Пры гэтым яна трашчыць-барабаніць так, быццам зараз-жа кінецца ў атаку.
— Вельмі-б ты пражыла са сваім тэхнікам на адной любові i песнях, пустуха! — сярдзіта гаворыць ёй Арцём Іванавіч.
Відаць, усе, хто ведае гэты дом, яго жыхароў, яго гісторыю, заўважылі, што змяніліся за гэтыя гады не толькi людзі, але i дом. Бадай, больш правільна сказаць, не сам дом, a адносіны да яго, тое ўражанне, якое ён робіць. Бо сам дом застаўся такім, якім быў i раней, калі не лічыць таго, што крыху пацямнелі ад пылу i ветру яго сцены ды ў адным рагу каля карніза адваліўся кавалак тынку.
Неспадзявана сярод прыгажуноў, што выраслі i растуць усцяж праспекта, дом стаў выглядаць вельмі сціплым i не здаецца ўжо чым-небудзь выдатным. Рэдка-рэдка хто з тысяч людзей, што праходзяць i праязджаюць паўз яго, праводзіць па ім зацікаўленым позіркам.
Не вабіць ён цяпер, трэба прызнацца, архітэктурнай формай.
— Гм-м, нельга сказаць, каб ён надаваў хараство праспекту, — прамовіў аднойчы гаспадар горада, праязджаючы паўз яго.
Ёсць факты, што незадаволен ім i галоўны архітэктар, якому гэты дом, быццам-бы, парушае гармонію ансамбля, не дае з суседнімі будынкамі адзінства.
Відаць, па гэтых прычынах дом нядаўна пачаў змяняць аблічча. Вось ужо другі месяц палавіна яго апранута да самага верху ў густое плеціва рыштаванняў. Зноў, як калісьці, — ужо ў трэці раз — завіхаюцца пры ім будаўнікі — тынкоўшчыкі, маляры.
Апрануўшыся ў рыштаванні, ён стаў падобным да многіх сваіх маладых таварышаў, якія толькі што ўздымаюцца на праспекце.
Над ім плывуць высокія воблакі i нізкія цёмныя хмары, мыюць яго вясёлыя i невясёлыя дажджы, страляюць быстрымі стрэламі-маланкамі i грукочуць грамамі навальніцы.
Каля яго за стройным радам ліп бягуць з працавітым сіпеннем тралейбусы з сіняй палоскай, праносяцца, лёгка шархочучы, легкавыя аўтамашыны, вірліва пярэсцяць ад людскіх постацей тратуары…
Яшчэ месяц, другі, — i яго, кажуць, цяжка будзе пазнаць: ён стане такім-жа, як новыя дамы, цудоўным маладым, гэты стары ветэран.
1954 г.
Зыбін быў родам з Ніжняга Тагіла. У Беларусь ён трапіў прызыўніком, — гэта было гады за паўтара да пачатку вайны. Прыехаў ён у чырвоным пульманаўскім вагоне, стрыжаны пад «нулёўку», доўганосы, з худой шыяй, абвеяны вятрамі шмат якіх асенніх палёў.
На Брэсцкім вакзале Зыбіна i яго таварышаў пастроілі павялі ў казарму. Там началася новая, тады яшчэ незнаемая яму служба.
Як i яго таварышы, Зыбін думаў адслужыць прызначаныя па закону гады i вярнуцца дамоў. Калi недалёкай стала другая восень яго службы, Зыбін пачаў часцей, чым раней, думаць пра родны дом. Але ў адну чэрвеньскую раніцу ўсё неспадзеўкі перайначылася — адышоў i дом, i даўнейшыя мары, якія здаліся цяпер далёкімі i яшчэ больш дарагімі. Ён пачаў вайну ў тую памятную першую раніцу, блізка ад Брэста, у зялёным ляску, дзе ix артполк быў у лагерах.
Праз два тыдні, за якія ён набачыўся столькі смерці i пакут, колькі не бачыў за ўсё сваё жыццё, — ужо каля Мінска — яго параніла асколкам нямецкага снарада. Батарэя, у якой служыў Зыбін i ў якой засталася толькі адна гармата, адбівала атаку нямецкіх танкаў. У той дзень над яго акопам, паўз разбітую гармату, прапаўзлі, прагрукаталі важкія машыны з крыжамі на шызай брані, але ён не бачыў i не чуў гэтага, — ён апрытомнеў значна пазней, калі пачаў церушыць дождж.
Збіраючы ўсю сілу, якая яшчэ заставалася ў аслабелых, нязвыкла непаслухмяных руках, асцярожна цягнучы пякучую акрываўленую нагу, ён дапоўз да ратоўнага ляснога гушчару, дзе два дні перабіваў голад суніцамі i чарніцамі.
Тут, на трэці дзень, на яго натрапіла дзяўчына з бліжняй вёскі, Жэня Крушынская, i поўжывога прынесла цёплай бяззорнай ноччу дахаты.
Зімой, ужо на прадвесні, калі ўночы хрупасцеў пад нагамі зашэрхлы снег, Жэня правяла яго ў партызанскі атрад.
Зыбін, або, як звычайна звалі яго тады, — Васіль з Тагіла, лясным сябрам палюбіўся. Ён быў, праўда, рэзкаваты, насмешлівы, але затое таварыскі i вельмі цярплівы, i людзі адносіліся да яго прыхільна. Акрамя таго, ён меў адну добрую здольнасць: умеў расказваць. У доўгія зімовыя ночы — у натопленай зямлянцы, на халодным прывале — або на жнівеньскіх палянах пасля паходаў вакол яго заўсёды збіраўся гурток, чуўся рогат, воклічы здзіўлення.
Ён ведаў безліч розных гісторый — вясёлых, трагічных, сумных, пацешных. Людзі хутка заўважылі, што ў гэтых яго гісторыях было адно агульнае — найбольш ix ён гаварыў пра Урал, пра Тагіл, асабліва пра заводы, пра былых таварышаў па цэху. Гэта была самая блізкая тэма: у роце, дзе ён служыў, не было такога чалавека, які-б не ведаў, што Зыбін быў да арміі майстрам на адным вялікім тагільскім заводзе.
Читать дальше