На выпадак дажджу ў бамжа была падрыхтаваная нешырокая пячурка ў абрыве, дзе ляжала некалькі патушаных галавешак. Абпякаючы рукі, салдат пачаў пераносіць з кастра дробныя галавешкі, хаваць іх у пячурку. Але ён не пасьпеў. Зь неба раптоўна абрынуўся дождж-лівень, берагавы пясок умомант змакрэў, рака задымела ад струмянёў і бурбалак, касьцёр хутка асеў і патух. Ужо змокшы ў сваім бушлаце, салдат падаўся да пячуркі, каб неяк уратаваць наношаныя галавешкі, але з абрыву туды таксама паліліся дажджавыя ручаі, яны хутка залілі і пячурку, і ўсе галавешкі ў ёй. Тады хлопец стаў побач і роспачна апусьціў рукі…
Неўзабаве прыбег з балота бамж, таксама ўвесь змакрэлы, але з жабамі ў пале кухвайкі. Той адразу зразумеў, што сталася і, можа, упершыню брыдка вылаяўся.
— Ну што цяпер? Сырымі іх жраць?
Салдат змоўчаў, ня ведаючы, што сказаць, — усё ж ён пачуваў сябе вінаватым, што не ўбярог касьцярка. Але і як было ўберагчы ў гэтай залеве? Мабыць, бамж разумеў тое й не дакараў хлопца, толькі неяк надта засумаваў адразу. Ягоны звычайна дзейны, бадзёры настрой увачавідкі зьмяніўся на заклапочана-пахмуры.
— Дрэнь справы, — раздумна сказаў ён. — Што есьці будзем?
Што есьці, салдат ня ведаў; ня ведаў, што ў гэтай сытуацыі можна было прыдумаць, і ён вінавата маўчаў. Бамж абвяла апусьціўся на мокры пясок.
— І мне нешта сёньня… — сказаў ён і ня скончыў. Салдат занепакоена падняў галаву.
— А што?
— Ды ў грудзях душыць…
Салдат маўчаў, чакаючы, што бамж скажа нешта й яшчэ, але той не сказаў болей нічога. Яны абыдва сьціхлі пад здрабнелым ужо дажджом, размова далей ня йшла, кожны панура аддаўся ўласнаму клопату. Агульны, падобна, разам з дажджом адышоў стараной. Пасьля салдат павярнуўся і памалу падыбаў па змакрэлым беразе, шлёпаючы падэшвамі па набрынялым пяску.
Становішча іх пагаршалася. Толькі паспадзяваліся на лепшае, знайшлі, як уратавацца ад голаду, ды раптоўны лівень адабраў у іх надзею. Што яны цяпер без агню? Ды й бамж пачаў наракаць на здароўе. А нядаўна яшчэ выхваляўся: загартаваны арганізм, ніякая радыяцыя не бярэ. Не, мабыць, перад атамнай чумой ніхто не ўтрымаецца. Справа толькі ў часе…
Але што ж ім рабіць?
Нядаўна яшчэ шмат у чым, што тычылася іхнага тут побыту, салдат спадзяваўся на бамжа, чалавека болей спрактыкаванага ў зоне, мабыць, як і ў жыцьці таксама. Але во аказалася, што й бамж ня ўсё можа і нават ня ўсё ведае. Пра што-колечы трэба даўмецца самому. Калі ня позна…
Між тым насоўвалася сырая, сьцюдзёная ноч, належала паклапаціцца, як начаваць. У зямлянцы-нары ўсё абрушылася, лезьці туды было неяк. Трохі счакаўшы, пакуль сьціхне дождж, яны пачалі ўладкоўвацца на абрыве. Недалёка ў лесе салдат наламаў яловых галін, якія перацягнуў да абрыву, удвох з бамжом яны расклалі іх пад крайняй сукаватай хвояй.
— Ну й няблага! Праўда, салдат? — падбадзёрыў сябе й яго бамж. — Галоўнае, ня падаць духам. А там як-небудзь…
Падобна на тое, сам ён падаць духам усё не хацеў, усё чапляўся за нейкую прывідную надзею. Зрэшты, так, можа, і лепей, думаў салдат. Чым марнець ды стагнаць, лепш рабіць выгляд, што горшае не настала. Як настане, тады й паякочаш.
Але й як жыць з такім адчуваньнем?
Усё ж, мабыць, трэба б яму мець іншы характар, не рэагаваць так драматычна на нягоды жыцьця, — можа, так было б лепей. Навучыцца болей трываць, чаго ён ня ўмеў, хоць ужо й так натрываўся нямала. Калі б там, у казарме, ён неяк стрываў, перажыў сорам і абразу, як гэта зрабіў ягоны зямляк Пецюхоў, можа б усё й абышлося. А так нарабіў бяды і гэтаму сабаку Дробышаву, і сабе таксама. І калі Дробышаў заслужыў, што паймеў, дык завошта ён гэтак пакараў сябе?
Але й як было рэагаваць інакш ці не рэагаваць зусім? Ня мог ён ні скардзіцца начальству, ні дараваць крыўдзіцелям абразу. Колькі ён наслухаўся ў жыцьці ды начытаўся ў кніжках, што чалавек ёсьць стварэньне вышэйшае і павінны мець здольнасьць абараніць свой гонар. Дык вось ён і абараніў гэты гонар. І чаго тым дамогся?
Дамогся горшага, чым запэцканы гонар, — на гэты раз пагрозы жыцьцю. Што ўжо тут клапаціцца пра гонар, калі зьнікае магчымасьць жыць…
Во трапіў у ваўчыную яму. Колькі куды ні скачы — ня выскачыш.
Яшчэ не зусім сьцямнелася, як бамж лёг на калючую яловую кучу, падкорчыў ногі.
— Ну, а ты што? — гукнуў ён салдату. — Ідзі кладзіся. Удвох цяплей будзе…
Салдат доўга і моўчкі сядзеў поруч, думаў. І як зусім стала цёмна, таксама лёг плячмі да бамжа. Спакваля быцам зрабілася цяплей, памалу сунялася настылая дрыготка. І ён заснуў.
Читать дальше