Ці ён памыляецца? Можа, галава сям'і яшчэ трошкі цікавіць жонку і дачок? Яго хата паволі цікае. Але надоечы ён выпрабаваў дзіўнае пачуцьцё — яму падалося, быццам ён памёр, а яны і не заўважылі, у іх усё ішло сваёй чаргой. Нэл хадзіла ў рэстарацыю і вярталася адтуль. Раз на тыдзень яна выпраўлялася да маці. Не, Эйдану хадзіць ня трэба, адзначыла яна, гэта проста любасная сямейная балбатня. Яе маці жадае бачыць іх усіх рэгулярна, каб ведаць, што ў іх ўсё добра.
— А ў цябе ўсё добра? — заклапочана ўдакладніў Эйдан.
— Ты не на ўроку дамарослай філязофіі ў Пятым Клясе, — адрэзала Нэл, — У мяне ўсё звычайна, як ва ўсіх. Ты можаш пакінуць гэты тэмат?
Але пакінуць гэты тэмат Эйдан, зразумела, ня мог. Ён растлумачыў, што гэта не было дамарослай філязофіяй, гэта было Ўводзінамі ў Філязофію, і ня ў Пятым, а ў Пераходным Клясе. Яму ніколі не забыць погляд Нэл. Ёй карцела нешта вымавіць, але яна раздумалася. З такім жа адхіленым жалем магла бы ягоная жонка зірнуць на жабрака-тулягу ў падперазаным матузам палітко, які прам на вуліцы спусташае пляшку імбірнага віна.
Ня дасягнуў асаблівага посьпеху Эйдан і з дачкамі.
Гранія працавала ў банку, але мала што магла аб ім распавесьці. Ва ўсялякім разе свайму бацьку. Часам яму даводзілася прысутнічаць пры яе гутарках зь сяброўкамі, тады яна выглядала значна больш жвавай. Тое самае з Брыджэт. Турыстычнае агенцтва, тата — гэта цудоўна, але размаўляць тут няма аб чым. Ну вядома, усё выдатна, і бясплатная вандроўка двойчы на год, і абед даўжэй, бо праца па рухомаму раскладу.
Гранія не жадала абмяркоўваць банкаўскую сыстэму ў цэлым і сумленнасьць заахвочваньня людзей да крэдытаў, што ім цяжка будзе вяртаць. Не яна усталёўвае умовы, адказала яна яму, у яе на стале тэчка для дакумэнтаў, і яна працуе з тымі паперамі, што кладуць туды кожны дзень. Вось такім чынам. Надзвычай проста. Брыджэт ня надта хвалявала, ці ня ёсьць гандаль падарожжамі свайго кшталту продажам вандроўніку мроі, што яму ніколі не дасягнуць: — Тата, калі яны не жадаюць падарожнічаць, ніхто не віруе ім рукі, яны проста не прыходзяць і нічога не купляюць.
Эйдан хацеў бы быць больш пільным. Калі ж гэта пачалося … тая адасобленасьць, што іх паглынае? Быў жа час, калі дзяўчынкі сядзелі, такія чысьцюткія і зіхатлівыя пасьля ванны, у сваіх ружовых кашульках, а ён распавядаў ім розныя прыгоды, і Нэл з задавальненьнем пазірала на іх праз пакой. Але то было гады таму. Добрыя моманты здараліся і потым. Калі яны рыхтаваліся да іспытаў, напрыклад, Эйдан правяраў іх запісы, дапамагаў вывучыць усё найлепшым чынам. Тады іх падзяка сагравала яго. Ён памятаў, якое ў іх сям'і было сьвята, калі Гранія атрымала Выпускное Пасьведчаньне, і пасьля, калі яна аформілася на працу ў банк. Па такім выпадку яны зладзілі абед у вялікай рэстарацыі, афіцыянт сфатаграфаваў іх усіх разам. Гэтак жа было з Брыджэт. І абед, і фатаздымак. На тых здымках яны выглядалі цалкам шчасьлівай сям'ёй. Няўжо ўсё гэта было толькі ўяўнасьцю?
У пэўнай ступені, магчыма, так, бо зараз, усяго праз некалькі год, ён ня мог сесьці побач з жонкай і дачкамі, людзьмі, якіх любіў больш за ўсё ў сьвеце, і распавесьці ім аб сваіх жахах, аб тым, што пост Дырэктара можа сысьці ад яго.
Ён гэтулькі часу і душы ўклаў у тую школу, гэтулькі гадзін адрабіў звышвызначана, дбаў аб кожнай дробязі, і ўсё ж, дзесьці ў глыбіні, адчуваў — Дырэктарам яму ня стаць.
Іншы чалавек, чалавек амаль адных зь ім год, суцэль можа атрымаць бажаную пасаду. Тоні А’Брайн, які ані разу не затрымаўся, каб падбадзёрыць школьную каманду падчас матчу, не ўнікае у рэструктурызацыю навучальнага пляну, у збор сродкаў на праект новага будынка, бессаромна паліць у школьных калідорах, дзе паліць забаронена, абедае у пабе, ня утойваючы, што ягоны абед складаюць паўтары пінты піва і лусьцік з сырам … Халасьцяк, чалавек, які і не мяркуе аб стварэньні сям'і, якога часьцяком бачаць пад ручку зь дзеўчынамі ўдвая маладзей за яго. І аб ім ідзе гаворка як аб магчымым кандыдаце на пасаду кіраўніка школы!
Шмат што апошнім часам выклікала ў Эйдана сум, але ўсё ж ня так значна. Па любых стандартах кандыдатура Тоні А’Брайна наогул не павінна разглядацца. Ужо зразумела, сьвет не настолькі здурнеў, каб яны не прынялі гэта да ўвагі, выбіраючы дырэктара? Эйдан правёў далонямі па сваіх парадзелых валасах. У Тоні А’Брайна, вядома, шыкоўная шавялюра густых каштанавых валасоў, што падаюць яму ў вочы і спачываюць на ягоным каўнерыку.
Шмат воласу — добра, рэдкія валасы — дрэнна … Эйдан усьміхнуўся самому сабе. Калі ён здольны сьмяяцца над сваімі комплексамі, ён, магчыма, здолее захаваць самавалоданьне ў бязвыйсьцевым становішчы і будзе працягваць падсьмейвацца над сабою. Усё роўна іншых падстаў для сьмеху ў гэтыя дні няма.
Читать дальше