— Што ты там, дарагая, шэпчаш?
— Малітву, замову, мяне бабуля навучыла.
— Яна ў цябе што, шаптуха? — іранічна спытаў Рыгор.
Малання ўсміхнулася.
— Не ведаю. Яна заўсёды дапамагае людзям. Многаму мяне навучыла, у тым ліку і розным малітвам на ўсе выпадкі жыцця.
— Так ты, можа, таксама вядзьмарка? І мяне зачаравала, калі я цябе два гады таму спаткаў? — зноў жартаўліва спытаў ён.
Яна засмяялася і пляснула далонькай па спіне.
— Можа і вядзьмарка, табе дрэнна са мною?
— Вочы ў цябе вялікія і шалёна прыгожыя, як у вядзьмаркі, — дабрадушна ўсміхнуўся Рыгор.
Малання забрала пустую міску ад сабакі і вярнулася да стала.
— Рыгор, трэба прыдумаць нейкую мянушку. Як яго зваць будзеш?
— Напэўна, у яго ўжо ёсць мянушка і ёсць гаспадар, — разважыў гаспадар. — Трэба паведаміць пра сабаку лоўчаму, можа яго шукаюць.
— Заўтра раніцай з’ездзіш. Заадно заскочыш да маіх бацькоў, няхай прыедуць да нас у адведкі. Заўтра Каляды, хай пасля царквы і завітаюць.
— Куды табе прымаць гасцей? — сказаў ён пасля нядоўгага маўчання. — Табе радзіць хутка.
— А ў мяне да свята пірагі выпечаныя, — усміхнулася яна.
— Добра, дарагая, ты адпачывай, — пляснуў рукамі па каленях Рыгор, пазяхнуў і дадаў — А я пакармлю скаціну і таксама буду адпачываць. Заўтра пабачым, як лепш зрабіць.
— Я карову і падаіла, і сена кінула. Каштан таксама пакормлены, паклала яму сена і насыпала аўса. Так што ты, Рыгорка, можаш адпачыць.
— І калі ты, Малання, паспяваеш усё рабіць? — паціснуў плячамі здзіўлена стражнік.
— Калі? Я ж вядзьмарка, начаравала, усё само па сябе і зрабілася, — жартаўліва адказала яна.
— Добра табе!
Рыгор праз акно зірнуў на вуліцу: снег перастаў ісці.
— Вой! — спахапіўся ён. — Ледзь не забыўся. Заўтра Каляды, а я не прынёс ялінку. Збіраўся з раніцы дарогай ссекчы і запамятаваў.
— А я чакала і прыгатавала цацкі, а ты замест ялінкі прывёў во каго, — кіўнула галавой Малання, паказываючы вачыма на сабаку.
— Малання, скажы, табе сапраўды спадабаўся сабака?
— Спадабаўся, — уздыхнула яна. — Ён вялікі і моцны, падобна, можа, управіцца нават з ваўком. Бацька прыносіў некалькі разоў дадому шчанюкоў, але доўга яны не жылі. Толькі абвыкнеш, як ваўкі пацягнуць у лес. Вось у селішчах сабакі жывуць доўга, а тут, у лесе, цяжка зберагчы іх. Ды і ў хаце было б весялей. Калі ты сыходзіш на службу, цэлы дзень сама, — гаспадыня сумна схіліла галаву. — Пагаварыць няма з кім, вось і працую... Часам што раблю і ціха спяваю. Тады не так журботна.
Рыгор падышоў да жонкі, абняў яе, потым паклаў руку на жывот.
— Га-аротніца ты мая! Хутка табе некалі будзе сумаваць. Добра, схаджу па ялінку, а то зусім сцямнее.
Ён надзеў кароткую бравэрку, шапку, узяў з-пад лаўкі сякеру і адчыніў на вуліцу дзверы. Сабака падняўся.
— Ляжы, адпачывай, — паказаў рукой на дыванок.
Сабака паслухмяна лёг на сваё месца.
Стражнік выйшаў на ганак і зірнуў на неба.
Там пачыналі паказвацца зоркі, а над лесам вісеў малады месяц. Ветру не было. Вакол стаяла чарадзейная цішыня — сапраўдная перадкалядная ноч.
Рыгор накіраваўся ў лес. Ён быў яму вельмі добра знаёмы, тут прайшло яго дзяцінства. Высек ялінку і прыслухаўся: прычулася далёкае выццё самотнага ваўка.
— Даўненька вас не было чуваць, — услых сказаў сам сабе.
У хаце ўжо гарэлі свечкі, сабака нерухома стаяў і глядзеў на дзверы.
— Чуе воўчае выццё, не спіць, хоць і стаміўся, — сказаў Рыгор.
— Мажліва, хоць у хаце выцця ваўкоў і не чуваць, — здзіўлена адказала яна.
— Гэта табе ў хаце не чуваць, а ён чуе, — упэўненым голасам выказаў сваё меркаванне стражнік.
З каморкі прынёс драўляную крыжавіну з дзіркай пасярэдзіне, усталяваў ялінку на зэдлік.
— Дарагая, можаш упрыгожваць лясную прыгажуню.
— Вой! Якая ялінка пухнатая, — весела засакатала Малання і з задавальненнем узялася за прыемную працу.
Увесь гэты час за ёю сачылі дзве пары вачэй. Адна пара вачэй мужа, другая — сабакі. Стражнік любіў назіраць, як яго жонка нешта робіць.
Цацкі былі немудрагелістыя, з кавалачкаў каляровай паперы. Зялёная прыгажуня змянялася на вачах. Убачыўшы фігурку зубра, стражнік усміхнуўся.
— Хораша выйшла, нічога не скажаш. Хто цябе навучыў?
— Усё гэта я падгледзела ў хаце обер-фарстмайстара, калі гадоў пяць таму разам з бацькам была ў іх на Каляды. Толькі цацкі там былі сапраўдныя, а гэтыя я зрабіла сама, — не зводзячы вачэй з ялінкі, трохі ганарліва сказала гаспадыня.
— Хораша, вельмі хораша, — Рыгор падняўся і пацалаваў жонку.
Читать дальше