— Сюды, сюды…
Дзесьці ў запечку гаспадыня адкінула паласатую посцілку-занавесь, Вацык знаёма стукнуў клямкай дзвярэй, і на яе дыхнула сцюжай і — воляй. «Дзякуй!» — кінула яна шэптам і, наткнуўшыся на штосьці ў цемры і ледзьве не ўпаўшы, ірванулася да выратавальна расчыненых на двор дзвярэй.
Ну, вядома, тут быў раней не заўважаны імі чорны ход з хаты на панадворак з дрывотняй каля парога і раскіданымі вакол тоўстай калоды палкамі; трошкі ўбаку грувасціліся заснежаныя камлі складзенага пад сцяной бярвення; яна кінула позірк у другі бок — зводдаль за плотам цямнела на гародзе лазня, каля якой яны нядаўна ішлі, кіруючы да сядзібы.
— Туды, туды бяжыце! — махнуў ёй з парога Вацык, і яна цераз праломіну ў загарадзі пабегла да лазні.
Яна бясконца доўга імчала па снезе якіх-небудзь паўсотню метраў да лазні, увесь час чакаючы крыку або нават стрэлу ззаду, цяпер яна ведала, што літасці ёй не будзе. Але прысадзістая хата з трысценам, напэўна, затуляла яе ад двара, ці, можа, Антон усё яшчэ быў у хляве, шукаў каня. Дзіўна, але менавіта ў гэтыя секунды яна амаль прагнула ягонага крыку, яна хацела пачуць ягоны спалох, разгубленасць, няхай бы страляў, чорта б цяпер ён у яе пацэліў. А наконт бегу яна яшчэ магла паспаборнічаць з ім, няхай паспрабуе яе дагнаць.
Але пакуль што ён не крычаў і не кідаўся яе даганяць, мабыць, ён яшчэ не заўважыў яе ўцёкаў, і яна з ашалелым дыханнем забегла за лазню. Далей за плотам і нешырокай паласой гарода цямнелася ўночы высокая сцяна лесу, які гатовы быў уратаваць яе, пакуль не спахапіўся Галубін. Але ці ад знямогі, ці яшчэ чаму яна не кінулася далей, у лес, а прыпала плячыма да сцюдзёных бёрнаў сцяны, і слёзы зноў пакаціліся з яе вачэй.
— Ах ты, нягоднік! Ах, нягоднік… — сказала яна сабе і замерла — у двары пачуўся знаёмы Антонаў голас. Але голас быў у меру спакойны, без крыку і трывогі, штосьці ён пытаўся там, і яму ціха адказаў гаспадар. Здаецца, ён усё яшчэ не заўважыў яе ўцёкаў — яны гаварылі там пра каня. Але што будзе, калі ён вернецца ў хату і не знойдзе яе? Ён жа можа перастраляць там усіх, адразу зразумеўшы, што ёй дапамаглі ўцячы. Божа, што толькі чакае гэту няшчасную сям’ю?..
Яна зірнула з-за вугла, але ў двары між цёмных сцен хаты і хлявоў нічога не было відаць. Антон з гаспадаром кудысьці пайшлі, можа, ужо вярнуліся ў хату. Ведама, ёй трэба было зараз жа бегчы ў лес, можа б, ён не адразу кінуўся за ёй па слядах, але яна ўсё стаяла. Яе зноў быццам паралізавала за гэтай пракапцелай лазняй, уся яна калацілася ад ветру і сцюжы і з жахам чакала стрэлаў і крыкаў — цяпер ужо не з двара, а ў хаце.
— Ах ты, нягоднік! Ах, здраднік!..
Не здольная што-небудзь рашыць і ўсё нервова дрыжучы ад сцюжы і страху, яна стаяла каля сцяны ўжо хвіліну ці болей, адчуваючы толькі, як знікае шанец на паратунак… Раптам яна зноў пачула галасы ў двары, і гэта вярнула ёй частку смеласці, — значыць, яны яшчэ не ў хаце. Самае страшнае адкладвалася на хвіліну-другую. I тады, усё ўзіраючыся з-за няроўнага вугла лазні ў двор і будынкі, яна ўбачыла на шэрым снезе падворка дзве цьмяныя зводдаль постаці — высокую Антона і прысадзістую гаспадара, якія кудысь шыбавалі — у напрамку пуні, ці што. Тут толькі яна здагадалася, што ён будзе шукаць у гумне, што, мабыць, каня ён яшчэ не знайшоў. Тым самым ён дараваў ёй яшчэ некалькі скупых хвілін, і яна раптам зразумела, што зробіць.
Трошкі беручы ўбок, каб затуліцца за хатай, яна кінулася назад на падворак. Хвіліну назад, выбегшы з хаты, яна ўбачыла ўбіты ў калоду тапор. Цяпер, нібы кошка, крадучыся каля сцяны, яна ўбегла на дрывотню і схапілася за гладкае сцюдзёнае тапарышча, аберуч з натугай выдзерла тапор з калоды. Пасля абабегла хату з другога боку, пералезла цераз невысокі штыкетнік агароджы, ускочыла на знаёмы ганак з вялізным замком на дзвярах. Але на ганку схавацца не было дзе, усё тут было адкрыта, а зноў бегчы цераз дрывотню ў хату ўжо не ставала часу. Ведама, яна нічога як след не абдумала і нават не агледзелася, але інакш яна не магла. Па-ранейшаму яе душыла крыўда, слёзы не давалі глядзець на свет. I яна ледзьве прымушала сябе да сцярогі. Прабегшы па двары да вугла, каб зірнуць на пуню, яна тут жа адхіснулася да сцяны — яны ўжо ішлі па снезе ад пуні назад. Зоська прыціснулася спіной да сцяны і ўзняла тапор. Іхнія крокі ўсё блізіліся, сэрца яе тоўхалася ў грудзях, ледзь не грукаючы аб бёрны сцяны, даўкі камяк перасеў у горле. Але яна не заплакала, яна толькі праглынула слёзы і, як толькі ён ступіў з-за вугла, з усяе сілы замахнулася над галавой тапаром. Тут жа яна сцяміла, што няўдала, Антон крута, па-ваўчынаму вывернуўся і моцна ўдарыў сам. Занесены на другім узмаху тапор стукнуўся аб сцяну і адляцеў на снег, Зоська крыкнула, а ён, мацерна, са злосцю вылаяўшыся, паваліў яе долу, выцяў раз і другі, прыўзняў, скалануў і зноў выцяў.
Читать дальше