Яны з’елі па місцы грэцкай з малаком кашы, выпілі заваранага сушанай малінай чаю. Вацык далікатна стаяў зводдаль, і Зоська запрасіла яго за стол, дзе ён разам з гасцямі таксама выпіў кубак чаю. Усё тут было проста і лёгка, у гэтай акуратнай гасціннай хаце, дзе іх частавалі быццам даўніх добрых знаёмых. Зоська старалася не размаўляць з Антонам, які таксама маўчаў і, хоць меў заклапочаны выгляд, аднак са смакам еў усё, што было на стале. Зоська напружана думала, што рабіць, калі яны павячэраюць. Тут, пры сведках, яна не магла болей нешта тлумачыць, спрачацца, хаця ўсе спрэчкі, здаецца, былі ўжо скончаны. Важна было зразумець таксама, за каго іх прымае гаспадыня — за партызан ці, можа, за якіх паліцэйскіх агентаў. А можа, ні за тых, ні за іншых, а проста за двух людзей, якія задарожыліся па начы і зайшлі адпачыць. Так было б лепш за ўсё. А калі не так? Усё ж хутар стаіць пры лесе і паблізу ад мястэчка, напэўна, яны тут — не першыя госці.
Душэўны неспакой Зоські надта азмрочваў цеплыню гэтай гасціны, якая, аднак, канчалася. Праўда, Зосьцы хацелася як мага болей часу праседзець тут, можа, заначаваць нават. Але Антон, відаць, быў настроены інакш і, з’еўшы ў дадатак да ўсяго кавалак хлеба з салам, устаў з-за стала.
— Ну, пані, дзякуй. Так накарміла, што дай табе Бог здароўя.
— I пану нех Бог дае здароўя.
— Дасць, куды дзенецца! Як кажуць, пагрэліся і пара ў пуць-дарогу.
Ён пачаў вылазіць з-за стала, і ў Зоські трывожна застукала сэрца ад думкі, што зараз трэба наважыцца. Трэба адмовіцца ісці з ім далей, няхай ідзе, куды хоча, адзін.
— Можа, у пані і закурыць знойдзецца? — звярнуўся Антон да гаспадыні.
— Ест, ест, — пацвердзіла тая. — Стэфан, пану пшыпаліць!
Паслухмяны гаспадар на гэты раз без слоў падаўся на другую палову хаты і вярнуўся са скураным капшуком у руках. Мужчыны павольна згарнулі цыгаркі, пасля Стэфан дастаў на канцы лучынкі агеньчык з печы, і яны прыкурылі.
— Ну, як жывецца на хутары? — пацікавіўся Антон, праз дым выпрабавальна пазіраючы на гаспадара. Той, быццам не ведаючы, што адказаць, пашкроб патыліцу.
— Так, пан. Калі як. То добжа, то кепско.
На яго зарослым густой шчэццю твары адбілася клопатнае напружанне думкі, і ён таксама з прыкметнай увагай паглядзеў на госця.
— Што, мусіць, не даюць спакою пад лесам?
— Так. Калі не даюць. А калі і даюць.
— А хто турбуе? Немцы? Партызаны?
— Як пану сказаць? Калі так, калі гэтак.
Аднак хітраваты мужычок, не глядзі, што праставаты з выгляду, падумала Зоська, пазіраючы на вялікую, з дымнай цыгаркай руку гаспадара ля печы. Рука яго, аднак, была спакойная, і ўся яго сялянская пастава сведчыла пра зважлівае чаканне, і нічога болей. Сам ён надта гаварыць не меў ахвоты. Гаспадыня прыбірала посуд, пераставіла ў пячурку капцілку, каб у трысцене было святлей, яна не ўдзельнічала ў размове мужчын. Вацык нізка сядзеў на чымсь у дальнім цемнаватым кутку, не зводзячы ўважлівых вачэй з Антона і Зоські.
— Ну што ж, нам пара, — Антон загасіў у пальцах цыгарку. Рэшту яе запіхаў за пакамечаны адварот шапкі і надзеў папку на галаву. — Зося!
Нагнуўшы галаву, Зоська нерухома сядзела ў канцы стала.
— Давай патопалі. Перадыхнулі, паелі, — сказаў Антон і ўстаў, загарадзіўшы сабой палову трысцена.
Зоська паволі падняла галаву, убачыла звернутыя да яе запытальныя погляды гаспадыні ад печы, гаспадара з лаўкі насупраць. Нешта, відаць, яны адчулі ў яе паводзінах, і гэта насцярожыла іх.
– Ідзі адзін, — хрыплавата ад хвалявання выціснула яна. — Я тут застануся.
— Хе! — сказаў Антон. — Навіна! Як гэта — застануся?
— Проста. Застануся на хутары.
Яна ўжо справілася з першым самым трудным для яе хваляваннем і стала нязломнай. Галоўнае было зроблена — яны размяжоўваліся. Дапушчаную ёю легкадумнасць трэба было выпраўляць, і тым лепш, чым хутчэй.
— Пагадзі, — спакойна сказаў Антон пасля нядоўгай напружанай паўзы. — Ты гэта — сур’ёзна?
— Сур’ёзна.
— Не панімаю.
— Што панімаць? Я з табой не пайду.
— Гэта чаму?
— Ты знаеш чаму.
Хаця і было цёпла, але яна трэслася ў нервовым напружанні. У адказ на ягоны спакой ёй хацелася закрычаць, заплакаць, але яна стрымлівала сябе, усё ж тут былі людзі, якія няблага аднесліся да яе і не ведалі нічога з таго, што адбылося між імі. Антон у роздуме нядоўга пастаяў ля стала, пасля адступіў назад і прысеў на лаўку.
— Не, так дзела не пойдзе! — са спакойнай цвёрдасцю аб’явіў ён. — Так нічога не выйдзе.
Гаспадыня жэстам адправіла Вацыка на другую палову хаты, Стэфан падышоў да жонкі, і абодва яны са здзіўленнем пазіралі на Зоську, мала што разумеючы. Стала ціха. Дровы разгарэліся ў печы, і па столі і бярвенні сцяны бегалі барвовыя водсветы. Зоська зразумела, што не мінуць чагосьці агіднага, але яна цвёрда рашыла стаяць на сваім.
Читать дальше