Больш за ўсё я быў уражаны тым, як ён перапалохаўся, калі аднойчы Гавуаль папрасіў у яго хранометр для вымярэння хуткасці з зямлі.
— Не, пан капітан… Не магу…
— Дзівак! Мне ж на дзесяць хвілін! Толькі адрэгуляваць!
— Пан капітан… Хранометр ёсць на складзе.
— Ёсць. Але ж ён паўтара ўжо месяца, як захрас на дзвюх гадзінах сямі хвілінах!
— Пан лейтэнант… такую рэч, як хранометр, не пазычаюць… Я не абавязаны пазычаць свой хранометр… Гэтага вы не можаце вымагаць ад мяне!
Калі ўспалымнелы самалёт Ашэдэ прызямляецца на аэрадроме, а сам ён нейкім цудам застаецца жывы, ваенная дысцыпліна і павага да чыноў могуць прымусіць яго неадкладна перасесці ў іншы самалёт і паляцець на другое заданне, на гэты раз, магчыма, ужо зусім пагібельнае… Але ён неабавязаны перадаваць у нядбайныя рукі свой дзівосны хранометр, які каштаваў яму трохмесячнага заробку і які ён штовечара заводзіць з сапраўды мацярынскай клапатлівасцю. Дастаткова глянуць, як чалавек абыходзіцца з рэччу, каб зразумець, што ён нічога ў ёй не цяміць.
I калі Ашэдэ, адстаяўшы свае правы і яшчэ палаючы ад абурэння, пераможцам выйшаў са штаба, прыціскаючы да грудзей свой хранометр, я гатовы быў расцалаваць Ашэдэ. Мне раскрыліся скарбы яго душы. Ён будзе змагацца за свой хранометр. Яго хранометр існуе. I ён памрэ за сваю краіну. Яго краіна існуе. Як існуе Ашэдэ, непарыўна звязаны з імі. Ён сатканы са сваіх незлічоных повязяў са светам.
Вось чаму я люблю Ашэдэ, не адчуваючы патрэбы казаць яму пра гэта. Я страціў Гіёмэ, майго лепшага сябра — ён загінуў у палёце, — і пра яго я таксама пазбягаю гаварыць. Мы ляталі на адных і тых жа лініях, мы разам удзельнічалі ў іх пракладанні. У нас была адзіная сутнасць. Я адчуваю, што разам з ім загінула і нейкая частка мяне. У маёй моўчы Гіёмэ заўжды са мною. Я неаддзельны ад Гіёмэ.
Я неаддзельны ад Гіёмэ, неаддзельны ад Гавуаля, ад Ашэдэ. Я неаддзельны ад групы 2/33. Неаддзельны ад маёй радзімы. Усе мы, з групы 2/33, неаддзельныя ад яе…
Як я адмяніўся! Апошнімі днямі, маёр Аліяс, мне было вельмі горка. Гэтымі днямі, калі браніраванае нашэсце напатыкала толькі пустку, бязглуздыя заданні каштавалі нашай групе семнаццаці экіпажаў з дваццаці трох. I мне здавалася, што ўсе мы ўслед за вамі згадзіліся быць статыстамі і строіць з сябе забітых у нейкім спектаклі. Гэта праўда, маёр Аліяс, мне было горка, і гэта было самаашуканствам!
Усе мы ўслед за вамі сутаргава хапіліся за літару доўгу, сутнасць якога ўжо зблякла. Вы інстынктыўна вымагалі ад нас не перамогі — яна была немагчыма, — а сцверджання нашай сутнасці. Вы, як і мы, ведалі што дабытыя намі звесткі нікому не будуць перададзены. Але вы ратавалі абрады, сэнс якіх быў схаваны. Вы сур'ёзна распытвалі нас — як быццам нашы адказы маглі прыдацца на нешта — пра размяшчэнне танкаў, пра баржы, грузавыя машыны, чыгуначныя станцыі, цягнікі на станцыях. Часам вы нават абуралі мяне сваім недаверам:
— Ну што вы! 3 месца пілота бясспрэчна можна весці назіранне!
I ўсё-такі вы мелі рацыю, маёр Аліяс.
Над Арасам я ўзяў на сябе адказнасць за гэты натоўп, што віраваў пада мною. Я звязаны толькі з тымі, каму я даю. Я разумею толькі тых, з кім я звязаны непарыўнымі повязямі. Я існую толькі ў той ступені, У якой мяне мацуюць мае карані. Я неаддзельны ад гэтага натоўпу. Гэты натоўп неаддзельны ад мяне. Пры хуткасці пяцьсот трыццаць кіламетраў і на вышыні дзвесце метраў цяпер, калі я спусціўся пад хмару, я далучаюся да яго ў гэтым вечаровым змроку, як пастух, які адным поглядам пералічвае, гуртуе і яднае свой статак. Гэты натоўп ужо не натоўп: ён — народ. Хіба ж я магу быць у роспачы?
Нягледзячы на твань паражэння, мяне, быццам я прылучаўся да нейкага таінства, перапаўняе няўтрымная святочная радасць. Я аточаны вэрхалам разгрому, і ўсё-такі я адчуваю сябе пераможцам. Хто з маіх таварышаў, вяртаючыся з задання, не адчувае сябе пераможцам? Капітан Пеніко расказваў мне пра свой ранішні палёт: «Калі мне здавалася, што якая-небудзь зенітка надта добра прыстралялася да мяне, я пікіраваў проста на яе на поўнай хуткасці, на брыючым палёце, даваў па ёй кулямётную чаргу, якая адразу ж тушыла гэты чырванаваты агонь, як смерч, праносіўся над гарматным разлікам… Гармата быццам выбухала! Людзі разбягаліся хто куды, спатыкаліся і падалі на зямлю. У мяне было такое ўражанне, што я гуляю ў кеглі». I Пеніко смяяўся, Пеніко пераможна смяяўся. Пеніко — капітан-пераможца!
Я знаю: баявое заданне пераўвасобіла нават таго стралка з экіпажа Гавуаля, які, апынуўшыся ноччу ўнутры храма, узведзенага васьмюдзесяццю чатырма пражэктарамі, прайшоў пад скляпеннем іх промняў, як салдат на вяселлі праходзіць пад скрыжаванымі шпагамі.
Читать дальше