Нараджаўся дзень. Ён прыносіў Баклану новыя клопаты. Трэба было ісці на двор — накіраваць на ссыпны пункт фурманкі з бульбай. Трэба было… Старшыня яшчэ не ўяўляў усяго, што менавіта трэба зрабіць яму за гэты дзень, бо не ведаў, што рабілі ў калгасе ўчора.
З-за далёкага поля выглянула сонца. На іржышчы ад першых праменняў заблішчэла раса, пераліваючыся вясёлкавымі колерамі. Баклан, стомлены i задумлівы, ішоў праз поле, падмінаючы ботамі вільготную пожню. У пераблытаных валасах яго тырчэлі саломінкі. Шынель на ім, як звычайна, быў у накідку.
На ўваходзе ў сяло, каля калгаснага двара, старшыня ўбачыў знаёмую, крыху сутулаватую постаць камандзіра, які разам з Гаўрыльчыкам ішоў у поле. Баклан занепакоіўся, мімаволі прыкрыў шынялём ордэны.
— Як гэта ты паспеў нас апярэдзіць? — здзівіўся Гаўрыльчык. — Даўно ўстаў?
— Устаў,— усміхнуўся сам сабе Баклан. — Ды не, нядаўна… можна сказаць, толькі што…
Яны прывіталіся.
Кавалевіч кіўнуў галавой у бок сяла.
— Ну, хлопцы ў вас! — у яго з партызанскага атрада засталася звычка называць усіх мужчын «хлопцамі».
Баклан зірнуў туды i за ніклымі голымі яблынямі, каля высокай бярозы, што схіліла задуменна на бок вершалінку, убачыў зруб Кацярынінай хаты. Наверсе стаялі ўжо ўсе кроквы i да паловы, да папярэчын, быў прыбіты радамі паплёт.
Калі яны разышліся, Васіль у другі раз кінуў позірк у бок зруба. Свежа ацёсаныя бярвенні, як бронзавыя, блішчэлі ў праменнях сонца…
«Як-жа гэта я? — заныла крыўдна ў сэрды. — Што я скажу ў апраўданне за сваю віну…»
1947 г.
Мы сядзелі ўтраіх на беразе ракі: невысокі, бялявы, па-юнацку стройны лейтэнант з чамаданам i рэчавым мяшком, пажылая калгасніца з плеценым кошыкам, накрытым зверху марляю, i я.
Лейтэнант меў ад сілы гадоў дваццаць чатыры, а нашай спадарожніцы можна было даць, здавалася, i ўсіх сорак пяць, калі не больш. На ёй была акуратна пашытая i выпрасаваная шавётавая жакетка, з-пад якой выглядвала чырвоная ў палоску кофтачка. На галаве жанчыны цвіла яркімі кветкамі святочна-новенькая хустка; над нешырокім смуглаватым ілбом віднеліся кранутыя сівізной цёмнарусыя валасы.
На пясчаным беразе ракі — навокал нас — было ціха. За намі ляжалі складзеныя ў штабель папяровыя мяшкі з суперфасфатам, вялікая скрынка, у шчылінах якой можна было бачыць металічныя часткі нейкай машыны; на скрынды чарнелі надпісы: «верх», «ніз», «не кантаваць». Каля мяшкоў i скрынкі сядзеў, спакойна пакурваючы, дзед у пацёртым да хромавага бляску кажушку, — відаць, вартаўнік. У тым баку метраў праз пяцьдзесят на ўзгорку жаўцеў будынак канторы прыстані, дзе памяшчалася каса, жыў начальнік прыстані i вартаўнік.
Быў ясны, халаднаваты дзень вясны. Паводка ўжо сышла, але Прыпяць разлівалася яшчэ значна шырэй, як летам. У лазняку, пры якім мы ўладзіліся на мурожнай лапінцы, спусціўшы ногі ў пясчаную ямку, віднеліся падсохлыя палосы зляжалага ілу i рознага намытага бруду, якія сведчылі, што нядаўна тут плёскалася рака. Другі бераг— нізкі, балацяны — у многіх мясцінах быў яшчэ схаваны вадою, якая блішчэла глыбокімі залівамі i цэлымі азёрамі.
Выгляд шырокай ракі, яснага i празрыстага вясновага прастору весяліў вочы.
Мы чакалі парахода, што затрымаўся недзе каля Пінска.
Жанчына, паправіўшы марлю на кашолцы, якую яна трымала на каленях, пацікавілася, адкуль лейтэнант родам i куды едзе. Лейтэнант адказаў, што едзе з Далёкага Усходу дамоў, у адпачынак.
— У мяне сынок таксама ў арміі, у Германіі. У Берліне служыць другі год, — паведаміла яна вайсковаму, памаўчаўшы хвіліну. — За шафера, на машыне, працуе. Піша, што жывецца яму там у арміі добра, — i кормяць добра, i адзяваюць, i навучыўся ён многаму… Толькі я вось трывожуся надта за яго — вельмі-ж становіцца неспакойна ў гэтай Заходняй Германіі…
Яна пацікавілася, куды я еду; я сказаў, што маю назначэнне на работу па меліярацыі ў Каржоўку.
— А, то добра… толькі вы гэта не да нас, a ў суседні раён. Я — з «Новага Палесся», можа чулі? Зваць мяне Васіліна Карпаўна, Крэнь па прозвішчу.
Яна зноў перавяла позірк на лейтэнанта, уздыхнуўшы, запыталася, ці ваяваў ён.
— А як-жа. Амаль з сорак першага… Спачатку тут у партызанах, — мне толькі пятнаццаць стукнула, калі я прыйшоў у лес. А потым — i ў арміі: вызваляў, будучы ў чыне сержанта i старшага сержанта, гарады Катовіцы i Прагу. Гэта пасля Прагі ўжо я трапіў на Далёкі Усход.
— Такі малады, a ўжо ваяваў, — уздыхнула жанчына.
Читать дальше