Восіп. Яшчэ кажа: і да гараднічага пайду; трэйці тыдзень пан грошай ня плаціць. Вы, пыні, з панам, кажа, зладзюгі, і пан твой — чмут. Мы, пыні, кажа, гэткіх прайдзісьветаў і падлюгаў бачылі.
Хлестакоў. А ты ўжо і рады, скаціна, зараз-жа пераказваць мне ўсё гэта.
Восіп. Кажа: «Гэтак кажны прыедзе, абжывецца, запазычыцца, пасьля й вытурыць нельга» . Я, кажа, «жартаў строіць ня буду, я проста з жальбаю, каб на зьежджую, ды ў турму» .
Хлестакоў. Ну, ну, дурніла, годзе! Пайшоў, пайшоў, скажы яму! Такая грубіянская жывёліна!
Восіп. Ды лепш я самога гаспадара да саміх паклічу.
Хлестакоў. Навошта-ж гаспадара? Ты схадзі сам скажы.
Восіп. Ды праўда-ж, спадару…
Хлестакоў. Ну, пайшоў, ліха з табой! пакліч гаспадара.
Восіп выходзіць.
Хлестакоў адзін.
Хлестакоў. Страшэнна як хочацца есьці! Гэтак крышку прайшоўся! думаў, ці ня сыйдзець апэтыт — не, на яго ліха, ня сыходзіць! Але-ж, каб у Пензе я не пагуляў, стала-б грошай даехаць дадому. Пяхотны капітан ёмка падчапіў мяне: штосы на дзіва, гадава пара, зразае. Усяго якую з чвэрць гадзінкі пасядзеў — і ўсё аблатошыў. А пры ўсім тым, страх хацелася-б зь ім яшчэ раз зрэзацца. Нагоды толькі не прывядзе. Які паганы гарадзец! У крамах анічога не даюць напавер. Гэта ўжо проста подласьць. (Высьвіствае спачатку з «Рабэрта», тады: «Ня шый ты мне, матухна», а нарэшце ні тое, ні сёе.) Ніхто ня хоча йсьці.
Хлестакоў, Восіп і служка заезду.
Служка. Гаспадар загадалі спытацца, чаго саміх ласка.
Хлестакоў. Здароў, братка! Ну, што, ты здаровы?
Служка. Дзякуй Богу!
Хлестакоў. Ну што, як у вас у гасьціньніцы? ці добра ўсё йдзе?
Служка. Але-ж, дзякуй Богу, усё добра.
Хлестакоў. Шмат праежджых?
Служка. Але-ж, даволі.
Хлестакоў. Слухай адно, даражэнькі, там мне дасюль абеду не нясуць, дык, калі ласка, падгані, каб хутчэй… бачыш, мне зараз па абедзе трэба сім-тым заняцца.
Служка. Ды гаспадар сказаў, што ня будзе больш даваць. Ён, няйначай, хацеў ісьці сяньня-ж жаліцца гараднічаму.
Хлестакоў. Ды што-ж жаліцца? Памяркуй сам, даражэнькі, як жа? Мне ж трэба есьці. Гэтак я магу зусім зьнясілець. Мне вельмі есьці хочацца: я ня жартам гэта кажу.
Служка. Дык-жа так. Ён казаў: «Я яму абеду ня дам, пакулечы ён не заплаціць мне за ранейшае» . Гэткі ўжо адказ ягоны быў.
Хлестакоў. Ды ты пераканай, угавары яго.
Служка. Ды што-ж яму такое гаварыць?
Хлестакоў. Ты растлумач яму паважна, што мне трэба есьці. Грошы самі сабою… Ён думае, што як яму, мужычылу, дарма, калі і не паесьці дзень, дык і іншым тое самае. Во навіна! [2] Далей у Гогаля рэпліка: «Служка. Пожалуй, я скажу». У Адамовіча не перакладзеная.
Хлестакоў адзін.
Хлестакоў. Гэта пагана, аднак-жа, калі ён зусім нічога ня дасьць есьці. Гэтак хочацца, як ніколі йшчэ не хацелася. Хіба з адзежы што пусьціць у рух? Порткі, ці што, прадаць? Не, ужо лепш пагаладаваць, ды прыехаць дадому ў пецярбурскім касьцюме. Шкада, што Ёхім не пазычыў карэты, а балазе-б, на яго ліха, прыехаць дадому ў карэце, падкаціць гэткім чартом да якога суседа-панка пад ганак, зь ліхтарамі, а Восіпа адзадзя, апрануць у лібрэю. Як-бы, я ўяўляю, усе перапудзіліся: «Хто такі, што такое?» А лёкай уваходзіць (выцягваючыся й паказваючы лёкая): «Іван Аляксандравіч Хлестакоў зь Пецярбургу, загадаеце прыняць?» Яны, капшукі, і ня ведаюць, што гэта значыць: «Загадаеце прыняць». Да іх калі прыедзець які гусь-панок, дык і прэцца, мядзьведзь, проста ў гасьціны пакой. Да дочачкі якое-небудзь харошанькае падыйдзеш: «Спадарыня, як я…» (Зацірае рукі й падшарквае ножкаю). Цьфу! (плюе) , аж нудзіць, гэтак есьці хочацца.
Хлестакоў, Восіп, пасьля служка.
Хлестакоў. А што?
Восіп. Нясуць абед.
Хлестакоў (прыпляскваючы ў далоні й зьлёгку падскокваючы на крэсьле). Нясуць! Нясуць! Нясуць!
Служка (з талеркамі й сарвэткамі) . Гаспадар апошні раз ужо даець.
Хлестакоў. Ну, гаспадар, гаспадар… Я плюваць на твайго гаспадара! Што там такое?
Служка. Першае й другое.
Хлестакоў. Як, толькі дзьве стравы?
Служка. Толечкі.
Читать дальше