— Чорт пабяры, няёмка атрымалася з гэтым земляком, — сказаў Зыбін, сочачы за дымком паравоза, што забялеў удалечы між пабудоў.
— Ты, Вася, рэзкі на язык, — павучальна прамовіла жонка.
— Рэзкі ці нярэзкі, — хто-ж яго ведаў, што ён магілёўскі, адсюль…
Павярнуўшыся к сыну, Зыбін стаў паказваць яму абрысы будынкаў i называць ix…
— А гэта што там, тат?
— Дзе? А… Гэта на прывакзальнай плошчы. Гэта, якбы сказаць, гарадскія вароты. Уезд у горад. Калі хто прыедзе ў горад па чыгунцы, ён перш за ўсё праходзіць праз гэтыя вароты…
— Калі гэта тыя, што на плошчы каля вакзала, то я ix бачыў. Калі мы з мамай ездзілі… Тат, а чаму яны такія вялікія?
— Хто? Вежы?
— Вароты гэтыя! Цэлых адзінаццаць паверхаў. Большыя за дамы!..
Зыбін не адказаў нічога. Прабегшы позіркам па гораду, ён прамовіў ні то са здзіўленнем, ні то з роздумам:
— А ты ведаеш, жоначка, прывык я да яго.
— Да каго? — не зразумела жонка.
— Да каго… Да яго, да горада. Усё-ткі падабаецца ён мне, Мінск. Жвавы, шумлівы, заклапочаны. Горад заводаў. Ну, а наш завод — i не кажы. Да-а, столькі гадоў аддаць яму, столькі крыві!..
— Мне таксама падабаецца тут.
— Табе то я ведаю, — спадылба, крытычна зірнуў на жонку Васіль Цімафеевіч.
— Зручна, — як-бы стала апраўдвацца яна. — Горад блізка — i ў тэатр можна, i на канцэрт, i ў магазін любы. — Яна была чалавекам практычных інтарэсаў.
— Чорт пабяры, яшчэ — чаго добрага — я буду сумаваць па гэтых сасонках.
— А што-ж, хіба не хораша ў нас?.. Памаўчаўшы, яна прамовіла: — Вася, а чалавек гэты, што ты казаў, зямляк твой, сам з Магілёва, a застаўся там i нішто — жыве сабе…
— Ну i што-ж, хай сабе жыве, дзе хоча, — не адразу зразумеў жончын намёк Зыбін. — А-а… Прыклад узяць? Ну i хітрыя вы, жанчыны, усё ў свой бок павернеце.
Зыбін гаварыў добрадушна, i яна, прыгарнуўшыся да яго, лашчачы яго руку сваёй поўнай, мяккай i белай, соладка, з надзеяй, ціха-ціха прашаптала — А можа…. не паедзем, а, Вася? Нашто нам ехаць?
Ён маўчаў. Слухаў лагодны, супакойлівы шум зялёных вершалін сосен, што плаўна хісталіся над ім. Васіль Цімафеевіч любіў слухаць шум.
— Столькі гадоў пражылі тут. Партызанілі… Хіба табе не шкада лясоў, дзе мы хадзілі? Не шкада?.. Эх ты, чэрствы чалавек, Вася, — крыўдуй не крыўдуй — праўду кажу… — Ён маўчаў, задуменны, строгі, i яна адчувала, што словы яе разварушваюць яго душу. Пасмялела — Кватэра такая!..
— «Кватэра». Што — кватэра?.. — ён адняў яе руку, як-бы ў знак таго, што незадаволен яе словамі.
Дамоў ён ішоў маўклівы, паглыблены ў нейкія свае думкі.
Праз некалькі дзён ён атрымаў чарговы водпуск. Зыбін даўно чакаў гэтага, але цяпер, калі трэба было збірацца ў дарогу, тупаючы ў апошні раз па сваім пакоі на другім паверсе, пакоі са сталом для вытворчых нарад i з смешнымі медзведзянятамі, спускаючыся па металічнай, як на караблі, лесвіцы, праходзячы між такіх знаёмых станкоў, ён стаў адчуваць, што ў ім ные смутак.
Ён зайшоў у кладоўку пад сваім пакоем, пастаяў, паглядаючы на палічкі, дзе ляжалі капіры, разцы розных форм, патупаў у суседнім памяшканні, дзе ў металічных адсеках былі гатовыя дэталі i поўфабрыкаты.
— Як у нас справы з дваццаць пятым штуцэрам? — запытаўся ён у дзяўчыны-кладаўшчыцы.
Ён тут-жа падумаў, што пытацца пра гэта не трэба, што тое, колькі яшчэ ёсць у кладовай штуцэра дваццаць пятага, яго ўжо не датычыць. Не павінна датычыць. Гэтыя дэталі скарыстае ўжо яго заступнік, які пра ix i будзе клапаціцца. Зыбін адчуваў, што гэты цэх, i гэтыя загатоўкі, i ўсё, усё гэта ўжо яго i не яго, ён ужо нібы чужы тут. Ён стараўся не звяртаць увагу на дзіўны свой настрой. Выйшаўшы з пакоя, ён убачыў тэхнолага, спыніў яе.
— Елена Сяргееўна, вы не крыўдуйце на мяне.
— За што, Васіль Цімафеевіч?
— Ну, за ўсё. Працавалі разам, усякае было. Можа, i пакрыўдзіў не раз.
— Ну, што вы!
— Прабачце, я чалавек грубы, можа — чэрствы, мог не так сказаць. Дык вы не помніце зла.
— Дзіўныя рэчы вы кажаце сёння.
— Вось я i еду!.. — паведаміў ён, тут-жа адчуўшы, што гаворыць лішняе.
— Шчаслівай вам дарогі!..
У такім настроі яго выклікалі да дырэктара. Распытаўшыся пра справы, пра тое, што, на яго думку, трэба зрабіць у цэху ў наступныя дні, дырэктар выняў са стала даўнюю яго заяву пра тое, што ён просіць адпусціць на радзіму.
— Ну, вось скажы, што з ёю рабіць? I так заляжалася — трэба, як кажуць канцылярысты, даваць ёй ход… Першае слова — тваё, як, можна сказаць, віноўніка. Ты не перадумаў?
Зыбін памаўчаў, нібы ў роздуме, але адказаў цвёрда:
Читать дальше