Хлестакоў. Ды гэта проста разбойнік?
Купцы. Дальбожачкі! А паспрабуй пярэчыць, навядзець да цябе ў хату цэльны полк на папас. А калі што, загадае замкнуць дзьверы. «Я цябе ня буду, — кажа, — паддаваць цялеснаму пакараньню, ці катам катаваць — гэта, — кажа, — забаронена законам, а вось ты ў мяне, даражэнькі, папаясі селядца!»
Хлестакоў. Ах, які рыштанюга! Ды за гэта прост у Сібір.
Купцы. Ды ўжо куды ласка твая ні запраторыць яго, усё будзе добра, адно-б, гэта знацца, ад нас як далей. Не пагрэбуй, бацька наш, хлебам і соляй: кланяемся табе цукярочкам і карабцом віна.
Хлестакоў. Не, вы гэтага ня думайце: я не бяру зусім ніякіх хабараў. Вось калі-б вы, прыкладам, запрапанавалі мне пазычыць рублёў трыста — ну, тады зусім што іншае: я магу ўзяць.
Купцы. Будзь ласкаў, бацька наш! (Выймаюць грошы). Ды што трыста! Ужо лепш пяцьсот вазьмі, памажы толькі.
Хлестакоў. Калі ласка: пазычаць — я ні слова, я вазьму.
Купцы (падносяць на срэбным падносе грошы). Ужо, калі ласка, і падносік разам вазьмеце.
Хлестакоў. Ну, і падносік можна.
Купцы (кланяючыся). Дык ужо вазьмеце за адным разам і цукярочку.
Хлестакоў. О, не, я хабараў аніякіх…
Восіп. Ваша высокачэсьць! Чаму самі не берацё? Вазьмеце! на дарозе ўсё прыдасца! Давай сюды галовы й кошык! падавай усё! усё пойдзе ў спор! Што гэна? Вяровачка? Давай і вяровачку — і вяровачка ў дарозе здасца! брычка абломіцца ці што йшчэ — падвязаць можна.
Купцы. Дык ужо зрабеце гэткую ласку, ваша яснасьць! Калі ўжо самі, знацца, не паможаце ў нашай просьбе, дык ужо й ня ведаем, як і будзем: прост хоць у зашмаргу лезь.
Хлестакоў. Конча, конча! Я пастараюся.
Купцы выходзяць; чуваць голас жанчыны: «Не, ты ня важся ня дапусьціць мяне! На цябе нажалюся яму самому. Ты ня пхайся гэтак дужа!»
Хлестакоў. Хто тамака? (Падыходзіць да вакна). А што ты, матухна?
Галасы дзьвюх жанок. Ласкі твае, бацюхна, прашу! Загадай, спадарыку, выслухаць.
Хлестакоў (праз вакно). Прапусьціць яе.
Хлестакоў, сьлесарыха й унтэр-афіцэрыха.
Сьлесарыха (кланяючыся ў ногі) . Ласкі прашу!
Унтэр-афіцэрыха. Ласкі прашу…
Хлестакоў. Ды што вы за жанкі?
Унтэр-афіцэрыха. Унтэр-афіцэрская жонка Іванова.
Сьлесарыха. Сьлесарыха, тутэйшая мяшчанка, Хаўроньня Пётрава Пашлёпкіна, бацюхна мой.
Хлестакоў. Чакай, гавары перш адна, чаго табе трэба?
Сьлесарыха. Ласкі прашу, на гараднічага чалом б’ю! Нашлі на яго, Божа, усялякае зло, каб ні дзеткам ягоным, ні яму, зладзюгу, ні дзядзьком, ні цёткам ягоным ні ў чым аніякага прыбытку ня было!
Хлестакоў. А што?
Сьлесарыха. Дык-жа вось мужыку майму загадаў загаліць лоб у маскалі, і радоўка-ж на нас не прыпадала, зладзюга гэткі! ды й з закону нельга — ён жанаты.
Хлестакоў. Як-жа ён мог гэта зрабіць?!
Сьлесарыха. Зрабіў, зладзюга, зрабіў — пабі яго, Божа, і на тым, і на гэтым сьвеце! каб яму, калі й цётка ёсьць, дык і цётцы усялякае паскудзтва, і бацька калі жыве ў яго, дык каб і ён, гіцаль, спруцянеў ці падавіўся навекі, рыштанюга гэткі! Трэ было ўзяць краўцова сына, ён-жа й п’янчужка быў, ды бацькі багаты падарунак далі, дык ён і прысукаў да сына купчыхі Панцялейвае, а Панцялейва таксама падаслала жонцы палатна тры трубкі, дык ён да мяне. «Навошта, — кажа, — табе мужык — ён ужо табе не надаецца». Дык-жа я гэта ведаю — надаецца ці не надаецца: гэта мая рэч, зладзюга гэткі. «Ён, — кажа, — злодзей, хоць ён цяперачы і ня ўкраў, ды ўсёдна, — кажа, — ён украдзе, яго й бяз гэтага налета возьмуць у некруты» . Дык-жа мне якаво бяз мужыка, рыштанюга гэткі! Я слабы чалавек, падлюга ты гэнкі! Каб усёй радні тваёй не давялося сьвету Божага аглядаць, а калі ёсьцека цешча, дык каб і цешчы…
Хлестакоў. Добра, добра! Ну, а ты? (Выпраўляе старую).
Сьлесарыха (выходзячы). Не забудзься, бацюхна мой! будзь ласкавы!
Унтэр-афіцэрыха. На гараднічага, бацюхна, прыйшла…
Хлестакоў. Ну ды што, чаго? Кажы ў кароткіх словах.
Унтэр-афіцэрыха. Адлупіў, бацюхна!
Хлестакоў. Як?
Унтэр-афіцэрыха. З памылкі, бацюхна мой. Дык-жа бабы нашыя шчапіліся на рынку, а паліцыя не дасьпела, дый хапанулі мяне, ды гэтак адляпартавалі: два дні сесьці не магла.
Читать дальше