— Ну, што-ж, хіба я адзін такі?
Ніхто лейтэнанту на гэтую выказаную філасофскім тонам сентэнцыю не адказаў. Васіліна Карпаўна з-пад далоні невялікімі, глыбока запалымі вачыма глядзела ўніз на ваду, пакрытую лёгкім рабаціннем, якое ціха падбягала да берага.
* * *
Мы нейкі час маўчалі. Цішыня, рачная пространь, пустата чакання — усё гэта наводзіла на роздум, а скупыя шчырыя словы трывогі нашай знаёмай пра свайго сына стваралі настрой інтымнай блізкасці між нас, асаблівай чуласці. Я адчуваў, што Васіліну Карпаўну хвалююць нейкія свае думкі, чакаў, што яна хутка даверыць нам ix, падзеліцца з намі… I праўда, яна неўзабаве загаварыла.
— Шкада, вядома, калі ў маладыя гады чалавек жыве цяжка… А я i зусім не ведала, што такое маладосць. Нібы адабралі ў мяне маладосць…
Лейтэнант, паправіўшы накінуты на плечы шынель, на пале якога ён сядзеў, зацікаўлена зірнуў на яе:
— Як гэта адабралі?
— А так, адабралі… Бо чым мне яе ўспомніць? Прайшла — i добрага знаку не пакінула. Вось так, як цень ад хмары ў полi ці на балоце — бачылі? — прабяжыць i прападзе за лесам, i нічога пасля сябе не пакіне…
— Ну, што-небудзь-жа засталося ў памяці?
— Засталося. Толькі больш такога, што i ўспамінаць не хочацца…
— A ўсё-ткі помніцца i добрае?
— Ну, вось, помню, як Кандрат — чалавек, значыцца, мой — прыязджаў сватаць. Мне тады i семнаццаці поўных не было… Помню, праўда. На вяселлі пасадзілі нас на дзяжу, — а тую дзяжу раней накрылі вывернутым кажухом…
— Каб былі, значыцца, багатыя i шчаслівыя?!
— Выдумалі, невядома для чаго. Усё — цемната людская!
Гаварыла яна ціха, расцягваючы словы i крыху аднастайна, нібы думала ўголас — у яе гаворцы адчувалася ўроўнаважанасць чалавека, які многа бачыў у жыцці. Хоць жанчына здавалася з першага позірку крыху абыякавай, усё-ж, прыслухаўшыся, легка было заўважыць, што яна ўвесь час стрымана хвалюецца — то непакоіцца, то спачувае; гэта ажыўляла яе сіняватыя, запалыя, але дзіўна ясныя, маладыя вочы, прыдавала ім нечаканае хараство i прывабнасць.
— Выйшла, значыцца, я замуж, стала гаспадыняй.
Гаспадыняй — гэта так, толькі к слову сказаць. Якая там гаспадарка?! Зямлі два моргі, хатка — трухля адна — проста дзівішся, як яна яшчэ стаіць… Біліся, як рыба аб лёд. Кандрат мой усю вясну аж да самай прыборкі хадзіў па людзях, ставіў хаты. Часам i плыты ганяў тут на Піне ды Прыпяці. Бывала, i вымакне, i папакалее — да костачак… Ад таго ўсё ламала ў яго ногі. Жартачкі…
Я пазіраў на раку, на сонечныя зайчыкі, што пераліваліся, зіхацелі справа, стараўся ўявіць цёмную дажджлівую ноч i плыты i не мог. «Чаму яна гаворыць пра мужа, нібы яго цяпер няма?» — праплыло ў мяне ў галаве, але я змаўчаў.
— Ды i вам, відаць, не лягчэй было? — прамовіў лейтэнант. — Як мужу, так i жонцы…
— Ну, мусіць-жа… Я таксама прырабляла. Ткала дзяругі… У нас i цяпер часам кажуць, што ў мяне — залатыя рукі. Гэта ад той пары… От не буду хваліцца, але як вытку лебедзяў ці ластавак — дык не інакш жывыя. Удалая на руку была! Бывала, суседзі прыходзілі падзівіцца: «Ото-ж коўдра, — хваляць, — як фабрычная!..» — Яна ўздыхнула: — Коўдры гэтыя, дарожкі прадавалі на хлеб…
— Невясёлая гісторыя… — зноў адгукнуўся лейтэнант. Ён слухаў нашу знаёмую вельмі чула, час-ад-часу ўстаўляў свае заўвагі, выказваў свой настрой, неспакойна папраўляючы на плячах шынель, пазіраючы на мяне, нібы шукаў падтрымкі. Ён быў з тых людзей, што любяць i ўмеюць слухаць.
— Дзень у дзень, дзень у дзень адно i тое-ж — хата, поле, кросны. Як заварожаная!.. A калі што i было прыкметнае, то толькі крыўда. Многа было яе. Многа! Усякі, каму хацелася, мог пакрыўдзіць!..
Век не забуду аднаго дня. Дваццаць з лішкам год мінула, a i цяпер, як прыпомніш, паверыце, кіпіць усё нутро. То-ж арыштавалі тады Пятра — брата майго. Нейкі нелюдзь выказаў, што Пятро, значыцца, — большэвік. Наскочыла паліцыя, зрабіла вобыск, лістоўкі там супроць папоў ці што знайшла, — i павялі ў пастарунак!
Я, як толькі даведалася, што ён у Нялюбічах у пастарунку, адразу — хлеба ў торбу ды хутчэй туды.
Прыбегла задыханая, — паліцыянты не пускаюць! Як я ні прасіла, ні маліла, — не пусцілі. Адзін яшчэ, — помню, выкшталцоны такі, хванабэрысты, з казырком да самых вачэй, — стаў падсмейвацца з мяне: «хлопка», бачыце, «быдла», «яму нічога не трэба — i так здэхне».
А я, скажу, хоць i цёмная была, i ў падранай кофце, але — гордая. Нікому я не даравала здзеку з сябе!
Лейтэнант з павагай i нават захапленнем паглядзеў на яе i задаволена прамовіў:
Читать дальше