Тым часам цямнела. Шэрая даўжэзная стужка дарогі, выгінаючыся па пагорках, знікала ў прыцьмелай далечыні. Далягляд ціха марнеў у змрочным тумане, аселі ў вечаровай смузе палі, а лес зводдаль усё болей рабіўся цьмянай глухой паласой. Неба наперадзе, куды ішла дарога, зусім змеркла, ягоная вышыня над намі замутнелася няпэўпым колерам, толькі заходні небакрай ззаду яшчэ свяціўся залаціста-шэрай смутой. Машыны па шашы ўжо ішлі з уключанымі фарамі, але, як на злосць, усе з горада, нам насустрач. Пасля нікеляванай „Волгі“, нас не абагнала ніводная машына. Слухаючы Ткачука, я час ад часу азіраўся назад і яшчэ здалёку згледзеў на шашы дзве кропкі па-вечароваму зыркіх фараў.
— Аўтобус, — сказаў Ткачук з упэўненасцю.
Мабыць, мой спадарожнік быў дальназоркі, бо я на такой адлегласці не мог адрозніць легкавушкі ад грузавой, ён жа разгледзеў, што гэта менавіта аўтобус. I праўда, яшчэ праз нейкі нядоўгі час мы ўжо абодва ўбачылі на шашы вялікі шэры аўтобус, які хутка наганяў нас. Вось ён на момант знік у нябачнай адсюль лагчынцы, каб затым з яшчэ большым імпэтам вынікнуць бліжэй, з-за пагорачка; выразней сталі калючыя агеньчыкі яго фараў і нават стала прыкметна, як цьмяна адсвечваў яго салон. Аўтобус, аднак, замаруджваў хаду, міргнуў адной фарай і стаў, трохі ўзяўшы да абочыны. Ён не даехаў да нас можа метраў з трыста, і мы, раптам падхопленыя надзеяй пад'ехаць, памкнулі абодва насустрач. Я трохі паспешліва сарваўся з месца бягом. Ткачук таксама паспрабаваў бегчы, ды хутка адстаў, але я думаў, што трэба хоць мне паспець — я б пастараўся і для майго спадарожніка.
Бегчы было ўвогуле лёгка, трохі ўніз, падэшвы гучна ляскалі па гладкім уезджаным асфальце, аж забалела ў ступнях. Здавалася, аднак, — не дабяжым, аўтобус вось-вось кранецца, ды пакуль што ён стаяў. З яго нават хтось выйшаў, мабыць, вадзіцель, пакінуўшы расчыненыя дзверцы, абышоў ззаду і там нечым разы два бразнуў. Я ўжо быў зусім блізка і яшчэ болей напяў свае сілы, здалося — дабягу, як вадзіцель ускочыў у кабіну, і аўтобус сарваўся з месца.
Не жадаючы ўсё ж развітвацца з надзеяй, я спыніў бег на асфальце і шалёна замахаў рукой: маўляў, стой, вазьміце ж! Мне нават здалося, што аўтобус прытармазіў, і тады я зноў кінуўся да яго ледзь не пад самыя колы. Але на хаду адчыніліся дзверцы кабіны вадзіцеля, і праз узнятую аўтобусам віхуру на дарогу вылецела:
— Няма, няма астаноўкі. Чашы далей…
Я застаўся адзін сярод гладкае паласы асфальту, Удалечыні сцішана гудзеў матор камфартабельнага „Ікаруса“, зводдаль на пагорачку стрымана маячыла цьмяная постаць Ткачука. „Каб ты спрах, гад!“ — вырвалася з душы, як праклён, — трэба ж было падмануць гэтак. Было прыкра, быццам мне ўчынілі якую подласць, хоць я разумеў, што ніякая гэта не подласць і не такое ўжо няшчасце — сапраўды, хіба тут была астаноўка? А калі не было, дык навошта гэтаму міжгародняму хуткаснаму экспрэсу падбіраць усіх валацуг — для таго, мусіць, ёсць аўтобусы мясцовых ліній.
Напэўна, я выглядаў надта маркотным, калі дабрыў да Ткачука, які дачакаўся мяне і спакойна зазначыў:
— Не ўзяў? I не возьме. Яны такія. Раней бы ўсіх сабраў, каб рубля зарабіць. А цяпер зарабіць нельга — кантроль, ну і жме. На злосць быццам сабе і другім.
— Кажа, астаноўкі няма.
— Але ж спыняўся. Мог бы… Ды што там. Я ўжо ў такіх выпадках маўчу: сабе дзешавей абыходзіцца.
Мабыць, ён быў правы: не трэба было спадзявацца — не было б і расчаравання. Значыць, будзем топаць памалу далей. Трошкі, праўда, прытаміліся ногі, але калі мой старэйшы спадарожнік маўчаў, дык і мне, мусіць, належала сябе паводзіць спакойней.
— Але. Дык, значыцца, пра Мароза, — сказаў Ткачук, прадаўжаючы свой перарваны расказ. — Другі раз наведаўся я ў Сяльцо зімой. Маразы стаялі лютыя, памятаеце ж, напэўна, зіму саракавога года. Сады вымярзалі. Пашэнціла, пад'ехаў у санях з нейкім дзядзькам, ногі закапаў у сена і то змерзлі — думаў, адмарозіў зусім. У школу ледзьве дабег, было позна, вечар, у адным акенцы святло гарыць, пастукаў. Бачу, быццам глядзіць нехта праз замерзлую шыбу, а не адчыняе. Што, думаю, за ліха, ці не шуры-муры якія завёў тут мой Алесь Іванавіч. „Адчыні,— кажу, — гэта я, Ткачук з райана“. Нарэшце адчыняюцца дзверы, недзе брэша сабака, уваходжу. Перада мной хлопчык з лямпай у руках. „Ты што тут робіш?“ — пытаюся. „Нічога, — кажа. — Чыстапісанне пішу“. — „А чаму дамоў не ідзеш? Ці можа Алесь Іванавіч пасля ўрокаў пакінуў?“ Маўчыць. „А дзе сам Алесь Іванавіч?“ — „Павёў Ленку Удодаву з Вольгай“. — „Куды павёў?“ — „Дамоў“. Нічога не разумею. Чаму трэба вадзіць вучняў дадому? „А што, ён усіх вучняў па дамах разводзіць?“ — пытаюся, трохі ўжо злуючыся, вядома, за такую сустрэчу. „Не, — кажа, — не ўсіх. Бо гэтыя малыя, а ім праз лес ісці трэба“.
Читать дальше