Ен i сам не разумеў, як гэта сталася, але ён i праўда нібы прырос да гэтага неспакойнага цэха. Прырос, як ніколі раней.
На партыйнай канферэнцыі, якая была ў тэатры, ён спаткаў яшчэ больш патаўсцелага Собаля.
— Прывітанне i пашана рабочаму класу! — весела сказаў Собаль. — Ну, рапартуй. Як справы?
— Тысячу машын ужо далі! — пахваліўся Зыбін. — Кадры рыхтуем…
— Усё рыхтуеш? Усё абяцаеш?.. Калі-ж падрыхтуеш? Не спяшайся. Гэта табе — тэхніка. Але добрая палова, — клянуся, не маню, — працуюць ужо як майстры. Ручаюся, любому кадравіку не ўступяць.
— Значыцца, не горш, як у Тагіле тваім, умеюць рабіць? — падлавіў яго таварыш.
— Ну, да тагільцаў, можа, далека, але ўмеюць рабіць! — пацвердзіў больш стрымана Васіль Цімафеевіч.
Ён запрасіў на новаселле: за тыдзень перад тым Зыбін прывёз да сябе з «раёна» сям’ю i перабраўся з барака ў дом.
Собаль прынёс падарункі—Жэні аддаў настольны гадзіннік з прыгожай шкляной падстаўкай рубінавага колеру, а сыну ўрачыста ўручыў маленькае ружжо. Сын завішчэў ад радасці, схапіўшы падарунак, i тут-жа «стрэліў» у акно.
— Ты што гэта, разбойнік! Акно разаб’еш!
Собаль, смешна прыгразіўшы малому, разам з жонкай Зыбіна, якая за апошні час неяк раздалася ў шырыню i стала лянівай у рухах, пайшоў па пакоях: Жэня называла гасціную, спальню, кабінет, i Собаль добра бачыў, што яна ганарыцца плёнам рук сваіх. Усе пакоі былі старанна i любоўна прыбраны. У жоўтай гасцінай на падлозе каля акна стаяў высокі фікус у вялікай драўлянай кадцы, i жонка Зыбіна сказала, што купіла яго на рынку i аддала дзвесце пяцьдзесят рублёў.
— Не пераплаціла я?
— Думаю, што не. Такі цяжка знайсці…
У гасцінай, i ў спальні, i ў кабінеце было многа падушачак на канапах i вышывак. Собаль запытаўся, ці сама яна вышывае, i, пачуўшы, што сама, пахваліў:
— Малайчына. Толькі-ж вазні з імі многа — у мяне-б, каб загадалі, цярплівасці на гэта не хапіла-б…
Ён палюбаваўся соснамі, што высіліся адразу за акном.
— Чорт вазьмі — як здорава тут у вас! Проста — Сочы. Курорт.
— Добрае месца… Лес.
— Ну, вось, нарэшце, ты, відаць, знайшоў сваё месца, — сказаў нечакана Собаль, агледзеўшы кабінет i апускаючыся важкім тоўстым целам на мяккую канапу, пружыны якой жаласна заскрыпелі.
— Знайшоў…
— Значыцца, усё? Асеў?
— Не… Падрыхтую змену i — да сваіх.
— З людзьмі, мусіць, не сышоўся душа ў душу, а?
— Ды не. Людзі мне падабаюцца.
— Дык чаго-ж ты ірвешся? Радзіма?! Цягне?
— Яна, брат. Усё-ткі, што ні кажы, роднае месца! Вабіць!.. Маці, брат, спакою не дае — бамбардзіруе лістамі: калі прыедзеш, калі пашкадуеш ды падтрымаеш старую? Пяцера сыноў было — двое на вайне загінулі… Іншыя раз’ехаліся, хто куды, адзін нават на Курылах, рыбачыць трэці год… Толькі сястрычкі дзве засталіся — адна, Верка, замужам, а другая, меншая, у дзесяцігодцы вучыцца, вось-вось паляціць з матчынага гнязда. На аднаго мяне ў старой надзея. Ну, як я павінен думаць пра ўсё гэта? Сын я ці не сын?
— Сын… Паехаў-бы ды забраў яе сюды, як добры сын.
— Забраў-бы — легка сказаць. Усё жыццё пражыла там, куды ёй у такія гады перабірацца! Сумаваць будзе тут… Старую таполю, брат, не проста перасадзіць.
— Нічога, прывыкне. Сын пры ёй ды яшчэ — унук, што больш трэба тваёй таполі?
— Ёсць там у яго яшчэ адна таполя — маладая! — прамовіла Жэня. Яна гаварыла з усмешачкай, нібы жартавала, але ў гэтым жарце, заўважыў Собаль, адчувалася не вельмі прытоеная трывога. — Надзечка ёсць такая! Любоў!
— Ну от, успомніла! От, брат, народ — жанчыны, — век будзе раўнаваць, упікаць, калі даведаецца, што яшчэ хтосьці, акрамя яе, падабаўся.
— Нічога я не ўпікаю! — запярэчыла знарок весела Жэня. — Толькі ў мяне i клопату!
Ёй, мусіць, не хацелася, каб госць убачыў, што ў яе, няхай недзе глыбока, ёсць трывожныя i раўнівыя думкі, што ў ix, у Зыбіных, дзе нібы так светла i чыста, не ўсё добра.
Яна схамянулася, хутка выйшла ў кухню гаспадарыць, a неўзабаве на знак жонкі выйшаў да яе i Зыбін. Жэня пра нешта стала шаптаць яму.
Разлёгшыся на канапе, Собаль раптам стаў лічыць, колькі ўжо часу Зыбін жыве на Беларусі. Шэсць год, як ён ажаніўся з Жэняй, ix хлопчыку ішоў пяты год.
— Вось ты кажаш — радзіма, роднае месца, — загаварыў Собаль, як толькі Зыбін вярнуўся. — А што такое яно, гэтае роднае месца? Для цябе ясна — Тагіл. А для мяне — мае Гунькі, дзе я нарадзіўся? А што-ж тады, скажы, Мінск, дзе я вучыўся? Або Ленінград, дзе я ва флоце служыў? Чужына?.. I слова якое, скажы, — халоднае, дзікае…
Читать дальше