— Добра.
Маркін няспешна, неяк быццам апанураны чымсь, патупаў ад акопчыка на пагорак і хутка знік у цемры. Не паварочваючыся ў той бок, камбат нейкі час яшчэ чуў ягоныя крокі ў мерзлым доле, адзін раз нават моцна дзёўбнула штось, — мабыць, Маркін спатыкнуўся, затым усё сціхла. Маркін ніколі асабліва не злаваў яго, ніколі не аспрэчваў яго распараджэнняў, спраўна выконваў усе патрабаванні з палка, але заставацца дзе-небудзь удвух з ім Валошыну часам было амаль непрыемна. Чымсь начальнік штаба выклікаў да сябе нейкую неўсвядомленую насцярожа-насць, недаўменнасць, было такое ўражанне, нібы чакаў што ад камбата, але што — той не мог зразумець. Праўда, Валошын мала думаў над тым, але прыцьмелая непрыемнасць, што ішла ад лейтэнанта, стала амаль звыклай у яго пачуццях да Маркіна, хоць Валошын яшчэ нічым не выказаў яе.
Затуліўшыся ад ветру, камбат ціха стаяў ля бруствера, агорнуты ноччу, сцюжай і цішынёй. У дваццаці кроках наперадзе скупа бялеў у хмыззі лёд — шэрыя, аплаўленыя, з умерзлай травой плахі паміж куп'я, за якім на голым крутаватым схіле, прытаіўшыся, рабілі сваю справу немцы. I, дзіўная справа, тут, дзе было куды бліжэй да іх, чым ад яго КП, камбату адчувалася куды як спакайней, тут знікала адзінота, заступала адчуванне туташнасці з уласцівай яму ўтульнай надзейнасцю, якую магчыма адчуць толькі дома. Так, ягоны батальён здаўна і звыкла быў яму домам, ягонай крэпасцю і аховай — іншага для сябе прытулку на вайне ён не ведаў.
Калі вярнуўся Муратаў, ён ціха стаяў ля ягонага акопчыка, і лейтэнант, мусіць, падумаўшы, што камбат нешта слухае, сціпла спыніўся побач. Валошын сапраўды ўслухоўваўся, чакаючы якога сігналу з-пад змрочных гарбоў за балотам, але адтуль не далятала ні гуку, адно толькі на балоце шастаў голым кустоўем вецер. Разведчыкі нібы прапалі — ці то яшчэ дабіраліся да нямецкай пазіцыі, ці, можа, ляіжалі дзе каля яе.
Валошын няспешна пайшоў па-над ланцугом у напрамку да роты Кізевіча, Муратаў са зважлівай маўклівасцю скіраваў следам.
— Як вы размеркавалі папаўненне? — напаўголаса запытаў камбат.
— Усіх у адын узвод.
— Усіх? А камандзір узвода?
— Сам буду камандыр узвода. Буду под рукой дэржаць. Сам — гэта ўжо стыль Муратава. Не любіць чакаць,
перакладваць на іншых. Зрэшты, цяпер, мабыць, не было на каго і перакласці: з узводных сярэдніх камандзіраў ніводнага, сяржантаў на роту два чалавекі, можа, так будзе і лепш, калі сам.
Недзе павінен быў пачацца ланцуг дзевятай, разрыву ў яе з восьмай амаль не было. Ля акопчыка сядзелі і стаялі, павылазіўшы на паверхню, байцы, некаторыя капалі, відаць, каб не мерзнуць дарма. Камбата з камандзірам роты пазнавалі здаля, па размове — мусіць, тут былі стараслужачыя.
— Ну і які настрой у новенькіх?
— А, какой настрой! Прысталі, спаць хацят. Акапывацца не хацят.
— Акапацца трэба.
— Я сказал: одын ячэйка на два чалавек.
— Во як?
Вядома, гэта было няправільна. Двум чалавекам у адной ячэйцы можна хіба што хавацца ад артабстрэлу, але не самім весці агонь. Трэба б акапацца як мае быць — кожнаму па ячэйцы ў рост, калі б толькі быў час. А так, вядома, ноч пракалупаюцца ў зямлі, а заўтра ў баі будуць як сонныя мухі,— што тады з іх возьмеш?
Муратаў засяроджана маўчаў, нібы пакрыўджаны, хоць крыўдзіцца, здаецца, не было за што. Валошын гэта адчуў, пачакаў крыху і запытаў:
— А ў вас як настрой?
— А што настрой! Плахой настрой, — проста сказаў лейтэнант.
— Гэта чаму?
— Часы сталі.
— Якія часы?
— Мой часы. Взял і стал. Паслушал — стаіт. Завёл — стаіт.
— Ну і што? — падумаўшы, запытаў камбат.
— Так, нічего, — скупа адказаў ротны.
— Значыць, барахло часы. Кіраўскія?
— Нямецкія.
— Ну нямецкія — штампоўка. Гэта не часы, а дрэнь. Мае вось не спыняюцца.
Ён дастаў з кішэні важкаваты круглячок трафейнага швейцарскага гадзінніка, звыкла адчуваючы пад рукой жвавае металічнае цоканне яго механізма. На цыферблаце, які заззяў у цемры зялёнымі іскрынкамі, было без малага дзве гадзіны ночы.
— Мой барахло, — пагадзіўся Муратаў.— У Рубцова взял. Артподготовка был, Рубцов пасмотрел: стоят. Говорит, на, Муратов, мне уже не понадобятся. В атаке пуля попал под каску.
Сэнс гэтых звычайна сказаных слоў непрыемна-прадчувальным дотыкам слізгануў па адчуваннях. Валошын унутрана сцяўся, але тут жа валявым намаганнем перасіліў сябе і амаль бадзёра зазначыў:
— Глупства. Прастое супадзенне — не болей.
Сам сабе ён падумаў, што колькі ўжо загінула ў батальёне і з гадзіннікамі, якія не спыняліся, і без гадзіннікаў наогул, і з дрэнным прадчуваннем, і з самым лепшым. Аднак ён не паспеў колькі-небудзь пераканаўча супакоіць ротнага, калі непадалёк ля светлае плямы свежанакапанай зямлі заварушылася знаёмая сутулаватая постаць у паўшубку. Гэта быў камандзір дзевятай Кізевіч. Той таксама пазнаў камбата і, павярнуўшыся да яго, прычакаў.
Читать дальше