Мiнецца хутар воддаль шашы ў садку, у яблынях, сумны журавель над студняю. Успомнiцца, як некалi малым iшоў разам з жанчынамi па ягады i як заходзiлi сюды пiць ваду. Успомнiцца цяжкае драўлянае вядро - акованае, скрып сцюдзёнае вады на зубах, цяжка падаюць празрыстыя кроплi на густа-мяккую мураву, успомнiцца стары калодзеж, паабрастаныя зялёным мохам каменнi, далёкi i халодны бляск вады i слiзкая жабка, затоеная мiж каменняў.
Будуць пералескi, трывожная радасць, што недзе зусiм блiзка свая вёска. I раптам засiнее сваё неба - чыстае i цёплае. Пабяжыць ад шашы дарога праз ядлоўцы ў глiнiшчы - i будуць вiдаць хутары. I будзе недзе вёска за грудамi. Мiнецца пераезд. Надпiс крыжам: "Сцеражыся цягнiка", паласаты шлагбаўм.
А вось ужо вiдаць i першая Паўлюкова хата, старая груша на надворку, новы частакол.
Замiльгаюць тэлеграфныя слупы - i сонца блiсне на правадах, як маланка.
I будзе вёска. Белая, накрытая чарапiцаю Дзям'янава хата. Нехта сядзiць на надворку ва ўсiм споднiм, накiнуўшы на плечы кажух, мусiць, стары Дзям'ян.
А вось гумно каля самае шашы - iржавая бляха на страсе, надворак, абгароджаны калючым дротам.
Пара сходзiць. Ляпнуць дзверцы - i аўтобус пабяжыць далей. А для цябе раптам знiкне дарога, тыя дзесяць год, што засталiся ў горадзе, будзе спачатку нешта няпэўнае, спачатку нейкая адзiнокая, сцiшная радасць. Свая i не свая вёска, маленькая, шэрыя стрэхi, шэрыя платы, зялёны сум бярэзiн i лiп над хатамi, будзе сцежка праз чужы надворак, праз сiнi чабор з рахманымi пчоламi, праз калматы палын, дзе ляжыць ачасаная дзеравiна i пахнуць смалою падсохлыя, паскручваныя ў трубку жоўтыя трэскi. Нехта глядзiць з-за плота з-пад белае, ражком насунутае на лоб хусткi - а хто гэта прыехаў? Нечыя дзецi "робяць паравоз" - чух-чух, - сунучы па пяску ногi, i паднiмаюць за сабою цеплы мяккi пыл. Нечае рослае танканогае дзяўчо iдзе з дзяружкаю на руцэ, пэўна, па зелле i скажа першае "здрастуйце", неяк з нацiскам - "здрастуйце". I будзеш доўга думаць, чыё гэта: рыжае, рабаватае - цi не Тодарава?
Будзе адчуванне сваiх трыццацi год, вялiкiх, сталых трыццацi год. I з нейкаю крыўдаю падумаецца, што вось ужо выраслi новыя людзi ў тваёй вёсцы i як чужыя табе, а можа ты чужы для iх?
А потым - дрот каля свайго гумна, якi трэба пераступiць, i ён звiнiць гэтак цiха i трывожна, як i некалi; на частаколе плешыны выцвiлага моху, цвiце смактуха каля частаколу - i ты iдзеш, здаецца, як i некалi. Збанок сохне на плоце, у ржавай касцы стаiць вада для курэй на надворку, як i некалi. Хата зачынена - усе на полi.
Ты будзеш шукаць ключ на тым месцы - каля падрубы, дзе ён ляжаў некалi, - i, вядома, не здагадаешся, што ён цяпер вiсiць на цвiчку на сцяне пад старою памытаю анучай, покуль не прыбяжыць з поля мацi.
А прыбяжыць яна неяк скоранька, "кiнуўшы ўсё". Ёй нехта накажа, мусiць, тая Тодарава дзяўчына, што прыехаў Чэсiк.
I ты ўбачыш, як яна з поўнаю дзяружкаю зелля на спiне скiруе з вулiцы на надворак, скiруе, не паднiмаючы галавы, бо ведае сцежку па тых саломiнках, што ляжаць з поля аж до парога. I ты раптам адчуеш, што гэта яна, мацi, можа нават яшчэ не пазнаўшы. А потым падыме галаву, спачатку неяк цiха i пiльна гледзячы на цябе, i ўсмiхнецца, цi можа спярша заплача, цi будзе ўсё разам, i рукi, што бачылi цяжкую зямлю i мурзатых дзяцей, самi выпусцяць рагi дзяружкi.
- А маё ж сэрца як i чула...
А потым будзе гаворка ў хаце. А чаму гэтак зблажэў? Якавы ты? А тут у нас прыязджаў Марыльчын iнжынер - разбыўся, тоўсты, як кадаўб, i жонку прывозiў, маленькую - адзiн знак, - што ўсё з дзецьмi "на балоцi ў мячыка грала". А па зелле, нябось, нi разу не схадзiла. Цяпер свет такi, а тут вось i рук ад работы не чуеш, ведама, дзень пры днi...
А потым пра тое, што было нечае вяселле, што нарэшце-такi памерла старая Тэкля, пражыўшы якiх гадоў сто... А потым пра тое, што ў гэтае лета - няхай крые бог - надта страляюць перуны, што пад Наваградкам згарэла абора i што ў Плужанах забiла конюха. I яшчэ - што за леташнi лён нiяк вось не заплацяць.
Прыйдзе вечар, стане мякка шарэць за вокнамi. Падаiўшы карову, мацi будзе цадзiць малако на лаўцы пры печы, i яно будзе цёпла i густа шумець у конаўцы.
А потым не будзе агню ў хаце. Будзе густая ноч млець на двары поўны сiнi месяц будзе свяцiць на падлогу каля ложка, i будзе мякка спацца аж да светлае, неспакойнае ранiцы, покуль не разбудзiць стук малатка ў некага на надворку - нехта будзе звонка кляпаць касу. I табе таксама падумаецца, што сёння пойдзеш касiць на балотца пры гародах, дзе трава ў пояс, дзе капцы з жоўтымi мурашкамi, дзе цвiце румянак, i ты яго зрэжаш, i ён запахне, i стане горка ў роце.
Читать дальше