Аднак жа неяк здавалася, што хоць ферма і пабагацела, самі жывёлы багацейшымі не зрабіліся — апроч, вядома, свінняў і сабакаў. Можа, часткова гэта тлумачылася тым, што цяпер было вельмі шмат свінняў і вельмі шмат сабакаў. І не сказаць, каб гэтыя стварэнні на свой манер не працавалі. Віскун ніколі не стамляўся тлумачыць, што ў іх было незвычайна шмат працы ў даглядзе за фермай і яе арганізацыі. Але збольшага гэта была такая праца, што астатнія жывёлы былі занадта дурныя, каб зразумець яе сэнс. Напрыклад, Віскун казаў, што свінням даводзілася траціць штодня шмат часу і сілы на нейкія загадкавыя рэчы, што зваліся «даклады», «справаздачы», «пратаколы» і «дакладныя запіскі». Гэта былі вялікія аркушы паперы, якія трэба было густа запоўніць літарамі, і як толькі яны былі запоўненыя, іх палілі ў печы. Усё гэта надзвычай важнае для павышэння дабрабыту фермы, казаў Віскун. Аднак усё ж ні свінні, ні сабакі не выраблялі сваёй працай ежы; а іх было вельмі шмат, і апетыт яны заўсёды мелі добры.
Што да астатніх, дык іх жыццё, наколькі яны ведалі, было такое самае, як і заўсёды. Звычайна яны былі галодныя, спалі на саломе, пілі з лужыны і цяжка працавалі на полі; узімку іх даймаў холад, улетку авадні і мухі. Часам старэйшыя з іх напружвалі сваю слабую памяць і спрабавалі вызначыць, ці ў даўнія дні Паўстання, калі яшчэ быў свежы ўспамін пра выгнанне Джоўнза, усё было лепшае ці горшае, чым цяпер. Яны не маглі прыгадаць. Не было нічога, з чым яны маглі б параўнаць сваё цяперашняе жыццё: ім не было на што абаперціся, калі толькі не на Віскуновы лічбы, якія нязменна паказвалі, што ўсё навокал няспынна паляпшалася. Гэтая задача здалася жывёлам невырашальнай; ва ўсялякім разе, цяпер у іх не было часу паразважаць над гэтым. І толькі стары Бэнджамін заяўляў, што памятае да драбніц усё сваё доўгае жыццё і ведае, што нічога не было, дый не магло быць ні лепшым, ні горшым — голад, цяжкая праца і нягоды былі, як ён казаў, нязменным законам жыцця.
І ўсё ж жывёлы ніколі не трацілі надзеі. Больш таго, іх ніколі, ні на хвіліну, не пакідала пачуццё гонару за тое, што яны — жыхары Фермы Жывёлаў. Яны па-ранейшаму заставаліся адзінай фермай ва ўсім графстве — ва ўсёй Англіі! — якою валодалі і кіравалі жывёлы. Ніводзін з іх, нават маладзейшыя, нават новапрыбылыя, выхаваныя на іншых фермах за дзесяць і за дваццаць міляў адсюль, не пераставалі захапляцца гэтым. І калі яны чулі стральбу і бачылі, як зялёны сцяг лунае ў паветры, сэрцы іх напаўняліся бязмежнай гордасцю, а гаворкі вярталіся заўсёды да былых гераічных часоў, да выгнання Джоўнза, да напісання Сямі Запаведзяў, да вялікіх бітваў, у якіх былі разбітыя чалавечыя захопнікі. Рэспубліка Жывёлаў, якую прадказваў Маёр, калі зялёныя палі Англіі не будуць болей таптацца чалавечаю нагою, усё яшчэ заставалася іх светлаю марай. Аднойчы яна здзейсніцца: можа, яшчэ не хутка, можа, нават нікому, хто жыве цяпер, не ўдасца яе пабачыць, але гэтая мара станецца явай. Нават мелодыя «Звяроў Брытаніі» часам патаемна сям-там напявалася: ва ўсялякім разе, кожная жывёліна на ферме яе ведала, хоць ніхто б не наважыўся спяваць яе ўголас. Можа быць, жыццё ў іх было цяжкае і не ўсе іх спадзяванні спраўдзіліся, але яны ўсведамлялі, што яны былі не такія, як іншыя жывёлы. Калі яны галадалі, дык не таму, што ім даводзілася карміць бязлітасных ненажэрных людзей; калі яны цяжка працавалі, дык, прынамсі, працавалі на сябе. Ніхто сярод іх не хадзіў на дзвюх нагах. Ніхто з іх не называў адзін аднаго «Гаспадар». Усе жывёлы былі роўныя.
Аднойчы на пачатку лета Віскун загадаў авечкам ісці за ім і вывеў іх на вялікую пустку на другім канцы фермы, парослую маладымі бярозкамі. Авечкі прабылі там увесь дзень, скубучы лісце пад пільным наглядам Віскуна. Увечары ён вярнуўся ў сядзібу сам, а авечкам сказаў заставацца на месцы, бо надвор'е было цёплае. І гэтак яны прабылі там цэлы тыдзень, так што ніхто з астатніх жывёлаў іх не бачыў. Віскун быў з імі большую частку кожнага дня і вучыў іх, як ён казаў, спяваць новую песню, якая патрабавала шмат стараннасці і цярплівасці.
І вось адным пагодным вечарам, якраз пасля вяртання авечак, калі жывёлы скончылі працу ды ішлі да гаспадарчых будынкаў, з двара данеслася спалоханае ржанне. Жывёлы з перапуду спыніліся. Яны пазналі голас Канюшынкі. Яна зноў заржала, і ўсе жывёлы наўзгалоп пабеглі ў двор. І яны ўбачылі тое, што пабачыла Канюшынка.
Яны ўбачылі свінню, якая ішла на задніх нагах.
Так, гэта быў Віскун. Трохі нязграбна, быццам не зусім прызвычаены трымаць сваё важкае цела ў такой паставе, але з выдатным адчуваннем раўнавагі, ён ішоў праз двор. А праз хвіліну з дзвярэй сядзібы выйшла даўгая чарада свінняў, і ўсе на задніх нагах. У некаторых гэта выходзіла лепей, некаторыя ішлі няўпэўнена, здавалася, што ім хочацца абаперціся на кій, але ўсе яны адна за адной абышлі двор. Нарэшце пачуўся страшны сабачы брэх і пранізлівы крык чорнага пеўня, і з сядзібы выйшаў сам Напалеон і ўрачыста выпрастаўся, абводзячы двор пагардлівым позіркам. Вакол яго гайсалі сабакі.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу