Так прыйшоў момант, калі яна аднойчы, седзячы ў адзіноце на стаптанай траве і выбіраючы адтуль нейкія, вядомыя ёй травіны, якія яна ела, загаласіла: «А добры мой, а лепшы за ўсіх мой, а чаму ж ты па мяне не прыходзіш? Хіба ж ты забыўся, як ты нудзеў па мне дваццаць год і як дзеці не ведалі, які ты, а я зямлю арала і азіралася, а можа ты як-небудзь бачыш мяне? А ці памятаеш ты, як Тамашка наш упаў быў з дрэва і гаварыць не мог…» З таго часу яна пачала галасіць кожны дзень, перабіраючы ў сваім галошанні ўсё сваё жыццё ад дзён свае маладосці, ад той вайны з немцамі да гэтай, і такім парадкам праз яе галошанне ўсе дазналіся, як яна жыла і што было ў яе душы. Што гэта было за жыццё! Выкіданне з хаты, марнаванне маладосці, смутак у сталасці, вечнае выгнанне ў жыцці на родным месцы. Гэта была жонка Сымона Ракуцькі. Вельмі можа быць, што яе галошанне павяло многіх на расказ аб самім сабе. Адкуль толькі тут не было людзей! Але ў гэтыя дні для Лізы не існавала асоб і твараў: усіх і ўсё яна з свайго належанага пры слупе месца бачыла, як праз туман. Блізкія галасы і далёкія гукі да яе даходзілі аднолькава, як праз сцяну з адзежы і ваты. Бяздум’е ратавала яе ад смутку. Але, нарэшце, прыйшоў смутак, з’явіўся ўладны і бязлітасны, як і заўсёды ў чалавека, ён быў страшнейшы і цяжэйшы за боль цела, парванага жалезам. Пачаўся ён ад рання яснага дня. Можа яна пачала перасільваць хваробу, бо магла падняць галаву, калі ў загарадзі пачуўся злітны ў адзін гул гоман. Гэта чалавек пад тысячу людзей выстройваліся перад выхадам з загарадзі. Іх забіралі на тую невядомую работу. Калі гэты вялікі натоўп рушыў з месца і пачаў скрывацца ў полі, нават праз яго маўчанне чуўся жах няволі. У гэты момант да Лізы падышла Ракуцькава жонка.
— Ну як, — сказала яна, — ты ўсё ляжала, а сёння сядзіш. Можа твая крываўка пакідае цябе?
— Мама! — моцна сказала Ліза, ведаючы, што гэта не маці. І з гэтага моманту пачаў душыць яе смутак. Ракуцьчыха скаланулася і шпарка адышлася да свайго ранейшага месца. Быццам бы хто рваў з яе душу. Магічнае слова «мама» ў абедзвюх іх скаланула душу, у малое і ў старое. Ракуцьчыха ўпала тварам на пясок і зарыдала. Ліза асталася сядзець нерухома на ўвесь дзень і на ўсю ноч, так смутак скаваў яе ўсю і яе вочы; бадай што суткі яны не сышлі з аднаго пункта дзесьці ў прасторы.
Я ў маленстве бачыў, як птушка далася аб тэлеграфны дрот і, скаваная ранамі ў нагах і крыллях, канчалася на зямлі пад дротам. У яе вачах маглі змясціцца смутак і скруха ўсяго свету. А які ж шлях трэба прайсці ад птушкі да чалавека! Лізін позірк змяніўся толькі на рассвітанні пасля той ночы, якая стала апошняй ноччу яе жыцця ў лагеры.
Тым самым тыднем, а можа, на колькі дзён раней, здушаны смуткам аб Лізе, скрухай, небытам, кашлем, стары Нявада падышоў да мэты свайго доўгага падарожжа. Ён ужо даўно, з першых жа дзён, ішоў глухімі сцежкамі, узмежкамі, цаліною — полем і паплавамі. Чым бліжэй ён падыходзіў да месца, да якога так доўга ішоў, тым мацней авалодвала ім пачуццё неспакою і трывогі. Ён гэтулькі пытаўся ў людзей пра гэтае месца, і дзе яно і хто тут жыве, і хто ім уладае — што ўжо больш і не правяраў свае дарогі, а ішоў ад нейкага свайго чуцця. Хада яго была ўжо цяжкая і павольная. Дарога яго скончылася змрокам яснага дня. Ён убачыў перад сабою бялявыя ад рэштак змытай дажджамі вапны камляватыя ствалы старога саду. Паўз увесь сад быў роў і зарослы травою вал над ім. Ад такой доўгай хады і трывогі ногі яго падгіналіся. Ён сеў на вал над ровам і падумаў: «Божа мой, як далёка да Сумліч». Сапраўды ён зайшоў вельмі далёка. Гэта была нават і не тая акруга, у якой былі Сумлічы. І не тая гэта была акруга, начальнікам якой быў маладзейшы Густаў Шрэдэр і ў якой была цяпер у лагеры Ліза, дзеля �кой ён прыйшоў сюды. Ён сядзеў над ровам і не ведаў, як жа пачаць сваю справу, і калі, і з кім, і дзе таго шукаць тут. Яшчэ не ўмеркла, і постаць яго вельмі выразна вырысоўвалася. Сярэдніх год жанчына ішла з кашом яблык паўз вал над ровам, спалохалася незнаёмага чалавека і стала абыходзіць яго стараной. Ён яшчэ больш узнепакоіўся. Душа яго ныла і трывожылася, і, каб ён мог у гэты момант праверыць сам сябе, ён знайшоў бы ў сабе больш безнадзейнасці, чым веры, і больш боязні, чым надзеі. Ён падняў вочы на жанчыну і запытаў:
— Ці тутэйшая ты, галубка?
— Ой, дзядзюхна, хто гэта!
І жанчына пайшла шпарка. Нявада заварушыўся:
— А скажы, ці Паліводскага гэты маёнтак?
— Нашто табе? Хто ты? Унь немец павярнуў сюды галаву, стаіць з аўтаматам ля брамы.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу