Артур Конан Дойл
Пяць апельсінавых зярнятак
Калі я праглядаю свае нататкі пра расследаванні Шэрлака Холмса паміж 1882 і 1890 гадамі, то знаходжу столькі ўсяго дзіўнага і цікавага, што пачынаю вагацца, якія з іх выбраць, на якіх спыніцца. Некаторыя справы ўжо вядомыя шырокай публіцы з газетаў, іншыя ж не выяўляюць належным чынам тых адмысловых здольнасцяў, якімі ў найвышэйшай ступені валодае мой сябар і якія акурат і робяцца добрым матэрыялам для прэсы. Некаторыя справы завялі ў тупік нават яго аналітычны розум — яны маглі б зрабіцца апавяданнямі з пачаткам, але без канца, іншыя былі расследаваныя толькі часткова, і іх разгадкі грунтуюцца хутчэй на гіпотэзах і падазрэннях, чым на такіх дарагіх яго сэрцу лагічных доказах. Гэтая справа адносіцца акурат да апошніх, аднак падрабязнасці яе такія дзівосныя, а вынікі такія неверагодныя, што я насмеліўся апісаць яе нягледзячы на тое, што ў сувязі з ёй засталося некалькі пытанняў, у якіх ніколі нельга было — а верагодна, і нельга будзе ў далейшым — разабрацца да канца.
1887 год забяспечыў нас доўгім шэрагам больш ці менш цікавых справаў, апісаных у маіх нататках. Пераглядаючы запісы гэтага перыяду, я знайшоў апавяданне пра “Парадол-Чэмбер”, пра Суполку жабракоў-аматараў, якая мела шыкоўны клуб у сутарэннях мэблевай крамы, знайшоў і занатаваныя факты, звязаныя з крушэннем карабля “Сафі Андэрсан”, і апісанне выбітных прыгодаў Грайса Патэрсана на востраве Юфа,а таксама гісторыю пра атручэнне ў Кембервэле. Варта згадаць, што ў апошняй Шэрлак Холмс, агледзеўшы гадзіннік памерлага, здолеў давесці, што яго заводзілі дзве гадзіны таму, — адпаведна, памерлы пайшоў у ложак не раней за гэты час. Такая выснова мела вырашальнае значэнне для расследавання. Пра ўсё гэта я, можа, і раскажу калі-небудзь пазней — але ніводная з гэтых гісторыяў не ўражвала сваёй незвычайнасцю так, як тыя дзіўныя падзеі, якія я збіраюся апісаць.
Быў канец верасня, і буры раўнадзення лютавалі з нечуваным шаленствам. Кожны дзень скуголілі вятры, у вокны барабаніў дождж, і нават тут, у самым сэрцы вялікага, створанага чалавечымі рукамі Лондана надвор’е на імгненне адрывала нас ад паўсядзённых справаў, прымушаючы згадаць пра існаванне магутных прыродных стыхіяў, што, нібы дзікія звяры ў клетцы, рвуцца да чалавека праз усе перашкоды, пастаўленыя для іх цывілізацыяй. З надыходам вечара бура зрабілася яшчэ мацнейшай і дзічэйшай, а вецер у коміне выў і па-дзіцячаму румзаў. Шэрлак Холмс змрочна сядзеў з аднаго боку каміна, складаючы картатэку сваіх запісаў пра злачынствы, я ж, уладкаваўшыся з другога боку, з галавой занурыўся ў адно з цудоўных марскіх апавяданняў Кларка Расэла, так што скавытанне навальніцы за акном у маім уяўленні спляталася з чытаным творам, а шум дажджу ператвараўся ў працяглы рокат марскіх хваляў. Мая жонка гасцявала ў сваякоў, і я на некалькі дзён зноў перабраўся ў сваё старое жытло на Бэйкер-стрыт.
— Паслухайце, — сказаў я, падымаючы вочы ад кнігі, — там хтосьці звоніць. Хто б гэта мог быць? Можа, нехта з вашых сяброў?
— У мяне няма сяброў, апроч вас, — адказаў Холмс. — Дый гаспадар я не надта гасцінны.
— Тады, можа, кліент?
— Калі так, то справа сур’ёзная. Ніякая іншая не прымусіла б чалавека выйсці з дому ў такі дзень і ў такую гадзіну. Але хутчэй за ўсё гэта проста нейкая прыяцелька нашае гаспадыні.
Аднак Шэрлак Холмс памыліўся, бо ў вітальні пачуліся крокі, і ў нашыя дзверы пагрукалі. Доўгай рукой ён пасунуў лямпу далей ад сябе і бліжэй да вольнага крэсла, на якое мусіў сесці новапрыбылы.
— Заходзьце! — сказаў ён.
Увайшоў элегантны малады чалавек гадоў дваццаці двух, не больш, добра апрануты, з нейкай вытанчанасцю і далікатнасцю ў манерах. Парасон, з якога сцякала вада, а таксама доўгі плашч, што блішчэў ад дажджу, сведчылі пра жахлівае надвор’е на дварэ. Госць трывожна азіраўся ў асляпляльным бляску лямпы, і я заўважыў, што твар яго бледны, а позірк змрочны, як у чалавека, прыгнечанага вялікімі турботамі.
— Я шчыра выбачаюся... — пачаў ён, падносячы да твару залатое пенснэ. — Спадзяюся, я не вельмі вас патурбаваў... Баюся, я прынёс у ваш утульны пакой некаторыя сляды буры...
— Давайце ваш плашч і парасон, — сказаў Холмс. — Хай павісяць тут, на круку, і хутка высахнуць. Вы, значыць, прыбылі з паўднёвага захаду.
— Так, з Хоршэма.
— Сумесь гліны і крэйды на вашых мысках вельмі характэрная.
— Я прыйшоў прасіць парады.
— Ну, даць яе нескладана.
Читать дальше