Сеўшы на лаўку, Антон адчуў, як цягуча загуло ў галаве, — такое было з ім не часта. Праўда, пакуль што ён не лічыў становішча безнадзейным, але з асаблівай выразнасцю адчуў, што гэта ўпартая недарэка яшчэ наробіць яму клопату. Тым болып зацягнуўшы яго на гэты ідыёцкі хутар, да гэтых невядома ў чыю карысць настроеных гаспадароў. Зрэшты, гаспадароў ён мала баяўся, ён быў упэўнены, што з імі ўправіцца, хоць бы з дапамогай зброі. Было б, аднак, лепш, калі б яны паводзілі сябе ціха і не лезлі ў ягоную драму.
А без драмы, бадай, не абысціся, думаў Антон. Як ён таго не хацеў, а здаецца, прыйдзецца прымяніць сілу, іншага выйсця ў яго не заставалася. Кінуць яе тут адну ён не мог: што яму было рабіць без яе ў Скідзелі? Пра вяртанне яго ў атрад не было чаго і думаць — лес ён пакінуў ужо назаўжды. Але ён блізка быў да таго, каб апынуцца ні з чым — выйсці з лесу і не дайсці да мястэчка, што было раўназначна пагібелі.
Гаспадары пра штосьці ціха шапталіся ля печы, крадком кідаючы асуджальныя позіркі то на яго, то на Зоську, якая нібы скамянела ў канцы стала. Пакуль што яны не ўлазілі ў чужы і, мабыць, не дужа зразумелы для іх канфлікт, і Антон падумаў, што, магчыпа, пашэнціць настроіць іх у сваю карысць, супраць гэтых выбрыкаў Зоські.
— Во, — кіўнуў ён на яе. — Уперлася жонка. Спадабалася ей у вас, не хоча ісці.
— Я табе не жонка! — тут жа рэзка адказала з-за стала Зоська.
— Як гэта — не жонка? — са шчырым здзіўленнем сказаў Антон. — Во дае баба! Ад мужа адмаўляецца.
— Лжэш! Ты ніякі мне не муж! — з надрывам выкрыкнула Зоська і заплакала.
Антон трохі сумеўся. Ён заўжды трохі бянтэжыўся ад слёз жанчыны і не ведаў, што рабіць далей. Але ўсё ж ён рашыў трымацца таго варыянта, што Зоська — ягоная жонка, якая распачала дробязную сварку з мужам.
— Ну што возьмеш з бабы! — развёў ён рукамі, звяртаючыся да гаспадара, які заклапочана тэпаў ля печы і ніяк не азваўся на ягоныя словы.
Зоська, аднак, хутка перастала плакаць, пальцамі выцерла слёзы, паправіла хустку на галаве. Антон неўпрыцям пазіраў на яе, і некалькі разоў у ягонай душы варухнулася недарэка-спагада — нашто так упарціцца? Ужо ён старэйшы за яе і лепш разумеў у жыцці, магчыма, ён бы ўратаваў яе ад пагібелі і яшчэ б уладкаваў яе лёс. Толькі б яна даверылася яму. Дык не. Давяла ўсё да сваркі, якую невядома як уладзіць цяпер пры чужых людзях.
— Зося, — сказаў ён і ўстаў з лаўкі. — Ну не хочаш ісці ў мястэчка, дык давядзі мяне хоць да ваколіцы. Пасля пойдзеш, куды захочаш.
У тым была ягоная хітрасць — на ўскраіне мястэчка ўжо ён бы з ёй справіўся. Зоська на хвіліну прыціхла, быццам абдумваючы яго прапанову, і адказала:
— Не!
— Я не ведаю, з якога там боку і падысці, — хітраваў ён.
— Дарога прывядзе.
— Дарога прывядзе. Але… Няёмка па дарозе.
— У людзей запытаешся.
Аднак, чорт пабяры, пакуль нічога не атрымлівалася. Няўжо і сапраўды нічога не выйдзе і яму давядзецца аднаму ісці ў Скідзель? I аднаму прыйсці да Капыцкага? Але як бы яго, аднаго, не палічылі за партызанскага шпіёна, які мае заданне ўладкавацца ў мястэчку, Капыцкі ж таксама можа ў ім усумніцца, не глядзі, што зямляк. Усё ж свая кашуля кожнаму бліжэй да цела, а ў такі час нядоўга расстацца і з кашуляй, і з уласным целам таксама.
Не, яму абавязкова патрэбна была яна — як жонка, гаспадыня і, што важней за ўсё, — як заложніца. Заложніца — якая ні ёсць гарантыя для немцаў і для таго ж Капыцкага, асабліва калі мець на ўвазе яшчэ і яе маці. Антон ужо ведаў, што да чалавека з заложнікамі — сям’ёй, дзяцьмі, маці — немцы ставіліся куды з болыпым даверам, чым да адзіночкі, у якога ні кала ні двара, а толькі адны, хай сабе самыя лепшыя, намеры. Як усе дзелавыя людзі, немцы любілі гарантыі.
Але вось вазьмі яе, гэтую гарантыю, што скамянела ў сваёй дзікай упартасці за сталом на лаве.
Аднак ішоў час, напэўна, ужо была блізка поўнач, Антон недаравальна траціў адну за адной усе і без таго нешматлікія свае магчымасці і пачынаў нервавацца. Так, халера на яго, нядоўга і зусім застацца ні з чым. Асабліва калі зважаць на гэтую ўпартасць ды азірацца на гаспадароў. Але ўжо з гаспадарамі ён цырымоніцца не меў намеру.
— Эй, ты! — рэзка павярнуўся Антон да Стэфана. — Давай вяроўку!
— Што пан хцэ? — здзівілася гаспадыня, ступаючы наперад і як бы засланяючы сабой гаспадара.
— Давай вяроўку! Жыва!
Гаспадыня збялела, уставілася ў яго поўны змрочнай рашучасці твар, а гаспадар стаяў ззаду, мабыць, не маючы адвагі выканаць ягоны загад без дадатковай каманды жонкі.
Читать дальше