Ляпнулi сенечныя дзверы - пайшла ў хату нявестка, i старая схамянулася, перад вачамi паўстаў малы, тое, як кiдаўся ён па хаце, бездапаможна ўгнуўшы ў плечы шэрую, стрыжаную пад нажнiцы галаву. Яна бачыла ўсё гэта так выразна, i нiчога ўжо на свеце не iснавала для яе, акрамя гэтай безабароннай, беднай, няўмела пастрыжанай галавы. I яна шкадавала ўнука, шкадавала, што некалi даўно адсцябала гэтак жа матузамi сына, забiтага цяпер на вайне: збiраючыся ў поле, затлумiлася, забыла ў пограбе ключ, а потым, не могучы адамкнуць сенцы, вiнавацiла ва ўсiм сына; ён не прызнаваўся, i яна адлупцавала яго. Давялося вымаць прабой, каб улезцi ў хату, а праз дзень, пайшоўшы па нешта ў пограб, яна знайшла ключ, i вось цяпер ёй балюча было ад таго, што нiколi ўжо не скажа сыну, што нiзавошта пабiла яго тады, - i ёй ужо здавалася, што ў сынавай смерцi вiнавата i яна i што няўцешная i горкая будзе цяпер яе старасць. I цяпер ужо ёй хацелася, каб хто-небудзь пашкадаваў яе, каб хапiлася, стала яе шукаць нявестка.
А нявестка тым часам была ў хаце, малола ячмень самаробнымi дубовымi жорнамi. Ёй хацелася забыцца ў рабоце, i яна, не разгiнаючыся, круцiла цяжкi скрыгатлiвы круг, пакуль не заўважыла, што круцiць занадта хутка - з латачка цякла не мука, а разам з шаройкамi пырскалi, шырока лажылiся на разасланую на падлозе хустку шэрыя крупы. Тады яна паспакайнела, стала менш засыпаць ячменю ў ступку i стала круцiць жорны раўней.
Пайшла яна з двара, бо ведала: сын схаваўся недзе паблiзу, але цяпер, калi яна паклiкала яго, не выйдзе - выйдзе крыху пазней. Яна баялася толькi, каб ён, знясiлены крыўдай i плачам, не сцiшыўся дзе, не заснуў, i падумала, што скора трэба зноў выйсцi, паклiкаць яго. Тое, што на двары не было старой, таксама непакоiла яе. "Ат, старое, што малое", - нечакана раззлаваўшыся, падумала яна пасля i пайшла ў хату.
Скрыгаталi, аднастайна шоргалi жорны, i пад гэты шоргат прыходзiлi да яе невясёлыя думкi - пра забiтага мужа, з якiм жыла ўсяго тры гады, пра сына, якi не помнiць бацькi: бацьку забралi на кадравую службу перад самай вайной, i хто тады ведаў, што сюды прыйдуць немцы, што столькi ў гэтай калатнечы паляжа мужчын. Калi ў фiнскую вайну забiла Круцiкавага Цiмоха, бедавала ўся вёска, а цяпер у кожнай хаце хапае свайго гора. А можа гэта i добра, што сын не помнiць бацьку: так будзе лепш яму, але ж затое колькi ёй трэба трывання, жорсткасцi да сябе i да людзей, каб паставiць сябе ў жыццi, каб не даць у крыўду сябе i сына. Было б лягчэй, каб не быў такi свёкар - надта памяркоўны ды паблажлiвы да людзей. А так - мужчына ў доме, але не гаспадар. Як распускалi калгас, бралi людзi сабе i кароў, i коней, i панарад, i хто парстчэйшы быў - цягнуў i вёў у двор лепшае. Свёкар жа толькi i паспеў узяць, што каня, ды i той - конь не конь. Абарванчык, празваны так за тое, што вырвалi ваўкi некалi паўсцягна. А вось сусед, гугнявы Змiцер, дык гэты - зух! Як адступалi нашы, прыйшоў дамоў; адседжваўся, пакуль не паставiлi старастам, а як нявыкрутка выйшла немцам - падаўся ў партызаны. Кажа цяпер, што старастам па заданнi быў, але дзе ж ты праверыш... Няхай бы хутчэй скончылася вайна, тады б усё стала вiдней...
Яна кiнула круцiць жорны, выйшла зноў паклiкаць малога. Але малы, як i першы раз, не адгукаўся. "Ну, пачакай, - падумала яна, - не абыдзецца табе добра, калi, вымерхаўшыся, прыджгаеш дамоў". Успомнiла пра старую i цiха, нясмела паклiкала:
- Мама! Цi тут ты? Мама!..
I, счакаўшы, паклiкала яшчэ.
Рыпнулi вароты i, сагнуўшыся, выйшла з пунi старая, моўчкi па-нядобраму гледзячы на нявестку, патупала да сянец. Ля ганка спынiлася, паправiла на галаве хустку i буркнула нешта пра яйкi.
"Чаго гэта яна? - падумала нявестка. - I ёй, мусiць, моташна, i малому дрэнна. А мне хiба лепш?"
Яна выйшла за вароты i стала ўзiрацца ў вулiцу, выглядаць малога. Але яго нiдзе не было.
...Ён стаiўшыся сядзеў у алешнiку, што атуляў лажок каля вулiцы, чуў, як клiкала яго мацi, але не выходзiў: нейкая помслiвая асалода трымала яго ў кустах. Ён даўно ўжо не плакаў i за гэты час, як збег з двара, колькi разоў пачынаў думаць пра свае ўцёкi з вёскi, надоўга, назусiм, - толькi вось каб разжыцца хлеба i выкрасцi суконную свiтку, а там - гайда ў мястэчка, i няхай тады шукаюць, няхай паплачуць i бабуля i матка. Яшчэ вось дзеда шкада, шкада, што не давядзецца пабiцца з "палiцаем" гэтым, Змiцеравым Васiлём. Апошнi раз дык здолеў яго, нават рассек гэтаму смаўжу губу, але потым, калi прыбегла "палiцаева" матка i стала крычаць i лаяцца, па-дурному расплакаўся, а гэты "палiцай", мусiць, радаваўся, бо падбрэхваў матцы i не iшоў з вулiцы. Ну, няхай, будзе яшчэ яму. Сёння вось пераначуе ў кустах, а заўтра падпiльнуе "палiцая" i адплацiць за ўсё.
Читать дальше