Адвярнуўся Пятрусь і заснуў,— дзякуй богу за сон…
Сама старая ніяк не магла заснуць. Збунтаваў ёй усю душу гэты хлопец. Доўга сядзела на печы, без агню, і ўсё думала, успамінала…
«Жылі яны з Петрусём, можна сказаць, усё жыццё толькі ўдваіх. Ад сына, Міхася, сапраўднай дапамогі не было. Спачатку вучыўся, а потым фельчарам быў. Вучылі — думалі, што карысць будзе, гонар, пашана. Адно ж ён больш з хаты, як у хату, насіў. Падумаць толькі — лякарствы галоце на свае грошы купляў! Заробіць якую нуду, дык і тое ад бацькоў схавае, каб ізноў аддаць… Няхай бы ты лепш нявуча-ны быў, ды разумны, як бацька з маткай. Засне ён тыя разы, а яны — давай шарыць грошы па кішэнях у яго ці ў кнігах. А ён аднойчы вазьмі ды прачніся, — ці, можа, і зусім не спаў,— і выйшла ў іх з бацькам сварка. Першы раз бацьку юдай назваў… А то больш было так: паглядзіць рана па кішэнях, пакруціць галавой і кажа: „Ну і людзі з вас, маці…“»
Рана Міхась налётаўся. Бацькаўскае слова не вецер. Падчапіў недзе тыфусу, паляжаў колькі дзён і памёр. Гадоў нешта са тры пасля таго, як цара скінулі, у іх пачаўся тыфус, дык Міхасю і супынку не было, пакуль не наскочыў.
Які ён там ні быў,— усё ж такі свая кроў. Ды і адзін жа, як тое вока ў ілбе. Гаравалі дужа, колькі слёз праліла!.. Тады ж яно ўсё самае лепшае ўспомніцца, уся тая ласка, якая была.
Стаяла яна над ім стаянцом, дзень і ноч. I неяк раз павёў сынок вачыма па хаце, спыніўся зрокам на ёй… «Мама, старэнькая мая…» — прашапталі сухія, гарачыя вусны. I яна адказала яму набрынялымі за доўгі час рыданнямі. Падняў руку, і яна бяссільна апала старой на прыпол. Палыды заварушыліся, знайшлі яе руку… I тут рыпнулі дзверы, і, як цень, стаў на парозе Пятрусь. Міхась памкнуўся ўстаць. «А-а, гэта ты, бацька, — прамармытаў ён сіпла, — грошы прыйшоў шукаць…» I зноў апаў на падушку.
Гэта былі яго апошнія словы.
Праўда, дарма на бацьку грашыў, хай яму бог даруе. Бо каму ж, як не яму, збіралі яны ўвесь век? А што ён супраць бога пайшоў, дык хай яго бог і памілуе…
Доўга пасля таго жылі яны ўжо зусім толькі ўдваіх, пакуль сілы служылі. Пятрусь — гаспадар не абы-што. Засекі жыта. Два разы гарэў, два разы будаваўся. Гарэў праз ліхіх суседзяў: падпальвалі. Цяпер вось дом цагляны, у два канцы, а ўсе будынкі глінабітныя. На лета бралі парабка, куплялі каня, купляў у яўрэяў-крамнікаў гной, поле добра ўрабляў, дык яно і давала. I ў самой яе грады не горшыя, як у гароднікаў-татараў. Яны з Петрусём не глядзелі, як іншыя, каб з'есці, выпіць, знасіць. Глядзелі, каб было як жыць, каб людзі не смяяліся, кожны, як той казаў, дурань. Памаліўся богу дый пайшоў, не агінаючыся, ад цямна да цямна. I бог даваў: і ладна ўсё, і ў торбачку, на дно гэтага самага куфра, дакладаліся адна да адной «чырвоныя галоўкі» — пяці- і дзесяцірублёўкі мікалаеўскага золата. «На чорны дзень. Самая цвёрдая надзея…» На зіму парабка адпраўлялі, пра-давалі каня і зімавалі ўдваіх. Цяжкавата, але ладна затое.
А пасля такі нячысты паблытаў. Надумаліся сабе палёгку зрабіць і сваякоў памілаваць. У яго быў пляменнік, — от, галайстра нейкі, тут у мястэчку, — а ў яе пляменпіца — добрая дзяўчына, гаспадыня спраўная, хоць і з вёскі. Казала-такі: бог — богам, а паперка сваё, паперку трэба зрабіць. Ды Пятрусь не паслухаў. Адно за адным пайшло… Дзе ж там! — з родчым дзіцем не ўжыўся, а гэта ж чужое. Схамянуўся Пятрусь прагнаць, — ды куды там, — без кія да Ванькі ні доступу. Самой толькі Ганны было шкада. Дзеўка яна не цаца была, а Ванька — атлёт. Век бы ён Ганны не ўзяў, каб на Грыбава дабро не пагнаўся. А тут пачаў яшчэ біць яе і сварыцца: «Пакіну!»
А яшчэ ў іх дзяўчынка была, Лідачка. Не магла і падумаць старая, што трэба будзе з ёю разлучыцца. Але ж свая кашуля да цела бліжэй. Выжылі яны сваіх «прымакоў». Ды так-такі з нічым. Пятрусь хадовы, судзіцца ўмее. Ну і золата таксама.
I вось жывуць ізноў цэлы гадочак адны. Дом ачысцілі, падмалявалі, здалі пад кватэры панам ужэндні-кам, а самі сяк-так у баковачцы-кухні. Колькі ім трэба! Лета, таксама як і раней, управілі. Цяпер парабак пайшоў, каня прадалі, і жывецца спакойненька.
Ды вось дачуўся Пятрусь, што балоцкая бедната — зладзеі гэтыя! — лес іхні сячэ. Хоча заўтра паехаць. Каня ў Лейзара ўзяў. Хаця б не заспаць…
Так думала старая, засынаючы.
…I заспала.
Бо прыснілася ёй Лідачка, зорачка яе ненаглядная, унучка, хоць і не родная. Прыснілася так, як калісьці было ў сапраўднасці. Пакупала яна Лідачку, здаецца, і калыша, спявае:
Люлі, люлі, люлі,
Ката ў лапці абулі…
Читать дальше