У тым самым восьмым класе маладзенькая i схiльная без дай прычыны аблiвацца малiнавай чырванню настаўнiца гiсторыi атрымала на ўроку цыдулку з прапановаю спаткацца ўвечары на школьным гарышчы. Каб у яе не заставалася непатрэбных пытанняў наконт мэт сустрэчы, запрашэнне суправаджалася некалькiмi малюнкамi. Праведзенае класным кiраўнiком расследаванне не дало анiякiх вынiкаў, калi не лiчыць прысланы настаўнiцы праз пошту лiст з абяцаннем зашыць "пiську" i адрэзаць "сiськi". Я не ўяўляў, што можна было ў нашай гiстарыхi адрэзаць, аднак не сумняваўся: тут замяшаны Окарак.
Сюжэт з гарышчам i сiськамi скончыўся тым, што ў нас з'явiўся новы гiсторык. Аднаго разу ён прыйшоў на ўрок з незашпiленым прарэхам, а аднойчы, калi мы праходзiлi Вялiкую французскую рэвалюцыю, знячэўку пачаў апавядаць пра блакаду Ленiнграда: як там елi людзей i як ягоная сям'я выжыла толькi таму, што бабуля працавала ў Смольным прыбiральшчыцай i ёй дазвалялi забiраць са сталоў i сметнiц надкусаныя лусцiкi з iкрой, скрылiкi вэнджанай кiлбасы, цестачкi ды iншыя абкамаўскiя недаедкi. Гэтаму немагчыма было даць веры, але наш настаўнiк, сеўшы за стол, заплакаў, размазваючы кулакамi слёзы, i мы, здагадаўшыся, што ён п'яны, амаль паверылi ў неверагоднае. А неўзабаве гiсторыка - за п'янства цi за такiя ўспамiны - выгналi са школы, i ён уладкаваўся грузчыкам у прадуктовай краме насупраць, дзе канчаткова спiўся.
Але пры чым тут Юрка Весялоў? - можаце запытацца вы.
А пры тым, што i ён прыехаў у Полацак з Гусь-Хрустальнага, аднак быў памiж сваiмi супляменнiкамi сапраўднай белай варонай.
Дзеля пачатку адзначу, што, у адрозненне ад iншых "гусей", бацькi не вызвалiлi яго ад беларускай мовы. Атрымаць вызваленне ў тыя часы было гэтаксама проста, як купiць у летамцы порцыю малочнага марозiва за дзевяць капеек: адны нарадзiлiся ў сем'ях вайскоўцаў; другiя - у прыгарадных вёсках, ды чамусьцi ў дакументах пiсалiся расейцамi; трэцiя лiчылiся беларусамi, але, на думку бацькоў, так моцна стамлялiся на iншых уроках, што на беларускую мову ўжо не мелi нiякае змогi. У нашым класе з трыццацi вучняў мову вывучалi ўсяго восем чалавек i сярод iх - Юрка Весялоў, якi доўга не мог асвоiць "ў" i старанна вымаўляў "кавнер" i "наставнiк".
За прысутнасць на ўроках мовы Окарак i кампанiя пагардлiва ахрысцiлi Юрку "колхозником". Гэта была не адзiная прычына нялюбасцi. Калi "гусi" падбiралi ключы да аптэкi i дзялiлi на траiх 56 рублёў, Весялоў чытаў Конан Дойла i Праспера Мерымэ. Мiж iншым, ён, Юрка, як i я, меў да Окарка даўнi рахунак, i мне здаецца, што тады, у летнiку, пад ледзяной вадою са шлангаў першы закрычаў "фашысты!" менавiта ён.
Я не скажу, што мы з iм сябравалi. Адбiўшыся з самага пачатку ад "гусiнае" чарады, Юрка не прыстаў i да нiводнага з нашых хаўрусаў. Вiдаць, ён не надта i рваўся да кагосьцi далучацца, бо атрымаў характар тыповага iндывiдуалiста. Калi, углядаючыся ў мiнулае, я хачу ўбачыць гэтага высокага танклявага падлетка з акуратнай фрызураю-"канадкай" i тонкiмi, быццам сплеценымi з адных жылаў, моцнымi рукамi, на якiх ён з дзiвоснай лёгкасцю падымаўся па канаце пад самую столь спартовае залi, побач з iм нiколi нiкога няма. Да дзевятага класа, пакуль у нас не з'явiлася Ларыса Жылкiна, Юрка i за партаю сядзеў адзiн. I ўсё ж бясконца трымацца ў такiм узросце аднаму проста немагчыма, бо можна ўрэшце з'ехаць з глузду.
Развярэджанае самалюбства не дазваляе мне сказаць, што Юрка Весялоў выбраў мяне. Назавем выбар узаемным, хоць факт застаецца фактам: якраз Юрка на перапынку падышоў да мяне i, спакойна гледзячы сваiмi немiргатлiвымi шэрымi вачыма, абсалютна нечакана пацiкавiўся, цi згодны я праверыць смеласць.
Ну што адказваюць на гэткiя прапановы ў чатырнаццаць гадоў?
Так пасля ўрокаў мы з iм апынулiся пад мостам цераз Дзвiну.
Юрка растлумачыў, што раку можна перайсцi не толькi па версе моста, але i знiзу, дзе на выпадак вайны пакiнуты ход мiнёрам.
Вастрыня адчуванняў таго дня жывая ў маiх лейкацытах i эрытрацытах i сёння.
Услед за Юркам я караскаўся па хiсткiх жалезных драбiнах з адламанымi папярэчынамi, працiскаўся праз вузкiя брудныя праходы ў бетоне i пераскокваў небяспечныя прамежкi мiж блокамi, адкуль цягнула вiльготным страхам.
Найбольш вусцiшным адцiнкам экспедыцыi сталiся колькi метраў на падыходзе да трэцяга быка. Падарожнiк мог пераадолець iх толькi па дзвюх перакiнутых памiж блокамi дошках.
Дошкi, хоць i былi досыць шырокiя i тоўстыя, прыкметна прагiналiся. Над якой-небудзь ручаiнай я прайшоў бы па iх з завязанымi вачыма, аднак тут, далёка ўнiзе, дыхаючы холадам, плыла цёмная восеньская Дзвiна, i мая разагрэтая дамешкам цыганскае крывi фантазiя ўмомант намалявала вiры i бохаты з аброслымi ракавiнкамi тапельцамi. Насельнiкаў дзвiнскiх глыбiняў змянiў вобраз канатаходца з раскiнутымi над безданню рукамi. Якраз так, расставiўшы рукi, i рушыў наперад Юрка. Небяспека хавалася яшчэ i ў тым, што дошкi мелi розную таўшчыню i пружынiлi пад нагамi не аднолькава. Я заплюшчыўся i ўбачыў, як Юрка разам з дошкамi ляцiць долу. Мiльганулася думка, што, калi пашанцуе, гэта не смяротна: узiмку, праламаўшы парапет, з моста сарваўся самазвал, але лёд вытрымаў i для кiроўцы ўсё абышлося зрушэннем мазгоў; выпiсаўшыся з бальнiцы, ён напiўся, як рамiзнiк, i буянiў на вулiцы, а мiлiцыянтам крычаў, што ён - савецкi касманаўт, а касманаўтаў не забiраюць.
Читать дальше