будзе жыць, што небяспека праходзіць, прападае, а замест яе прыплывае спакой ды суцяшэнне, што стала менш балець, а пасля раптам захацелася есці: сёння маці не паспела яго пакарміць з-за ваўкоў, збегла недзе з поўным вымем, якое цяпер, можа, пырскае на зямлю… Ад успаміну пра цёплае салодкае малако ў ласяняці сабралася ў роце сліна, i тая, якую не паспела пракаўтнуць, пацякла на ніжнюю губу…
— Ці не естачкі ты хочаш? — лагодна запытаў ляснік. — Зараз знойдзем табе малачка, напоім, каб падужэў,— i адышоўся да белай шафкі.
Адчыніў дзверцы, узяў з налічкі збанок, трымаючы яго вялізнай рукою за горлачка, пакруціўся, нешта шукаючы, пасля ўзяў міску, наліў у яе малака i паднёс, даў ласяняці. Яно пачула знаёмы малочны пах (хоць ён быў не зусім такі, як у мамы-ласіхі), але адразу ткнулася ў міску ды так няўдала, што свежае, відаць, яшчэ нядаўна надоенае, малако залілося ў ноздры, ад чаго прыйшлося некалькі разоў фыркнуць i апырскаць чалавека ды падлогу.
— Ды ты не ўмееш яшчэ піць з місы… Ты яшчэ, брат, зусім нягеглы, — усё так жа лагодна сказаў ляснік, устаў i зноў падаўся да шафкі.
Узяў там бутэльку i, нагінаючы, ільючы на стол, пачаў пераліваць у яе з міскі малако.
Ласяня, шкадуючы, што так хутка прапаў ласунак, аблізала языком вусны, бараду, адчуўшы, што i гэтае малако смачнае, з радасщо праглынула ўсё, што трапіла ў рот, яшчэ больш распаляючы голад.
Ляснік хутка вярнуўся, несучы ў руках бутэльку з чырвонаю соскаю, даў яе, халодную, мяккую, i ласяня, скрывіўшыся ад непрыемнага гумовага паху, пацягнула i адчула, што малако палілося ў рот тонкім струменьчыкам. Ад радасці яно ледзь не захлынулася, памкнулася ўсхапіцца, але яго працяў боль у назе, i прыйшлося аціхнуць, перачакаць, калі стане лягчэй, тады ўжо смактаць далей, выцягваючы шыю i стараючыся не выпусціць слізкай соскі.
I ўжо смокчучы, яно бачыла, як з другой, адгароджанай, палавіны хаты, адчыніўшы дзверы, зайшло двое заспаных босых дзяцей — худаваты, але высокі хлопчык гадоў сямі i поўненькая, у доўгай белай кашульцы дзяўчынка гадоў пяці. Спачатку, тручы ручкамі вочы, яны з дзівам пазіралі на бацьку i на яго, а пасля ажывіліся, пайшлі сюды хутка-хутка — i ў ix адразу прапаў сон, шырока адплюшчыліся вочы i паадкрываліся роцікі.
— Гэта другое цялятка? — запытала мякенькім, далікатным голасам дзяўчынка. — Дзе ты яго ўзяў?
Бацька нічога не адказваў, пасміхаўся.
— Гэта не цялятка, — сказаў хлопчык, пакручваючы на голым вострым плечуку шлейку ад майкі.— Гэта маленькі лось. Так, татусь?
— Так, дзеці,— сказаў ляснік. — I цяпер ён будзе жыць у нас, пакуль не вылечым яго.
— Лёсь, лёсь! — прысеўшы ля ласяняці i гладзячы яго маленькаю ручкаю па спіне, гаварыла дзяўчынка, а пасля зайшла з другога боку i пацягнулася да бутэлькі…— Дай я, татусь… — I як той згадзіўся, узяла бутэльку i трымала яе абедзвюма ручкамі.
Ласяня, з цікавасцю пазіраючы на маленькіх дзяцей, высмактала ўсё малако, нават доўга патрымала пустую соску, ад чаго тая засвістала, а пасля зліплася. Як забралі яе з рота, яно пацмокала языком, адчула, што зусім змарылася, што самі пачалі ліпнуцца вочы.
…Ноччу — пасля таго як яго рану прыклалі падбелам, зноў напаілі малаком i яно спала — прытрызнілася, што паблізу блукае маці, ціхенька падклікае яго — самотна мычыць.
Яно прахапілася, прыслухалася — мыканне прапала. Толькі, здаецца, дзьмухнуў, адбіўся ад сцяны вецер. Як яно суцішылася, пачынала засынаць — зноў пачулася жалобнае мыканне.
Ласяня напялася, абапёрлася на пярэднія калені, каб стаць на заднія ногі, а пасля падняць ужо адну i другую пярэднія, але задняя нага не ўпёрлася, як у лесе аб зямлю, а паехала, зарыпела капытом па падлозе. На нагу аб’ехала з плячэй старая фуфайка, i яно заблыталася ў ёй i ў падасланай, але ўжо збітай набок дзяружцы.
Читать дальше