— Не дажджацеся. Не выдам.
— Не выдасі ты — другі нехта выдасць. А спішам на цябе. Паняў? Ну, як?
Сотнікаў маўчаў, яму рабілася млосна. Цела пакрылася потам, стала не да іроніі. Ён адразу адчуў, што гэта не проста пагроза, шантаж — яны здольны на ўсё. Гітлер іх вызваліў ад сумлення, ад людскасці і нават звычайнай чалавечай маралі, іх звярыная сіла ад таго, вядома, пабольшала. Ён жа перад імі толькі чалавек. Ён звязаны дзесяткам абавязкаў перад людзьмі і Радзімай, магчымасць хлусіць і апраўдвацца ў яго не надта вялікая. Так, іх сродкі ў гэтай барацьбе аказаліся няроўныя, перавага была на баку ворага: што выстаўляў Сотнікаў, тое з надзвычайнай лёгкасцю абвяргаў следчы.
Расставіўшы ногі ў абвіслых на каленях брыджах, Партноў упёрся ў яго вострым позіркам і чакаў. Сотнікаву было надта кепска, і ён пакутна падбіраў словы ў адказ, адчуваў — гэта будуць апошнія яго словы, і не знаходзіў нічога. Правая рука следчага асцярожна цягнулася да прэс-пап'е на стале.
— Ну?
— Сволачы!
Следчы трошкі паспешлівей, чым трэба было, схапіў прэс-пап'е і прыстукнуў ім па стале, нібы ставіў апошнюю кропку ў гэтым бяскроўным і тым не меней жахлівым допыце.
— Будзілу ка мне!
У калідоры пачулася зычнае: «Будзілу к спадару следчаму!» — пасля чаго Партноў спакойна абышоў стол і ўсеўся ў сваім крэсле. На Сотнікава ён ужо не глядзеў, нібы яго і не было тут. Ён пачаў закурваць. Здаецца, яго місія была скончана, пачыналася другое аддзяленне допыту.
Сотнікаў увесь напружыўся: урэшце надышоў час таго, кім яго палохалі яшчэ ў вёсцы. І хоць ён ужо не чакаў нічога добрага і гатовы быў да найгоршага, але цяпер аж здрыгануўся, калі дзверы шырока расчыніліся і на парозе з'явіўся Будзіла.
Мусіць, гэта быў тутэйшы паліцэйскі кат — здаравенны бугай на два метры росту, з касцістым, нібы конская морда, тварам і аднавокі. Палохаў увесь яго драпежны медзведзяваты выгляд, асабліва вялізныя касматыя рукі, якія ён нёс, нібы цяжкія, абвіслыя долу рычагі. Таксама, мусіць, па ўсталяванай тут завядзёнцы, увайшоўшы, коса прыцэліўся ў ахвяру сваім цэлым вокам.
— Ану!
Сотнікаў сядзеў, рызыковым непаслушэнствам адцягваючы нешта безумоўна для сябе жахлівае. Тады той з размеранай спаважнасцю падышоў бліжэй і вялізнай пяцярнёй шырока і ўчэпіста згроб на запалых грудзях Сотнікава яго шынелак.
— Ану, бальшавіцкая гніда!..
«Дастукаўся!» — паныла, без злосці падумаў Рыбак, калі Стась яшчэ на двары схапіў Сотнікава. Паліцай бесцырымонна павалок таго ў памяшканне, а для іх з Дзёмчыхай адчыніліся ўнізе пад ганкам дзверы ў склеп. Ім развязалі рукі і падвялі да прыступкаў. Дзёмчыху штурхнулі туды сілай, Рыбак пайшоў сам.
У склепе было цёмна, ці, можа, яму здалося так пасля дзённага святла на дварэ. Паліцай, што ішоў спераду, загрукаў, залязгаў жалезнымі засовамі, а ён, упёршыся ў самыя плечы Дзёмчыхі, спыніўся, паціраючы набрынялыя свербам рубцы на руках.
— Марш, марш! Што стаў! — падштурхнуў яго той, што ішоў ззаду.
Аказваецца, наперадзе ўжо адчыніліся новыя дзверы ў цемру. Рыбак праціснуўся каля Дзёмчыхі, угнуў галаву і апынуўся на парозе нейкай затхлай, смярдзючай каморкі. Ён нічога не бачыў тут, маленькае акенца слепа свяціла пад столлю, унізе быў змрок. У нос шыбала чымсь кіслым, нясвежым, цяжкім для грудзей, і ён спыніўся, не ведаючы, куды ступіць ад дзвярэй.
Ззаду тым часам бразнуў засоў, Дзёмчыха асталася з паліцаямі, і нечы голас там запытаўся:
— А бабу куды? У вуглавую?
— Давай у вуглавую.
— Штось пуста сёння?
— Немцы ўчора разгрузілі. Адно жыдзянё асталося.
Яны адышліся, недзе непадалёк забразгаў засоў, і тады ён, трохі ўжо абвыкшыся ў змроку, згледзеў яшчэ некага ў куце. Заняты чымсьці сваім, чалавек варушыўся-корпаўся, не то распранаўся, не то слаў пад сябе адзежыну — мусіць, рыхтаваўся легчы. Цьмянае акенца амаль не свяціла на яго месца, толькі сівая галава чалавека ды плечы то з'яўляліся, то прападалі ў рэдзенькім сейве святла.
— Сядайце, чаго ж стаяць. Стаяць ужо няма чаго.
Рыбак здзівіўся і нават міжвольна ўзрадаваўся: голас старога здаўся знаёмы, і ён тут жа ўспомніў: стараста! Ну так і ёсць, у куце варушыўся іх начны знаёмы, лясінаўскі стараста Пётра.
— І вы? — вырвалася ў Рыбака.
— Ды во, папаў. Авечку ж апазналі, ну і…
«Так, так», — стукала ў галаве недарэчная думка, хоць усё ўжо было зразумела. Дзіўна, але ён толькі цяпер успомніў тую злашчасную авечку і толькі цяпер з недаравальным спазненнем падумаў, чым яна можа абярнуцца яе гаспадару.
Читать дальше