Праз некалькі тыдняў Сняжковы праекты ветрака былі цалкам гатовыя. Механічныя падрабязнасці паходзілі галоўным чынам з трох кніг, што належалі містэру Джоўнзу, — «Тысяча карысных парадаў па гаспадарцы», «Кожны сам сабе муляр» і «Электрычнасць для пачаткоўцаў». Сняжок выбраў сабе за кабінет павець, якая некалі выкарыстоўвалася як інкубатар і дзе была гладкая драўляная падлога, на якой добра маляваць. Ён зачыняўся там на цэлыя гадзіны. Заклаўшы патрэбную старонку каменем і заціснуўшы кавалак крэйды паміж косткамі капыта, ён хуценька вадзіў ім сюды-туды, крэслячы лінію за лініяй і павіскваючы ад захаплення. Паступова чарцяжы ператварыліся ў складаную блытаніну шківаў і шасцерняў, якая займала больш за палову падлогі і, хоць здавалася астатнім жывёлам цалкам незразумелай, рабіла на іх вялікае ўражанне. Усе яны прыходзілі паглядзець на Сняжковы малюнкі, прынамсі, раз на дзень. Прыходзілі нават куры і качкі, усяляк стараючыся не наступіць на крэйдавыя рыскі. Толькі Напалеон трымаўся наводдаль. Ён адразу выказаўся супраць ветрака. Але аднойчы ён нечакана прыйшоў прагледзець чарцяжы. Ён, цяжка ступаючы, абышоў паветку, прыгледзеўся да кожнай драбніцы ў чарцяжах і нават раз ці два панюхаў іх, пасля пастаяў хвілінку, пазіраючы на іх краем вока; тады раптам падняў нагу, пабруіў на чарцяжы і выйшаў, не сказаўшы ні слова.
Паміж насельнікамі фермы зазначыўся глыбокі падзел у пытанні аб ветраку. Сняжок не адмаўляў, што пабудаваць яго — справа няпростая. Трэба будзе нанесці камення і змураваць сцены, тады зрабіць крылы, а пасля гэтага спатрэбіцца генератар і правады. (Як усё гэта дастаць, Сняжок не казаў.) Але ён сцвярджаў, што ўсё гэта можна зрабіць за год. Затое пасля, абяцаў ён, будзе заашчаджана столькі працы, што жывёлам трэба будзе працаваць толькі тры дні на тыдзень. Напалеон, са свайго боку, падкрэсліваў, што вялікай неабходнасцю бягучага моманту з'яўляецца павышэнне вытворчасці харчоў і што калі яны будуць марнаваць час на пабудову ветрака, то яны ўсе памруць з голаду. Жывёлы падзяліліся на дзве фракцыі: адна пад лозунгам «За Сняжка і трохдзённы тыдзень», а другая — «За Напалеона і поўнае карыта». Бэнджамін быў адзіны, хто не далучыўся да ніводнай фракцыі. Ён не верыў ні ў тое, што пабольшае ежы ў карыце, ні ў тое, што вятрак заашчадзіць працу. Будзе вятрак або не будзе, казаў ён, жыццё ўсё адно будзе такое, якое было дагэтуль — гэта значыць кепскае.
Побач са спрэчкамі вакол ветрака гарачым было і пытанне абароны фермы. Было цалкам верагодна, што, хоць чалавечыя стварэнні і былі разбітыя ў Бітве пры Хляве, яны маглі зрабіць яшчэ адну, больш рашучую спробу адваяваць ферму і аднавіць панаванне містэра Джоўнза. Яны тым болей мелі на гэта падставы, што навіна пра іх паражэнне разышлася па наваколлі і жывёлы на суседніх фермах зрабіліся натурлівыя, як ніколі раней. Як звычайна, Сняжок і Напалеон не пагаджаліся між сабою. Паводле Напалеона, што жывёлы мусілі зрабіць, дык гэта здабыць пальную зброю і практыкавацца ў яе ўжыванні. Паводле Сняжка, яны мусілі высылаць штораз болей галубоў, каб раздзьмуць паўстанне сярод жывёлаў на іншых фермах. Адзін сцвярджаў, што калі яны не навучацца бараніцца, дык непазбежна будуць заваяваныя, другі сцвярджаў, што калі паўстанні адбудуцца паўсюль, ім не будзе патрэбы бараніцца. Жывёлы слухалі спачатку Напалеона, пасля Сняжка і не маглі зразумець, хто з іх мае рацыю; і сапраўды, яны заўсёды пагаджаліся з тым, хто якраз у гэты момант прамаўляў.
Нарэшце настаў дзень, калі Сняжковы чарцяжы былі гатовыя. На Сходзе, што меўся адбыцца наступнай нядзеляй, пытанне пра пабудову ветрака выносілася на галасаванне. Калі жывёлы сабраліся ў вялікім гумне, Сняжок устаў і, хоць яго часам перапыняла бляянне авечак, выклаў свае аргументы за пабудову ветрака. Тады Напалеон падняўся для адказу. Ён вельмі спакойна сказаў, што вятрак — гэта бязглуздзіца і што ён нікому не раіць галасаваць за яго, і тут жа зноў сеў; гаварыў ён усяго нейкіх трыццаць секунд і, здавалася, не зважаў, ці зрабілі яго словы хоць найменшае ўражанне на прысутных. У адказ на гэта Сняжок ускочыў на ногі і, прыкрыкнуўшы на авечак, якія зноў пачалі бляяць, выступіў з палымяным заклікам на карысць ветрака. Дагэтуль жывёлы былі амаль пароўну падзелены ў сваіх прыхільнасцях, але праз хвіліну Сняжок захапіў іх сваім красамоўствам. Красамоўнымі фразамі ён распісаў карціну жыцця на Ферме Жывёлаў, якім яно магло б быць, калі б цяжар непасільнай працы быў зняты з іх спін. Цяпер яго ўяўленне лунала значна вышэй за сячкарні і электрадаілкі. Электрычнасць, казаў ён, зможа прывесці ў рух малатарні, плугі, бароны, касілкі, жнейкі, снопавязалкі і, апроч таго, забяспечыць кожнае стойла электрычным святлом, халоднай і гарачай вадою і электрычным ацяпленнем. Калі ён скончыў прамову, ніхто ўжо не сумняваўся ў тым, у які бок пойдзе галасаванне. Але якраз у гэты момант Напалеон устаў і, неяк дзіўна паглядзеўшы скоса на Сняжка, пранізліва завішчаў, так, як ніхто яшчэ ніколі не чуў.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу