— Знаеш, я дык не згодны, — натрапіўшы на нешта сваё, пачаў рязважаць Ткачук. — Навука навукай, але і чорную работу рабіць траба. Калі разабрацца, дык яна, можа, яшчэ важней за навуку. А то як толькі дзе хто аб'явіцца лепшы, дык адразу яго ў навуку… Зноў жа, і прабіўныя, тых ад яе за вушы не адцягнеш. А кандыдата атрымаў — і не чухаецца. Усё жыццё казну доіць. А запытай: каму яна патрэбна, тая іх педнавука? У той жа час паглядзі ў школах: рэдка дзе прашмыгне мужчына. Скрозь жанчыны. Я нічога не маю проці жанчын, ёсць і сярод іх слаўныя настаўніцы. Але ж настаўніца для дзяўчат, для малых яшчэ куды ні гадзіцца, а для падлеткаў? Ды і для старэйшых мужык патрэбны. Бо што жанчына: у яе самой дзеці, гаспадарка, муж, сталаванне, уборы-прыборы. Вучням яна дай бог калі выдзеліць які мінімум. А ім, брат ты мой, калі хочаш харошым быць, аддай усяго сябе. Тады ты для іх станеш ідэалам, прыкладам, з якога робяць жыццё. Во як той Сухамлінскі з Паўлыша або як Макаранка быў. А прападавацеляў розных прадметаў яны і ў грош не цэняць. Цяпер між іх саміх такія знаўцы водзяцца, што не горш за настаўніка разбяруцца. I ў матэматыцы, і ў літаратуры.
Машыны хутка ляцелі насустрач і яшча здадёку асляпілі нас зіхоткім патокам промняў. Возчык рупна збочыў з фурманкай, конік запаволіў хаду, і яны з ровам прамчаліся міма, сцебануўшы па возе шчэбенем з-пад колаў. Стала зусім цёмна, і з паўхвіліны мы слепа ехалі ў гэтую цемрадзь, не бачачы дарогі і даверыўшыся каню. Ззаду па шашы хутка аддаляўся, меншаў магутны нутраны гул дызеляў.
— Дарэчы, вы не даказалі… Дык як яно тады з Марозам абышлося? — напомніў я Ткачуку.
— Ге, каб жа абышлося. Тут доўгая яшчэ гісторыя. Ты, дзед, Мароза не ведаў? Ну, настаўніка з Сяльца? — звярнуўся ён да нашага возчыка.
— Таго, што тады ў вайну?.. А як жа! Яшчэ манго племяша разам загубілі.
— Гэта каго?
— А Бародзіча. Гэта ж пляменнік мой. Сястры роднай сын. Як жа, ведаю…
— Дык во я таварышу ўсю гэту гісторыю расказваю.
— Ты то ведаеш, значыць? А то можаш даслухаць, мабыць, не ўсё чуў. У лесе ж, мусіць, не быў? У партызанку?
— А як жа! Быў,— крыўдліва азваўся чалавек. — У таварыша Куруты. Вазіў раненых. Санітарам рабіў.
— У Куруты? Камбрыга Куруты?
— Ну. Ад вясновага Міколы ў сорак трэцім і да канца. Як нашыя прыйшлі. Лічы, больш года.
— Ну, Курута не нашай зоны.
— Мала што. Нашай не нашай, а быў. Медаль маю і дакумент, — ужо зусім закрыўдаваў стары. Ткачук паспяшаўся змякчыць гаворку:
— Ды я нічога, я так. Маеш — насі на здароўе. Тут мы пра іншае… Мы пра Мароза.
— На першым часе ўсё ў яго ішло добра. Немцы і паліцаі пакуль не чапляліся, мабыць, сачылі здаля. Адно, што тачыла яго сумленне і што ён перажываў доўга, — дык гэта ўдовіны дочкі. Тыя во дзве дзяўчынкі, якіх ён некалі адводзіў дадому.
Улетку сорак першага, якраз перад вайной, паслаў іх у піянерскі лагер пад Навагрудак — рганізоўвалі тады першы раз такія міжраённыя піянерскія лагеры. Маці не хацела пускаць, баялася — вядома, вясковая баба, далей раёна нідзе не была, а ён угаварыў, думаў дзяўчатам харошае зрабіць. Толькі паехалі, а тут вайна. I прапалі малыя. Мінула ўжо колькі месяцаў, а ад іх ні слыху ні дыху. Вядома, маці ўбіваецца, ды і Марозу праз тое не соладка. Як-ніяк, яго ўсё ж віна. Точыць сумленне, а што зробіш? Так і па сёння прапалі дзяўчаты.
Цяпер трэба табе сказаць пра тых двух паліцаяў з Сяльца. Аднаго ты ўжо ведаеш, гэта былы пракурораў знаёмы Лаўчэня Уладзімір. Аказваецца, быў ён не такі, за каторага мы яго спярша прынялі. Праўда, у паліцыю пайшоў — сам ці прымусілі, цяпер ужо не дазнаешся, — ды ў сорак трэцім зімой немцы расстралялі яго ў Навагрудку. Дзядзька ўвогуле аказаўся харошы, многа нам добрага зрабіў і ў гэтай гісторыі з хлопцамі сыграў даволі прыстойную ролю. Лаўчэня быў маладзец, хоць і паліцай. А вось другі аказаўся апошнім гадам. Не памятаю ўжо ягонага прозвішча, але па вёсках яго звалі Каін. I сапраўды быў Каін, многа бяды нарабіў людзям. I адкуль што ўзялося — чорт ведае. Да вайны жыў з бацькам на хутары, малады яшчэ быў, не жанаты, хлопец як хлопец.
Быццам ніхто пра яго, даваеннага, паганага слова сказаць не мог, а прыйшлі немцы — перарадзіўся чалавек. Во што значыць умовы. Мусіць, у адных умовах расцвітае адна частка характару, а у другіх — другая. Таму на кожным часе свае героі. Дык вось і ў гэтага Каіна да вайны драмала сабе паціху нешта нягоднае, і каб не гэтая калатнеча, можа б і не выперла з яго ніколі. А тут во налезла. Шчыра паслужыў немцам, нічога не скажаш. Ягонымі рукамі тут шмат чаго нароблена. Увосень параненых камандзіраў расстраляў. (З лета хаваліся ў лесе чацвёра параненых, хто-ніхто з мясцовых ведаў пра іх, ды маўчаў. А гэты высачыў, знайшоў у ельніку зямляначку і з дружкамі перабіў усіх ноччу). Сядзібу сувязнога аднаго, Крыштафовіча, спаліў. Сам Крыштафовіч паспеў уратавацца, а бацькі старыя, жонка з дзецьмі — усе ў агні пагарэлі. Яўрэяў у мястэчку катаваў, аблавы рабіў. Ды ці мала што! Улетку сорак чацвёртага знік недзе. Можа дзе палучыў кулю, а можа і цяпер на Захадзе раскашуе. Такія і ў віры не тонуць.
Читать дальше