Яна спалохалася зноў, калі ў кустах, дзе сядзелі Мікола з Калодкам, пачулася шамаценне.
— Ой, што там? Што там, проша пана?..
Я не паспеў супакоіць яе. З-за куста паказаўся мядзведзь-Калодка.
— Дзень добры, цурка, дзень добры! — уголас гаварыў ён, падыходзячы. — Не бойся нас — свае! Ну, як жывеш, як маешся?
Малая павіталася з Калодкам за руку і, выглянуўшы з-за яго на новы шорах у кустах, убачыла Міколу.
— О, ешчэ едэн пан! — сказала з усмешкай.
— А божа мой, які ён пан! — здзівіўся Калодка, — Хлопец ледзьве ногі цягае, а яно кажа — пан. Голад, мая каханая, не цётка.
Мікола быў прыкметна нездаволены такім акрэсленнем яго выгляду. Па-свойму спрытна, ён павітаўся з дзяўчынкай, як кавалер.
— А як паненачку завуць?
— Ядзя. А пана?
— Галодныя каторы дзень ідзём, — умяшаўся Калодка, — а тут, у лесе, дрэва ці траву не будзеш грызці. Чловек усё ж такі, а не быдла…
Ядзя, знаёмячыся з Міколам, была не вельмі падобная на дарослую. Ва ўсмешцы, з якой яна называла яму сваё імя i хацела пачуць у адказ імя «пана жолнежа», больш было проста дзіцячай цікавасці. А цяпер, пачуўшы Калодкавы словы пра голад, яна нібы схамянулася i раптам нашмат пасталела.
— Добжэ, — сказала яна. — Вы пачакайце тут, а я пайду i прынясу вам хлеба.
— О, гэта дык гэта! — амаль ускрыкнуў Калодка. — Эх, не было б гэта сваё. Ідзі, цурка, ідзі!..
Дзяўчынка трошкі падумала.
— Вы пахавайцеся, — сказала зусім сур'ёзна. — А я, як прыйду, скажу так.
Яна зусім па-дзіцячаму наставіла губы i ціха закукавала:
— Ку-ку, ку-ку!..
— А то яе разумніца мая! — зусім расплыўся Калодка. — Ты нам ку-ку, i мы табе з кустоў ку-ку. Ты толькі хлеба нам нясі пабольш. I хлеба, i да хлеба!..
Апошняе было ўжо сказана ўдагон.
A галоўнае так i не ўспомнілі — не спыталіся, Польшча ўжо ці яшчэ ўсё Нямеччына?
Я ледзь не крыкнуў услед дзяўчынцы «пастой», але ўспомніў адразу, ужо з адкрытым ротам i ўзнятай рукой, што i тут небяспечна крычаць. I ў гэты момант яна апошні раз мільганула ў зелені кустоў. А на момант пазней мы пачулі зусім недалёка смех…
Засмяяўся нехта не там, куды пабегла дзяўчынка, a ў тым баку, адкуль мы прыйшлі. Спакойна разважаючы, можна было падумаць, што на ўсіх мовах людзі смяюцца аднолькава: засмяяца за дрэвамі мог i не вораг. Ды мы за два гады прызвычаіліся да думкі, што падняволенай Гітлерам Польшчы было не да смеху. Засмяяўся мужчына, на смех якога другі мужчынскі голас таксама весела i моцна адказаў… па-нямецку!
Мы шыбанулі ў лес.
Мікола бег першы. Ён паспеў нават па-нашаму ціха крыкнуць: «Бягом!» Следам за мной трашчаў галлём i грукатаў Калодка.
Метраў праз дзвесце ці трыста я ўспомніў, што з гэткім шоламам нам не прайсці. Я сігануў на ўвесь цырісуль, дагнаў Міколу i, параўняўшыся з ім, загадаў:
— Пачакай!
Мікола зразумеў мяне таксама, як мы перад хвілінай зразумелі ягоны загад.
— За мной — Калодка, ты — за ім. I — ціха.
Мы пастаялі момант i рушылі павальней, аднак амаль зусім нячутна.
Наша найлепшая сяброўка — ноч — ішла насустрач нам вельмі павольна. У ельніку яна асела ценямі, у шэрай гушчы якіх мы адчувалі сябе лепш. Ды ельнік спачатку радзеў, потым яго патрохі змяніла бярозавае драбналессе. Стала святлей. Па верасах, сям-там збіваючы капелюшы затоеных грыбоў, мы, не змаўляючыся, пайшлі шпарчэй, а за намі, i спераду нас, i абапал нячутна ішла небяспека…
I вось я нарэшце спыніўся.
Праз рэдкія кусты i бярозкі прылеску мы ўбачылі луг. ён рассцілаўся шырока ў бакі i наперад, а светла-шэрае неба над ім гаварыла, што ноч яшчэ не прыйшла. Маленькія кравецкія машыны конікаў усё яшчэ сакаталі ў роснай атаве, — бязлікія, нястомныя краўцы яшчэ ўсё шылі, нават прыцемкам. Дзень датляваў на захадзе бяскроўнай палоскай зары. Зорак яшчэ не было. Асцярожныя прыгажуні сарны яшчэ не выйшлі на ўскраіну лесу. Нават i з гушчару не чутно яшчэ хрыпатых поклічаў ix фанабэрыстых, раўнівых дзецюкоў, галасы якіх надоечы да сцішнаты нагадалі нам брэх аўчарак.
Ісці далей ці начакаць?
На лузе толькі сцеледца, нібы ўздымаецца з травы, туман. Над лугам адно бязмежнае, ціхае неба.
I мы пайшлі.
Шорах роснай травы пад нагамі. Маўчанне i думкі, якіх ніхто з нас не хоча выказваць. Усё не новае, усё зразумела i так.
Новае прыйшло толькі недзе на самай сярэдзіне лугу. Гэта была рака.
Толькі пазнаўшы яе пад градою туману, дзе мы ўжо навучыліся здалёк пазнаваць непрыемны, дрыготкі холад вады, я спыніўся, сябры падышлі, i Мікола сказаў:
— Ну, вядома…
Читать дальше