— Ну, грэбля не вінавата, што яе не паправілі.
— «Грэбля»!..
Сядзець моўчкі цяпер ён не мог. Ён наогул любіў спрачацца, горача атакуючы праціўніка i ўпарта абараняючыся.
— Я чалавек рабочы. Ты разумееш, што значыцца быць рабочым? У мяне душа тужыць па гулу станкоў. Я, як не ведаю што, хацеў-бы паслухаць хоць, як шыпяць фрэзы!.. Гэта мой клімат!.. А тут. Што тут у вас? Запалкі, скура, дошкі… Эх, ды што я кажу!.. Хіба ты можаш хоць-бы ўявіць сапраўдны завод?
— Ну, што-што, a ўявіць магу, дарэмна ты так не верыш у мае здольнасці. Але справа не ў гэтым. Будуць i ў нас сапраўдныя, як ты кажаш.
— Будуць?
Ён ведаў пра тое, што ў Мінску пачалася будоўля вялікіх аўтамабільнага i трактарнага заводаў. Але, запалены спрэчкай, не хочучы паступіцца, са звычайнай сваёй упартасцю дадаў:
— Будуць, вядома. Але — тое яшчэ будзе!
Праз некаторы час яго накіравалі ў Мінск, на аўтамабільны завод, ён сам папрасіўся, напісаўшы з такой просьбай пісьмо ў ЦК партыі, i яму дазволілі: на заводзе была вялікая патрэба ў спецыялістах.
Ён прыехаў хмурным лістападаўскім днём. Сеяў нудны дождж, той дождж, які можа ліць безупынку i дзень, i два, i месяц.
Адразу за будынкам вакзала ён трапіў на гразкую плошчу. Яна была ўся раз’езджаная коламі аўтамашын, i ў каляінах i ямах было поўна бруднай вады. Абапал плошчы моклі на дажджы пахіленыя, учарнелыя слупы з правадамі. У розных месцах стаяла некалькі легкавых i грузавікоў, i Зыбін адразу накіраваўся да ix. Ён запытаўся ў шафёраў, ці не едзе хто ў бок завода, але туды не было, — і, падняўшы каўнер, трымаючы ў руцэ чамаданчык, падаўся на Магілёўскае шасэ пешшу.
Зыбін думаў, што завод пачынаецца адразу за горадам. Аднак ён мінуў i апошнія, вясковага складу, будынкі ўскраіны i выйшаў у поле, a ніякага завода не было відаць. Ён занепакоіўся, ці не памыліўся, але хлапчук, які яму трапіўся, сказаў, што завод яшчэ далей.
Падняўшыся па мокрым асфальце на ўзгорак, Зыбін, нарэшце, убачыў у сасняку наперадзе цьмяныя абрысы доўгіх камяніц…
Праз поўгадзіны ён ужо ўладжваўся ў драўляным бараку, над якім дробна стукацеў па даху няўціхны дождж.
Усяго ў пакоі стаяла ў рад пяць ложкаў, i жыло, пра гэта Зыбін ужо ведаў, чатыры чалавекі, але гаспадары трох у той час акурат працавалі. Дома быў толькі адзін плячысты, губаты хлопец, які ляжаў на ложку ў пінжаку i ў ботах.
Хоць хлопец яўна не меў ахвоты размаўляць, Зыбін, падсунуўшы чамаданчык пад ложак, аглядаючыся, пачаў распытваць, хто жыве тут i як жывецца.
— Жытка — так. Не надта…
— Чаму гэта?
— Харчы слабыя.
— Што — не хапае?
— Толькі паабедаеш, a ўжо есці хочацца.
— А ты-б па два браў…
— Хаджу на рынак… Ды капеек нягуста…
Пачуўшы гэта, Васіль Цімафеевіч уважліва агледзеў хлопца i перастаў распытваць. Той яму не спадабаўся: «такі здаравенны, а смаркач».
Зыбін быў звычайна катэгарычны i рэзкі ў сваіх ацэнках.
— Ну, ды i не заўсёды дастаішся, — памаўчаўшы, загаварыў хлопец. — Бывае, што i так пойдзеш.
Зыбін, які прысеў на табурэтцы каля акна, запытаўся стомлена:
— Не ўпраўляюцца паабедаць? — А то што-ж.
— I многія?
— Многія.
«Пажывем-пабачым», — падумаў Зыбін, сочачы, як дзяўчына, што прыйшла з бялізнай, засцілае яго ложах…
Што праўда, то праўда — многае было неўладавана. Ужо ў той вечар Зыбін убачыў, як у сталовай у перапынак таўкліся доўгія чэргі, як частка людзей вярнулася так i не ўправіўшыся паесці.
У цэху ад сцюжы дрантвелі рукі i стылі ногі. Праз дах, у якім многа было выбітых шыб, дабіраўся дождж. Ды i наогул завод, аказалася, быў мала падобны на аўтазавод: у цэхах рабілі толькі асобныя дэталі, якія пакавалі ў скрынкі, грузілі ў полі за заводам на платформы i адпраўлялі, як запасныя часткі.
I ўсё-ткі гэта быў завод, гэта было тое, да чаго ірвалася, па чым тужыла яго душа. Ідучы на працу ў натоўпах, што густа i хутка цяклі да ўваходу на завод, слухаючы гудок, што ракатаў, разыходзіўся над пасёлкам, над сасняком, над палямі, Зыбін чуў, як у сярэдзіне яго спявае…
Калі ён увечары, вярнуўшыся з прады, пачуў, як здаравенны хлопец, першы яго знаёмы, сказаў, што збіраецца ўцячы, — Зыбіна гэта ўкалола. Ён адчуў сябе як-бы пакрыўджаным. Пакрыўджаным за завод, які ён яшчэ амаль не ведаў…
— Я думаю, завод нічога не страціць, — сказаў ён рэзка губатаму.
Хлопца гэтая рэзкасць уразіла.
— А я не чакаю, каб па мне плакалі.
— Слёз не будзе!.. — запэўніў Зыбін. — Адным трусам будзе менш.
— А ты… — губатага яго словы, відаць, узялі за жывое. — Пабачым, што ты сам запяеш, пабыўшы.
Читать дальше