— Не бойся, — сказаў ён. — Я таксама не лыкам шыты.
Сотнікаў засмяяўся аслабелым, ненатуральна кароценькім смехам, які прагучаў, нібы енк.
— Дзівак! З кім ты ўздумаў цягацца?
— А вот пабачыш.
— Гэта — машына! Або ты будзеш служыць ёй, або яна сатрэ цябе ў парашок! — задышліва прасіпеў Сотнікаў.
— Я ім паслужу!
— Толькі пачні!
Не, відаць, з ім не згаворышся, з гэтым дзіваком чалавекам, — падумаў Рыбак. Як у жыцці, так і перад смерцю ў яго на першым месцы ўпартасць, нейкія там прынцыпы, а ўвогуле ўся справа ў характары — так разумеў Рыбак. Але каму не вядома, што ў той гульні, якая завецца жыццём, куды з большым выйгрышам аказваецца той, хто ўмее хітраваць, хто дбае пра свой лёс, а не пра свой не заўсёды здаровы гонар. Ды і як жа інакш? Сапраўды, фашызм — машына, якая здратавала сваімі калясьмі паўсвету і бадай усю Эўропу, хіба можна ўвесь час бегчы ёй напярэймы і размахваць голымі рукамі? Можа, куды здатней будзе паспрабаваць ціхенька сунуць ёй між колаў якую-небудзь патарчаку; глядзі — забуксуе і тым дасць магчымасць уратавацца.
Сотнікаў змоўк ці, можа, забыўся ў знямозе, і Рыбак перастаў лезці да яго з размовай. Хай робіць, як знае, — Рыбак жа будзе кіравацца сваім розумам.
Ён скурчыўся на баку, паставіў каўнер кажушка. Пакуль што няблага было б падрамаць якую гадзіну, каб яснейшая стала галава, бо неўзабаве, мусіць, прыйдзецца папацець, каб як абысці свой лёс. Аднак ён верыў у сваю шчаслівую зорку і патроху ўпэўніваўся, што ягоныя адносіны з паліцаямі павярнулі ў патрэбны кірунак, якога і трэба пакуль што трымацца. Калі б толькі Сотнікаў сваёй недарэчнай упартасцю не сапсаваў яму ўсе разлікі. Але, мусіць, Сотнікаў доўга не працягне — на тое была ўся надзея. Дзіўна гэта было і незвычайна — жадаць смерці таварышу, але, пэўна, інакш не выпадае.
Задумаўшыся, Рыбак не адразу пачуў, як нешта ціхенька шкрабанула па ягоным боце, потым яшчэ раз. Ён варухнуў нагой і тады выразна пачуў пацука — шэры камяк матлянуўся ад бота да сцяны і стаіўся там; хвост яго тонкім кончыкам пугі насцярожана пралёг на саломе. Скалануўшыся ад гідлівага спалоху, Рыбак піхнуў туды абцасам — пацук піскнуў і шмыгануў некуды ў цёмны кут. Па шастанню саломы Рыбак адчуў, што ён там не адзін. Мусіць, трэба было чымсь шпурнуць у іх, ды нічога не траплялася пад рукамі. Тады Рыбак сарваў з галавы шапку і кінуў яе ў кут.
Калі там прыціхла, ён на кукішках споўзаў па шапку і зноў прыхінуўся плячамі да халоднай мураванай сцяны. Аднак спакой яго ўжо мінуўся, спаць ён не мог. Чакаючы новай атакі грызуноў, захінуў шынялём босую нагу Сотнікава і з незразумелым гідлівым страхам пачаў узірацца ў кут. Не мінула і хвіліны, як там падазрона заварушылася, зашкрэбла — мабыць, вылазілі зноў. Рыбак памацаў па сцяне рукамі, у адным месцы адкалупаў кавалак тынкоўкі, разламаў яго пальцамі і пачаў час ад часу шпурляць у кут — палохаць пацукоў.
Пётру прывялі няскора, мусіць, ужо на захадзе сонца, калі ў камеры зусім згусцеў змрок і акенца ўгары ледзь свіцілася скупымі рэшткамі марознага дня. Ды і ў дзвярах, калі яны адчыніліся, не было ўжо ранейшае віднасці — угнуўшы сівую галаву, стараста моўчкі пераступіў парог і сунуўся ў свой змрочны кут пад акенцам. Рыбак ля сцяны не варухнуўся, толькі сцяўся ўвесь, нібы стараючыся знікнуць у цемры гэтай смярдзючай камеры. Было боязна, што наступным зноў паклічуць яго, хоць ён разумеў, што ад паліцая гэта зусім не залежала. Але не паклікалі нікога, дзверы зачыніліся, лязгнуў засоў. Паліцай, аднак, — гэты раз нехта іншы, не Стась, — пайшоў не да прыступак, а павярнуў у другі бок па калідоры; неўзабаве недзе ў глыбіні склепа загрукала, пачуліся глухаваты вокрык і кароткі жаночы ўсхліп.
Гэта бралі жанчын.
Калі ў склепе зноў усё сціхла, да Рыбака памалу пачала вяртацца яго раўнавага. Што ж, бяда пакуль мінула яго, спасцігла другога, і гэта, як заўжды на вайне, насуперак усяму, супакойвала. Нібы тым самым давала яму нейкія шансы выжыць. Хоць, вядома, шансы гэтыя былі дужа хліпкія.
Рыбак не меў ніякай ахвоты размаўляць з Пётрам, падобна было, старасту білі не дужа, ва ўсякім разе не так, як Сотнікава. Але тое, што ён гэтак маўкліва-адчужана сцішыўся ў сваім куце, нядобрым прадчуваннем занепакоіла Рыбака.
— Ну як? Абышлося? — знарок бадзёра і трохі помсцячы за ягонае ж падобнае пытанне, запытаў Рыбак.
Пётра не варухнуўся, памаўчаў. Пасля азваўся надта невясёлым голасам:
— Не, пэўне, не абыдзецца. Кепскія нашы справы.
Читать дальше