— У-ух, стаміліся! Якія тут балоты!
Паглядзеў з кароткім спалохам: ці не перастараўся? I тады паведаміў, што «дождж зараз — не патрэбны, самая ўборка, жніво» .
— Але затое памые нас.
Як хітра ён падкрэсліў гэта агульнае «нас» .
— Заткніся! Ты! — не вытрымаў нехта, i перакладчык спалохана сціснуўся, але адразу ж пераклаў сваім, падаў гэта, мусіць, як агульную каманду: карнікі паварушыліся, замерлі.
Падыходзяць яшчэ партызаны. Нешта прыцягвае сюды. У пабурэлай ад бруду «венгерцы» з залізаным мокрым футрам па бартах, трымаючы аўтамат пад локцем, падышоў Касач, змрочна ўсміхнуўся суседу — вусатаму камандзіру:
— Доўга трафей свой будзеш валачы?
— У цябе ёсць людзі з Пераходаў, вось i забірай, вырашайце.
Касач глядзіць на карнікаў нібы вельмі спакойна, неяк здалёку, але перакладчык не вытрымаў, напомніў:
— Мы — не немцы!
I паказаў на фуражкі (i на сваю непакрытую галаву таксама).
— Сур'ёзна? — здзівіўся Касач. — Ну, а з імі што рабіць? З тваімі гаспадарамі?
— Яны заслугоўваюць пакарання смерцю, — выразна i гучна сказаў перакладчык.
— Вы гэта i зробіце зараз. Калі ім служыце?!
Касач некалькі разоў мімаходзь пазіраў на Перахода-старэйшага, што нерухома стаяў перад карнікамі. Позірк быў такі, быццам Касач звяраў: ці так, ці тое ён, Касач, робіць, збіраецца зрабіць. I таму не па-касачоўску запытальны, нават няўпэўнены. Аднак было ў гэтым i нешта вельмі касачоўскае, з загадзя вядомым яму адказам:
— Ану дайце гэтым вінтоўкі!
I ўсё-ткі мы яго не зразумелі.
— Без затвораў,— нечакана раздражнёна растлумачыў камандзір.
Заклацалі затворы. Ад гэтых гукаў карнікі заварушыліся, аселі, куст за ix спіной задыхаў, затрашчаў. Але жах, сапраўдны жах перакасіў іхнія твары, вочы, калі карнікі-немцы ўбачылі, што вінтоўкі перадаюць ix суседзям у дзіўных фуражках.
Аднекуль прыбег Сталетаў, нібы баючыся спазніцца. Ён не бачыў, як i што тут адбывалася, вочы касавурацца спалохана i прагна. Ён не разумее, чаму вінтоўкі ў руках у карнікаў. Пераступае з нагі на нагу, прапіхваецца бліжэй да «не немцаў» . А за спіной у яго рэчмяшок — варушлівы, дрыготкі, жывы. Я не адразу зразумеў, a зразумеў — адразу ж забыў i пра Сталетава i пра яго рэчмяшок, каб успомніць i доўга помніць потым, калі ўсё скончылася. Вось куды, аказваецца, пераскочыла малпа з пляча галоўнага забойцы! Сталетаву яе сунулі, каб нёс у мяшку. Нібы наўмысна. «Летапісцу» — акурат. Жывы, дрогкі мяшок, i сам Сталетаў таксама паторгваецца, пераступае з нагі на нагу…
Нехта гукнуў:
— Давай мясі, калі мяснікі!
Чацвёра «не немцаў» , зачаравана слухаючы ціхія, напаўголаса, каманды свайго перакладчыка i беручы вінтоўкі за ствол, адступаюць ад другіх карнікаў, якія прысядаюць, уціскваюцца ў лазовы куст, а ён увесь ходзіць, дыхае, хістаецца. I гэтыя з вінтоўкамі-палкамі таксама ціхенька, сцеражліва хістаюцца, пераступаючы з нагі на нагу i ўзважваючы дубінны цяжар прыкладаў. Прымерваюцца i ўсё перагаворваюцца па-свойму, ціха i хутка пераклікаюцца. Перакладчык, рэзка ўскрыкнуўшы, нечакана кінуўся да майго ворага: ускінуты над брытай галавой прыклад, кароткі, пустагулкі хруст удару, адразу ж заглушаны зусім заячым крыкам немца-карантыша, на якога накінулася адразу двое!..
I аўтаматная чарга! Нечаканая, рэзкая, усё перакрэсліўшы, як палёгка, выратаванне.
Два карнікі з вінтоўкамі i некалькі немцаў, нязручна хапаючыся адзін за другога, за куст, асядаюць у ваду. Адгучала чарга, пранеслася рэха, а яны ўсё хапаюцца адзін за другога, усё падаюць. У перакладчыка твар незнаёма расслаблены, не лжывы: пастаяў, нізка абапёршыся на вінтоўку, i раптам крута баднуў галавой зямлю, гразь.
— К чорту! К чорту! — крычыць Пераход. Гэта ён страляў.— Усіх к чорту!
I тут адчайны стогн-крык за кустамі:
— Стой! Што робіце? Вы! Што робіце?
Мы кінуліся ўбок, за куст — такі гэта быў крык! Пераход-малодшы стаіць на каленях i нібы што шукае ў вадзе, разглядвае ў гразі: усё ніжэй i ніжэй схіляе галаву, твар. А партызан, што крычаў, ярасна глядзіць на нас i цягнецца да яго рукамі, ці то паказваючы на яго нам, ці то жадаючы падхапіць, падняць. У чарнаце, у гразі плавае, хутка разыходзячыся, цёмна-чырвоная пляма з сіняватым адлівам. Прыціснутая да фуфайкі, да жывата рука Перахода-малодшага страшэнна палымнее крывёю.
Пераход-старэйшы аглушана глядзіць на гэта. Зрабіў крок да карнікаў, схапіў двух — немца i «не немца» : ад яго цяжкіх рук яны зваліліся, але ён ускінуў ix на вялыя ногі i ўдарыў аднаго аб другога, i яшчэ, i яшчэ, з кожным разам слабей, але ўсё з большым адчаем i крыкам:
Читать дальше