Мы пачалi ўладкоўвацца нанач. Дастаўшы з багажнага аддзялення пяць цi шэсць скрынак з таварамi, мы апаражнiлi iх, расставiлi кругам i ўсярэдзiне кожнай, як у прадзiманай ветрам будцы вартаўнiка, запалiлi па тоненькай свечцы. У глухой пустынi, на голай кары планеты, самотныя, як у дагiстарычны час, мы збудавалi людское селiшча.
Наважаныя пераначаваць на галоўнай плошчы нашага селiшча, на голым загоне пяску, на якi са скрынак падала дрыготкае святло, мы пачалi чакаць. Мы чакалi зары, якая павiнна была выратаваць нас, — альбо маўраў. I я не магу нават сказаць, што надавала гэтай ночы прысмак святочнасцi, каляднасцi. Мы дзялiлiся ўспамiнамi, жартавалi i смяялiся.
Нас хмелiў нейкi лёгкi ўздым, якi апаноўвае сэрца ў разгар хораша наладжанага свята. А мы ж былi сапраўдныя галетнiкi. У нас мелiся толькi вецер, пясок ды зоры. Суровы стыль трапiстаў. Але за гэтым скупа асветленым сталом шасцёра цi сямёра мужчын, у якiх тут не мелася анiчагусенькi ў свеце, апрача ўспамiнаў, дзялiлiся нябачнымi скарбамi.
Вось мы i сустрэлiся, нарэшце. Часам доўга крочыш поплеч з людзьмi, замкнёны ў сваiм маўчаннi, цi перакiдваешся словамi, якiя нiчога не значаць. Але вось наступае часiна небяспекi. I ты абнiмаеш таварыша за плечы. Прыходзiць адкрыццё тваёй прыналежнасцi да аднаго супольства. Гэтае адкрыццё прыводзiць да iншых усведамленняў. I ты шырока ўсмiхаешся таварышу. I нагадваеш у такiя хвiлiны выпушчанага на волю вязня, шчаслiвага неабсяжнасцю мора.
Гiёмэ, дазволь мне трошкi расказаць пра цябе; я не буду бянтэжыць цябе няўклюдным славалействам, усхваляючы тваё бясстрашша цi тваё прафесiйнае майстэрства. Зусiм пра iншае хацеў бы я сказаць, апавядаючы пра сама дзiвосную з тваiх прыгод.
Ёсць такая рыса характару, якую нават цяжка акрэслiць. Яе можна назваць сур'ёзнасцю, але гэтае слова не зусiм дакладнае. Таму што тая рыса можа выдатна ўжывацца з бесклапотнейшай жыццярадаснасцю. Гэта рыса цеслi, якi, як роўны з роўным, прымошчваецца каля кавалка бервяна, абмацвае яго пальцамi, вымервае, спакваля ацэньвае ўсе яго вартасцi, не спяшаючыся з легкадумнымi вывадамi.
Неяк, Гiёмэ, я прачытаў адзiн расказ, дзе ўсхваляўся твой подзвiг, i права паквiтацца з тым непраўдзiвым вобразам яшчэ за мной. Там, у тым апавяданнi, ты так i сыпаў прастачымi «гаўрошавымi» жартамi, як быццам адвага заключаецца ў тым, каб у хвiлiну найгоршай небяспекi, на парозе смерцi прынiзiцца да шкалярскага зубаскальства. Аўтар таго апавядання не ведаў цябе, Гiёмэ. Перад тым як пайсцi на штурм сваiх супрацiўцаў, ты не адчуваеш патрэбы высмейваць iх. Нагабаўшы навальнiцу, ты проста разважаеш: «Ага, навальнiца». Ты ведаеш, што гэта такое, i рыхтуешся да яе.
Прымi, Гiёмэ, сведчанне маёй памяцi.
Ты знiк на цэлых пяцьдзесят гадзiн пры пералёце цераз Анды, зiмой. Я акурат вярнуўся з Цэнтральнай Патагонii i ў Мендосе далучыўся да лётчыка Дале. Пяць дзён кружылi мы над гарамi, намагаючыся адшукаць у гэтым хаосе якi след, але беспаспяхова.
Нашых дзвюх машын было вiдочна недастаткова. Здавалася, што i сотня эскадрылляў за сотню год не здолела б прашарыць гэты агромнiсты масiў з вяршынямi, якiя ўздымаюцца ўгору на сем тысяч метраў. Мы страцiлi ўсялякую надзею. Нават кантрабандысты, бандыты, за пяць франкаў гатовыя пайсцi на злачынства, адмаўлялiся правесцi нас цераз горныя хрыбты з атрадам ратаўнiкоў. «Тут можна i жыццём паплацiцца, — казалi яны. — Зiмой Анды не выпускаюць людзей жывымi са сваiх лапаў». Калi Дале цi я прызямлялiся ў Сант'яга, чылiйскiя афiцэры таксама раiлi нам спынiць пошукi. «Зiма ж на дварэ. Ваш таварыш калi i выжыў, упаўшы, то не перажыў ночы. Калi там, у гарах, чалавека застае ноч, яна ператварае яго ў лядзяш». I калi я зноў i зноў слiзгаў мiж сцен i гiганцкiх калон Андаў, мне здавалася, што я шукаю ўжо не цябе, а ў моўчы снегавога храма чытаю над табой апошнюю малiтву.
I вось на сёмы дзень, калi ў перапынку памiж двума вылетамi я снедаў у адным мендоскiм рэстаранчыку, нейкi чалавек рыўком расчынiў дзверы i выгукнуў — о! усяго толькi два словы:
— Гiёмэ… жывы?
I ўсе незнаёмыя мiж сабой людзi, якiя сядзелi тады ў рэстаране, кiнулiся ў абдымкi.
Праз дзесяць хвiлiн я ўжо ўзняўся ў паветра з двума механiкамi на борце, Лефеврам i Абры. А яшчэ праз сорак хвiлiн прызямлiўся на палявой дарозе, богведама як угадаўшы машыну, якая везла цябе некуды ў кiрунку да Сан-Рафаэля. Гэта была незабыўная сустрэча, мы плакалi i сцiскалi цябе ў абдымках, жывога, уваскрэслага, творцу твайго ўласнага цуду. Менавiта тады ты i выцiснуў з сябе, i гэта была першая твая выразная фраза, дзiвосная гордасць чалавека: «Клянуся, я такое здолеў, што нiводнай бестыi не пад сiлу».
Читать дальше