Узрушаны многім з таго, што адбывалася сёння ў зямлянцы, занепакоены лёсам батальёна і заўтрашняй атакай, Валошын спярша неяк не дужа і адчуў страту Джыма. Аднак з цягам часу жаль па сабаку ўвачавідкі рос у ім, даходзячы часам да роспачы. Як ні дзіўна, а Джым быў для яго чымсь глыбока асабістым, амаль інтымным, не-чым з таго, што начыста вытручвала ў чалавеку вайна і што можна было хіба адчуць і амаль немагчыма сфармуляваць словамі… На жаль, ён не мог пярэчыць генералу, для якога гэты сабака з'явіўся сёння, безумоўна, прадметам хвіліннага захаплення, уладарнага капрызу начальніка — не болей.
Восьмая размяшчалася ўнізе пад касагорам, раскінуўшы па ўзмежку радок адзіночных ячэек. Сярод іх ліпела і цесненькая, прыкрытая плашч-палаткай зямлянка ка-мандзіра роты, у якой размяшчаўся Муратаў і грэліся па чарзе байцы. Асцярожна ступаючы, камбат паціху падышоў з тылу да ледзьве прыкметнага бугарка, з-пад якога сцішана даносіліся галасы. Ён чакаў знайсцітут Маркінаі Муратава, але замест іх у зямлянцы аказалася некалькі байцоў, ледзь-ве асветленых кволым агеньчыкам трафейнае плошкі. Двое, што сядзелі бліжэй да святла, накінуўшы на голыя плечы шынялі, уважліва абшуквалі на каленях вывернутыя споднія кашулі. Камбат з намаганнем прасунуў галаву ў вузенькую шчыліну ля палаткі — байцы сарамліва сумеліся, захінаючы вопратку.
— Што — грызуны заелі?
— Кусаюцца, халера на іх.
— Дзе камандзір роты?
— Пайшоў. З начальнікам штаба, — адказаў бліжэйшы да выхаду баец, нацягваючы палу шыняля на белае худое плячо.
Валошын захінуў палаткай уваход і ўстаў. Значыць, Маркін ужо распачаў дзейнічаць. Увогуле начальнік штаба чалавек старанны, даручыўшы яму што-небудзь, можна быць упэўненым, што валыніць не будзе. Праўда, дзейнасць яго звычайна прасціралася строга ў межах загаду. Калі ж здаралася, што трэба нешта ўзяць на сваю адказнасць (тым болей рызыку) або праявіць ініцыятыву, таксама, як правіла, звязаную з рызыкай, тут ужо ад Маркіна не варта чакаць многага — будзе роўна столькі, колькі адмерана распараджэннем начальства.
Зрэшты, Маркіна можна было зразумець: не кожны на вайне, трапіўшы ў такія свалачныя выкруты лёсу, як ягоны начштаба, здолеў захаваць душэўную нязломнасць. Камбат ужо ведаў з жыцця і з свае камандзірскае практыкі, што людзі ёсць людзі і патрабаваць ад іх таго, на што яны менш за ўсё здольны, недарэчна па меншай меры. Мусіць, трэба прымаць іх такімі, як іх стварыла жыццё, скарыстоўваючы для справы тыя з іх дзелавых якасцей, якія толькі і можна выкарыстаць.
Стоячы ў выкапаным праходзе, Валошын прыслухаўся, знізу ўгору агледзеўся па баках — непадалёк, здаецца, хтосьці маячыў на ледзь-ледзь светлаватым фоне. Той, мусіць, пазнаў камбата і азваўся сіплым прастуджаным голасам:
— Яны там, ля сяржанта. Камроты там і начальнік штаба.
Камбат паціху пайшоў уздоўж ланцуга ад аднае адзіночнай ячэйкі да наступнай. Амаль ва ўсіх іх варушыліся байцы, дзе-колечы іх было па двое — сышліся пакурьшь ды пагрэцца. Бадай ніводзін не спаў — зрэшты, мудрона было заснуць на такой халадэчы. Аднак гэта звечара. Камбат ведаў: пад ранак нават і тут іх адолее сон, наколькі хопіць трывання, пачнуць драмаць, змагаючыся са сцюжай. Зусім без сну чалавеку нельга, нават і тады, калі ён на вайне і сядзіць у ста кроках ад немцаў.
Урэшце ля пятай ці шостай ячэйкі ён пачуў стрыманую размову, якая, як толькі яго заўважылі ў цемры, адразу прыціхла. У доле ля бруствера цямнела некалькі постацей — ён падышоў бліжай і спыніўся.
— Ну што, лейтэнант Маркін?
Маркін таропка ўстаў, падняўся таксама Муратаў і яшчэ нехта з байцоў восьмай.
— Паслалі, таварыш камбат. Траіх. Праз гадзіну-паўтары павінны вярнуцца.
— Так. А з сёмай не чуваць нічога?
— Не, не чуваць.
— Пашліце байца да лейтэнанта Самохіна. Хай перадасць: я чакаю вынікаў разведкі.
— Ёсць!
Муратаў крута павярнуўся і некуды пабег, Валошыну гэта не спадабалася: кўды ён бегае? Ці ў яго няма ардынарца або хоць сувязнога, каб паслаць некага выклікаць. Аднак той факт, што сам ён прыйшоў сюды адзін, устрымаў яго ад папроку ротнаму. Маркін, быццам чагось чакаючы, стаяў насупраць.
— Вы адпраўляйцеся на КП, — сказаў яму Валошын. — Калі што — я буду тут.
Начштаба зрабіў крок убок, але перш чым пайсці, растлумачыў, нібыта баючыся, каб камбат што-небудзь зразумеў не так:
— Тых я добра праінструктаваў. У роце назначылі слухачоў назіральнікаў. Так што ўсё павінна быць у парадку.
Читать дальше