— Не заслужыла, — адказваў Олівер.
— Заслужыла, — паўтарыла місіс Саўэрберы.
— Гэта хлусня! — закрычаў Олівер.
Місіс Саўэрберы залілася слязьмі.
Гэтая плынь слёзаў не пакінула містэру Саўэрберы выбару. Калі б ён хоць на момант прамарудзіў з суворым пакараннем, то, як гэта ўжо зразумела кожнаму дасведчанаму чытачу, ён быў бы, згодна з усімі прэцэдэнтамі шлюбных сварак, названы быдлам, пачварай, не мужам, а чорт ведае чым, агіднай пародыяй на мужчыну і яшчэ шмат якімі мянушкамі, пералічэнне якіх магло б нашмат павялічыць памеры гэтага раздзела. Трэба аддаць містэру Саўэрберы належнае: наколькі распаўсюджвалася ягоная ўлада — а яна распаўсюджвалася на малы прасцяг — ён добра ставіўся да хлопчыка. Можа быць, гэта было ў яго інтарэсах, а можа гэта было так таму, што таго недалюблівала ягоная жонка. Аднак слёзны патоп не пакінуў яму выйсця, і ён адмяцеліў Олівера так, што задаволіў нават місіс Саўэрберы, а ўжыванне містэрам Бамблам яго прыходскай палкі, па сутнасці, стала непатрэбным. Рэшту дня Олівер правёў у каморцы за кухняй пад замком у кампаніі з помпай ды лустай хлеба, а перад сном місіс Саўэрберы, зрабіўшы пад дзвярыма колькі зусім не суцяшальных для памяці яго маці заўваг, зазірнула на кухню і пад насмешкі ды кпіны Ноэ і Шарлот загадала хлопчыку ісці наверх у свой убогі ложак.
Застаўшыся адзін пасярод непрыветнай цішы і спакою ў цёмнай краме трунара, Олівер даў волю пачуццям; можна сабе ўявіць, якія пачуцці абудзіліся ў зусім яшчэ дзіцячай душы Олівера. З пагардай выслухоўваў ён крыўдныя рэплікі, без адзінай слязінкі выносіў лупцоўку, таму што адчуваў, што яго сэрца поўніцца гонарам, які даў бы яму сілы маўчаць да апошняга, нават калі б яго пачалі смажыць жыўцом. Але цяпер, калі яго ніхто не чуў і не бачыў, ён упаў на калені і, хаваючы твар у руках, заплакаў так, як мала хто ў такім узросце меў падставу плакаць; такія слёзы пасылае Бог дзеля выкуплення грахоў нашых.
У такой паставе Олівер заставаўся доўгі час. Калі ён узбіўся на ногі, свечка ў падсвечніку ўжо дагарала. З перасцярогай аглядаючыся і ўважліва ўслухоўваючыся, ён паціху адамкнуў дзверы і выглянуў на вуліцу.
Была халодная, цёмная ноч. Хлопчыку здалося, што зоры сёння далей ад зямлі, чым калі-небудзь раней; ветру не было, і змрочныя цені, адбіткі дрэваў на зямлі, выглядалі прывіднымі і мёртвымі — настолькі нерухомымі яны былі. Олівер ціха зачыніў дзверы; у слабым святле свечкі ён завязаў у насоўку тое-сёе са свайго адзення, сеў на ўслончык і стаў чакаць ранку.
Як толькі праз аканіцы прабіўся першы прамень святла, Олівер устаў і зноў адамкнуў дзверы. Нясмелы позірк навокал, — нейкі момант вагання, — і вось ён зачыніў за сабой дзверы і выйшаў на вуліцу.
Няпэўны, куды яму уцякаць, ён паглядзеў направа, потым налева. Ён успомніў, што вазы, калі выязджалі з горада, узнімаліся на пагорак. Тым самым гасцінцам пайшоў і ён; дасягнуўшы сцежкі цераз поле, якая, як ён ведаў, неўзабаве зноў выходзіла на гасцінец, ён павярнуў на сцежку і шпарка пакрочыў наперад. Олівер добра памятаў, што па гэтай самай сцежцы ён подбегам спяшаўся ўслед за містэрам Бамблам, калі той першы раз забіраў яго з працоўні на «ферму». Яго шлях ляжаў якраз паўз катэдж. Калі ён падумаў пра гэта, яго сэрца моцна забілася, і ён ледзь не павярнуў назад. Але ж ён прайшоў вялікі шлях і страціў бы зашмат часу, каб вярнуцца назад. Да таго ж, было рана, і не варта было асцерагацца, што яго хто-небудзь заўважыць, так што ён пайшоў далей.
Ён дайшоў да дома. Здавалася, што ў такі ранні час усе яго насельнікі спалі. Олівер спыніўся і зазірнуў цераз плот у сад. Нейкі хлопчык вырываў з градкі пустазелле; калі Олівер спыніўся, той падняў свой бледны тварык ад зямлі, і Олівер пазнаў аднаго са сваіх былых таварышаў. Олівер узрадаваўся, што пабачыў яго, перш чым пайсці адсюль: хоць той быў маладзейшы за яго, але яны сябравалі і бавіліся разам. Супольна іх абодвух шмат разоў і білі, і марылі голадам, і трымалі пад замком.
— Ціха, Дзік! — сказаў Олівер, калі хлопчык падбег да брамы і працягнуў у шчыліну руку, каб павітацца. — Хто-небудзь яшчэ не спіць?
— Ніхто, акрамя мяне, — адказаў хлопчык.
— Не кажы нікому, што бачыў мяне, Дзік, — сказаў Олівер. — Я ўцёк. Яны кепска абыходзяцца са мной, б’юць, і я вырашыў пашукаць шчасця дзе-небудзь далёка адсюль. Не ведаю, дзе. Які ты бледны!
— Я чуў, як доктар сказаў ім, што я паміраю, — адказала дзіця са слабай усмешкай. — Я вельмі рады, што пабачыў цябе, сябра, але ідзі, ідзі!
Читать дальше