Як заварожаны, Саша падаўся ўслед за ёй, папракаючы сябе за нясмеласць. Толькі амаль каля дома хлопец падышоў да дзяўчыны i выціснуў:
— Нам, здаецца, разам ісці?..
— Вы хіба з нашага дома?..
— З гэтага.
— Тады — разам!..
Саша памаўчаў, а потым наважыўся запытацца, адкуль яна ідзе.
— Гімнастыкай займалася…
Легка здагадацца, што ў наступны вечар Саша зноў «выпадкова» спаткаў яе i зноў правёў дадому. У трэці вечар ён так пасмялеў, што ўжо даведаўся яе імя, — яе звалі Люба. Саша адчуў, што лепш за гэтае імя няма на свеце!
Нарэшце, Саша запрасіў яе ў кіно, i яна згадзілася, не адмовіла. Саша быў бязмежна шчаслівы: i ці дзіўна — хіба ёсць большае шчасце за тое, калі самы любы чалавек ківае галавой у знак згоды!
Яны потым многа разоў хадзілі ў кіно, i многа вечароў стаялі ў неасветленым кутку лесвіцы. I ўсё была між ix згода, аж пакуль Саша не наважыўся пайсці на вельмі сур’ёзны ўчынак — пацалаваў яе! Дзяўчына гнеўна ўскінула галаву з чырвоным берэтам i сказала, што калі гэта яшчэ раз паўторыцца, то яна ніколі нікуды з ім не пойдзе, што яна не думала, што Сашка такі! На гэта Саша адказаў пакрыўджана, што ён не такі.
— A калі я так… Ну, адным словам… пацалаваў, то я таму, што люблю цябе.
— Любіш? — не паверыла дзяўчына.
— Яшчэ як люблю!.. Як Ізольду!..
Дзяўчына засмяялася i нечакана пацалавала хмурнага i пакрыўджанага Сашку сама!..
Але над шчасцем Сашкі хутка навісла хмара. Заняты будоўлямі Арцём Іванавіч не хутка дазнаўся, чаму сын стаў позна прыходзіць дамоў, a калі дазнаўся, то пачырванеў сярдзіта. Яго сын, аказваецца, упадабаў дачку «цыркача!» З тых дзён, калі «цыркач» захапіў цэлых чатыры пакоі, калі ён так нахабна дабіваўся — або чатыры пакоі, або — бывайце здаровы! Арцём Іванавіч вельмі знелюбіў гэтага чалавека. Ён не любіў не толькі старога «цыркача», a i ўсіх, хто да яго меў блізкія адносіны.
— Вось ты дзе, сынок, прападаеш! I з кім. З цыркачкай!
— Яна не цыркачка! — запярэчыў сын чырванеючы. — Яна — студэнтка. У фізкультурным тэхнікуме вучыцца!..
— Ну, вось-вось, — адразу ўчапіўся бацька. — Угадаў — цыркачка!
— Яна не цыркачка!
— Праўду гаворыцца — яблыка ад яблыні недалёка падае, — не слухаў, наступаў Арцём Іванавіч. — Быць таго не можа, каб у такога бацькі было паважнае дзіця. Гэта ўжо я ведаю! Ведаю!..
— Нічога вы не ведаеце!
— Ты-б лепш памаўчаў, цыркун! Рана яшчэ вучыць бацьку! — Бач ты, ён ужо вучыць — не ведаеш! Многа ты ведаеш!
— Што трэба, разумею!.. I наогул — гэта мая справа… Мне яна… ну, падабаецца… I ўсё!
— Усё? Не, не ўсё. Яго справа, бач ты! А я дзе павінен вочы пазычаць, калі запытаюцца, каго сын выбраў?! Яго справа! Гонар ужо!
Сын больш нічога не гаварыў, толькі холадна паглядваў на бацьку, i Арцём Іванавіч крыху прыціх.
— Узрадаваў, сынок, дзякуй, узрадаваў.
Голас бацькі задрыжэў ад крыўды. Столькі дзяўчат, разумных, сталых, а ён на табе — выбраў! Лёгкадумную цыркачку, вецер!
Зайшоўшы ў такім настроі да Загорскага, пацягваючы з гаспадаром жыгулёўскае піва, Арцём Іванавіч, якому страшэнна хацелася скардзіцца, сумна здзіўляўся, наракаў:
— Чым яна яго прывабіла, вярціхвостка?!
Добры Загорскі супакойваў:
— Нічога, Іванавіч. Не перажывай марна. Праўда-ж, не перажывай! Гэта часова. Дай, я далью піўца!.. Яшчэ сто раз пераменіцца!.. Піва якое — дубам пахне!.. Маладыя — ветраныя… Пабачыш, пройдзе час.
Многа чаго змянілася ў горадзе за такі невялікі час. Гэтыя гады былі гадамі незвычайных, вельмі хуткіх змен.
Крывая i вузкая вуліца, на якой яшчэ нядаўна былі адны абломкі сцен, стала шырокім цудоўным праспектам. Абапал яго выраслі стройныя, прыгожыя дамы, смелыя ансамблі палацаў; усцяж прасторных тратуараў зазелянелі роўныя рады купчатых ліп.
Многія з былых жыхароў — загадчыкі, памочнікі, заслужаныя артысты — пераехалі ў іншыя дамы, у лепшыя кватэры, i персанальных машын ужо менш пад’язджае ўранку да пад’ездаў дома. Затое кожнаму, хто ведаў, як жылі тут некалькі гадоў назад, адразу кінецца ў вочы, што цяпер нямала развялося машын прыватных.
У свой час будаўнікі не падумалі пра гаражы, — ды i хто мог ведаць, што за якія-небудзь чатыры-пяць год так развядзецца прыватны транспарт у жыхароў дома.
За гэты свой i свайго начальства промах Арцём Іванавіч сам разлічваецца. Вельмі легка заўважыць, што даводзіцца ім, машынам прыватным, — у тым ліку i «Масквічу» Арцёма Іванавіча — нялёгка: прыгожыя, пабліскваючыя цудоўным лакам i зіхатлівым нікелем, яны трапілі тут у нязграбныя, цесныя хлявы.
Читать дальше