Напаўняючыся трывогаю, узяў яе на рукі. Уразіўся: твар яе, яшчэ нядаўна чырвоны ад натугі, белы-белы, вочы заплюшчаныя, а цела яе бязвольнае i цяжкае.
— Янінка… — са страхам паклікаў, прытуліў, не разумеючы, адкуль i чаго накінулася на яе нейкае ліха.
— Пакладзі… На траву, — ледзь чутна прашаптала яна i застагнала, нават заенчыла, сціскаючы зубамі вусны.
Выйшаў з пяску i паклаў яе на ўзбочыне — на дзірване. Каля самага поля, дзе сярод лебяды, пырніку сям-там кусцілася бульба — здаецца, на загоне Навіцкіх. Яніна адвярнулася, надгарнула пад сябе ногі, зрываючыся на плач, зусім не зважаючы на яго нытанні.
— Янінка! — Ён стаў на калені, гладзіў яе па галаве, руках, прасіў сказаць, дзе i што ёй баліць, сам ледзь не плакаў, праклінаючы той момант, калі згаджаўся, каб яна памагала яму ўскочваць ці падымаць на калёсы бярвенне, папіхала. Усё ж яна — кабета, не такая ў яе сіла, каб рабіць нароўні з мужчынам. Тады, пры рабоце, быў рад за кожную яе i маленькую помач, а цяпер во хоць укусі сябе за локаць за сваю неабачлівасць.
Няхай бы што з ім здарылася кепскае, а не з ёю.
— Баліць… — закричала яна. — Ой, як баліць…
— Мілая мая, харошая, — прасіў ён. — Ну скажы, дзе i што табе баліць.
— Жывот… — нарэшце прызналася яна. — Рэжа… Як агнём гарыць…
Як пачуў, дык стала лягчэй. Можа, сапраўды перасілілася, крышку адпачне — i зноў стане на ногі. Іначай i быць не можа. Бо што ж ён тут, на хутары, ёй парадзіць, як выратуе ад болю. I, на шчасце, Яніне, здаецца, начало лягчэць. Яна заціхла, прыўзнялася нават, абцягнула на калені лёгкую, некалі бела-жоўтую, а цяпер выцвілую сукенку. Калі Васіль, азірнуўшыся, убачыў ды сказаў, што з лесу выйшла i ідзе па дарозе Чапроўская, дык Яніна нібы зусім ачуняла, ажывілася, досыць рэзка паднялася, хоць i хіснуўшыся, абаперлася на бярвенне.
— Нічога маме не кажы… — папрасіла-загадала. — Няхай думае, што мы адпачывалі… I пра каня не гавары праўды. Запытае сама — адкажам, што ўцёк…
Неўзабаве Чапроўская, несучы карзіну, дачыльгікала сюды. Кульгала, абапіраючыся на кавеньку, але ішла досыць хутка.
— Якая ты белая… — не павітаўшыся, занепакоілася яна, не зводзячы позірку з Яніны. — Блажыць?
— Відаць, перагрэлася на сонцы, дык вот крыху i пабялела, — паспрабавала ўсміхнуцца Яніна, але ўсмешка яе была не зусім вясёлая i гарэзная, як звычайна бывав пры добрым настроі.
— Ці не на сабе цягнеце вы сырняк? — здзівілася Чапроўская. — А дзе ж ваш конь? Ды во i вупражы нідзе ніякай не бачу… — i з падазронасцю зірнула на ix абаіх.
— Уцёк ад нас Рыжы, — стараючыся не пазіраць матцы ў вочы, сказала Яніна. — Ведама, чуж-чужаніца, як толькі сарваўся з прывязі, дык i марсянуў дадому. Ці нават i ў свет белы.
— Дык самі цягаеце такі ценжар? — пахітала галавою Чапроўская, а пасля i папікнула: — Ці не падурэлі вы?! Цягнучы за каня, i падарвацца можна. Ты ж, — зірнула на Яніну, — дзяўчына, а ты, — перавяла позірк на яго, — яшчз ж нядаўна на жаўтуху хварэў, печань у цябе слабая… Падарвяцё змоладу, так перасільваючыся, здароўе — белы свет мілы не будзе… Скідай, хлопец мой, бервяно во гэтае, самае тоўстае, потым яго забярэш…
Васіль паслухаў, залез на бярвёны, стаў адною нагою на пярэднюю ручку, другою — на сярэдняе бервяно, ухапіўся рукамі за камель крайняга бервяна i папхнуў яго між ног назад, пакуль не скінуў з перадка. Пасля, злезшы, зайшоў за задок калёс, яшчэ, вышэй задняй ручкі, надняў узняты канец бервяна i скінуў яго долу, нагою адкаціў на ўзбочыну. Пакуль ён рабіў гэта, Чапроўская ўсё ўшчувала ix абаіх. У яе словах была праўда, але, канечне, няможна было цяпер, у такіх умовах, жыць па гэтай праўдзе. Хочаш ці не хочаш, але мусова трэба было якраз не спаць у шапку i не асцерагацца. Праўда, кабеты пасля злёгку падпіхнулі, i ён калёсы з двума бярвёнамі пацягнуў без вялікай натугі. Чапроўская ішла ззаду i ўсё ці то дакарала Яніну, ці пра нешта ў яе строга дапытвалася. Колькі разоў азірнуўшыся, Васіль бачыў, што Яніна нібы без ахвоты адказвае i ідзе, апусціўшы галаву.
На хутары Васіль з рэўнасцю чакаў, што скажа старая Чапроўская пра зямлянку — пра іхнюю сумесную работу ды пра іхняе першае ў іхнім жыцці сумеснае жытло. Але тая нічога не сказала, толькі з ахвотаю схавалася ад спякоты ў зямлянку, дастала з карзіны i выклала на стол звязаную хустку з яйкамі, абвязаны збанок (мусіць, з малаком), слоік смятаны, а таксама i боханчык вайсковага чорнага хлеба.
— Сядзьце, з’есце трохі,— лагодна ўжо прамовіла Чапроўская.
— Дзякую, мама, — сказала Яніна, — няхай Васіль перакусіць, а я прылягу, — i легла на палок.
Читать дальше