— Ах ты, курва тваю маць! Што ўдумала… Ах, курва!..
Нядоўга, але без літасці збіўшы яе на снезе, Антон уцягнуў Зоську ў трысцен. На гэты раз яна не супраціўлялася, адразу абяззброеная не так яго азвярэлым напорам, як сваёй страшэннай няўдачай. У думках яе злосна пыхнула: «Забівай, гад!» I яна спярша нават не адчула болю, зразумеўшы нарэшце, што цяпер ужо ўсё. Цяпер ужо надзеі ў яе не засталося ніколечкі.
— Мярзаўка, што ўдумала! Ах, курва! — распалены шаленствам, хрыпеў Галубін, кінуўшы яе на падлогу. — Я да яе па-добраму, а яна… А вы! — раптам вызверыўся ён да разгубленых і напалоханых гаспадароў хутара, што прыціхлі ля печы. — Ты яе выпусціла, сцерва! — закрычаў ён і пагрозліва ступіў да гаспадыні.
— Не, не, пан! Ніц не вем…
— Не вем! Я табе пакажу — не вем! Усіх разам прыкончу! I таго выпаўзка таксама! Падла! — пагрозліва вертануўся Антон да гаспадара. — Каня ўсё ж схаваў, сволач! Цяпер сам яе панясеш!
Паволі, без сіл, прыўзняўшыся ў доле, Зоська выплюнула крывавую сліну. Здаецца, ён выбіў ёй зуб, вельмі балела сківіца, заклала ў баку, не было як дыхаць. Пакуль ён пагражаў гаспадарам, яна села, знямогла абаперлася рукамі аб зямлю. З рота ўсё ішла кроў, і яна думала: што будзе далей? Раззлаваны няўдачай, ён мог кожную хвіліну пазабіваць усіх у гэтай хаце. Праўда, за наган ён яшчэ не хапаўся, напэўна, жывыя яны былі яму болей патрэбныя. I болей за ўсіх, канешне, патрэбна была яму Зоська. Інакш з кім ён прыйдзе Да той паліцыі ў Скідзелі? Значыць… Значыць, будзе лепш, калі ён яе не давязе да Скідзеля. ёй трэба памерці раней. Так будзе лепш для яе самой, для тых, хто ў атрадзе, для сувязных у вёсках. Нарэшце, для яе маці ў Скідзелі. Зосьцы трэба як найхутчэй памерці і тым адвесці ганьбу і вялікую бяду ад многіх.
Новы паварот у яе становішчы асвятліў усё іншым святлом, надаў новае адценне ўсім яе думкам, па-іншаму павярнуў яе намеры. Яна ўся аціхла, сцялася, засяродзілася на сваёй новай мэце. Цяпер ёй стала не да задання, якога яна не магла выканаць, адпаў клопат аб тэрмінах, нават прапала спачуванне да гэтай во добрай жанчыны і яе сына Вацыка. Каб не нарабіць ім бяды, яна павінна як мага хутчэй развітацца з жыццём, у якім чакала яе горшае, чым сама смерць.
Але як гэта зрабіць?
Яе доўга і падрабязна інструктавалі ў атрадзе, пасылаючы на гэта заданне, яна вывучыла на памяць усе паролі і водзывы, запомніла нямала імён людзей і назваў хутароў і вуліц. Яна старалася даведацца і запомніць усё, што магло ёй спатрэбіцца, і ведала многае, апроч самага важнага: як лепш памерці ў самы апошні момант, калі жыццё абернецца для яе бядой.
Седзячы на падлозе, яна крадком агледзела змрочныя закуткі трысцена, зірнула ў цемру пад лаўкай, пад стол, разы два зірнула на сцяну ля парога. Там вісела нейкая вопратка, каромысла, стары картух на цвіку, але не было нічога такога, што магло б спатрэбіцца ёй. На падлозе ляжаў кавалак вяроўчыны, перарэзанай Вацыкам, але што карысці цяпер з вяроўкі? Заставалася адно: выхапіць у Антона наган і застрэліць яго і сябе. Гэта было б здорава!.. Але калі забіваць яго, дык нашто забіваць сябе? — падумала Зоська. Тады, можа, удасца выратавацца. Значыць, так: забіць яго і выратавацца. Адна спроба не ўдалася, можа, удасца другая.
Здаецца, зноў паявілася хоць слабенькая надзея, і Зоська, трохі аддыхаўшыся, пачала патрошку сачыць за Антонам, які хадзіў па трысцене. Яна чакала, што ён падыдзе бліжэй і тады… У руках яе была яшчэ сіла, мабыць, яна б яшчэ змагла выхапіць наган, рукаятка якога заўжды трохі тырчэла ў яго з-за пазухі. Але Антон быў заняты гаспадарамі і на яе амаль не звяртаў увагі. Яму зноў карцела наконт каня.
— Дык дзе ўзяць каня? — строга запытаў ён, спыняючыся перад гаспадаром. Той недаўменна паціснуў плячыма.
— Не вем, пан. Нема коня. Пан бачыў…
— Бачыў! Схаваў, зараза! Цяпер ты во што… Вёска далёка?
— Яку пан мысліць вёску?
— Любую. Якая бліжэй. Колькі кіламетраў? Гаспадар моўчкі зірнуў на жонку.
— Вёска? Вёска ест блізка. Пенць кілёмэтраў, — сказала гаспадыня, і абое яны ўставіліся на Антона, відаць, не разумеючы, што той удумаў.
— А хутар? Хутар ёсць бліжэй?
— Хутор ест.
— Колькі кіламетраў?
— Кілёмэтраў два бэндзе, — адказаў гаспадар. — Блізко ест хутор.
— Ага! Значыць, так! — узрадавана рашыў Антон. — Ты топай на хутар і каб праз гадзіну быў тут з канём. Паняў? Перш чым што-небудзь сказаць, гаспадар цяжка ўздыхнуў.
— Так, пан. Але сасед не бардзо дасць коня. Многа лепш бэндзе, калі пан сам сходзіць на хутор.
Читать дальше