— Слухай, ты мяне пераконваеш ці сябе, што маеш рацыю, калі забараняеш Саламеі лекаваць? — сярдзіта спытаўся Пранціш. Лёднік памаўчаў, апусціўшы вочы.
— І тое, і другое, пан Вырвіч…
Маленькі Алесь пачаў выкарыстоўваць для баявых дзеянняў сваёй алавяннай арміі вялізную кнігу, што ляжала на таткавых каленях, і суровы доктар намагаўся не варушыцца, каб цацачнае войска не пападала. І Пранціш падумаў, што Лёднік дорага заплаціў за бяспеку ўсіх сваіх бліжніх, кожнага з якіх мог страціць назаўсёды. Таму й трасецца, каб з імі зноў чаго не здарылася.
— Ведаеш, мяне таксама ў палку чарнакніжнікам лічаць, — горка пасмінуўшыся, прызнаўся Пранціш. — Не напіваюся, кніжкі чытаю…
— З вядомым чарадзеем Лёднікам таварышуеш, — сцвердзіў доктар.
Алесь падняў зацікаўлены пагляд на бацьку:
— Пане-бацька, а ты чарадзей?
Лёднік пагладзіў хлопчыка па галаве.
— Я — вучоны. Толькі невукі вераць у чарадзейства, запомні, сын. Ты яшчэ пабачыш, як навука зменіць свет!
Уздыхнуў, як апошняга каня прадаўшы.
— Хаця ці зменіць яна яго да лепшага — гэта яшчэ вялікае пытанне.
Саламея вярнулася з вінавата апушчанымі вачыма, павяла сына спаць, паабяцаўшы яму, што ўсе забітыя жаўнерыкі назаўтра ажывуць і стануць яшчэ больш баявітымі.
Каб жа так было і ў жыцці…
Але ў жыцці ўсё няпроста. І Пранціш разумеў, чаму неўтаймоўная калісьці пані Саламея толькі ўпотай уздыхае і намагаецца не паказаць крыўды. Адчувае віну, што так і не змагла нарадзіць каханаму мужу дзіця. Пранціш падазраваў, што справа ў тым, што калісьці, падчас зняволення ў Слуцкім замку, пані моцна застудзілася — Геранім Радзівіл змушаў упартую палонніцу да пакоры ўсялякімі сродкамі. Што ж, шавец без ботаў, а дактары свае хваробы вылечыць не могуць.
А Вырвіч, толькі апынуўшыся сам у пакоі, змог даць волю гору… Якім абарочваецца шчасце тваёй каханай — з іншым. І трэба мець вялікае сэрца, каб пажадаць ёй і надалей таго шчасця.
Драгун Пранціш Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр так і пастараўся зрабіць.
Раздзел другі
ДАРУЧЭННЕ СУДДЗІ ЮДЫЦКАГА
Старажытныя кёльты верылі, што калісьці ў Ірландыі над ручаём Тройцы раслі дзевяць кустоў ляшчыны з чароўнымі арэхамі цёмна-малінавага колеру: хто іх сарве ды з’есць, спазнае таямніцы сусвету. Разумнікаў, аднак, не знаходзілася, арэхі ціхенька сабе падалі ў ваду разам з таямніцамі, і там іх глыналі тлустыя лянівыя ласосі. Вось гэтыя рыбіны і зрабіліся наймудрэйшымі ў свеце, асабліва пасля таго, як чароўныя ляшчыны засохлі з-за цікаўнасці адной кабеты. А толку з мудрасці тых ласосяў? Што яны распавядуць? Хіба злавіць якога ды з’есці… Аднаму кёльтскаму герою, Фіну Мак Кумхэйлу, удалося такую рыбу сасмажыць ды зрабіцца мудрацом. А так — суцэльнае расчараванне: ласосі паныла сноўгаюць у рэчцы, шукаючы арэхаў, людзі вылоўліваюць ласосяў, спадзеючыся напаткаць патрэбнага…
Пан суддзя Юдыцкі, напэўна, таксама спадзяваўся праз паяданне рыбы зрабіцца мудрацом. Таму што зацята калупаўся ў кавалку ласасіны, запечаным з цытрынай. Увогуле стол, за якім сядзела ўсяго два чалавекі, суддзя ды ягоны госць, быў устаўлены далікатэсамі аж надзіва: мядзвежыя лапы пад вішнёвай падліўкай, бабровыя хвасты з ікрой, ласіныя ноздры з мігдаламі, смажаныя вожыкі і яшчэ нешта, чаму Пранціш Вырвіч і назвы не ведаў. Проста магнацкі баль… Другая дзіўната была ў тым, што гаспадар амаль нічога з гэтага не з’ядаў — прынюхваўся вострым носам, прыцмокваючы тонкімі бледнымі вуснамі, прагна паглядаў запалымі вачыма, клаў у рот мізэрныя кавалачкі… Жаваў, прыжмурыўшыся ад насалоды. А потым выплёўваў на спецыяльна падстаўлены лёкаем срэбны паднос. Драгуну Пранцішу Вырвічу, які аніяк не чакаў падобнага гасцявання, ад такога відовішча і насцярогі таксама кавалак у рот не лез. Суддзя, заўважыўшы неўразумелыя позіркі драгуна, патлумачыў:
— Ах, вашамосць пан Вырвіч, на жаль, жаданні чалавечыя пераўзыходзяць магчымасці чалавечага арганізма, адпушчаныя нам Госпадам і занепадаючыя за нашыя грахі. Быў час, калі я пагарджаў добрай шляхецкай ежай, і, выконваючы свой абавязак перад ягонай мосцю князем Радзівілам і Айчынай, паспяваў за дзень толькі ўкусіць сухой булкі… Колькі ж я ўпусціў простых радасцяў жыцця, ахвяруючыся дзеля вышэйшых ідэалаў! Certum est omnia licere pro рatria! [6] Належыць ахвяраваць усім дзеля радзімы (лац).
Пан Юдыцкі закаціў вочы ўгару, як касцёльная дэвотка, і пачапіў на двузубы відэлец чарговы далікатэс. Пранціш успомніў, як Юдыцкі шчыраваў «дзеля вышэйшых ідэалаў», калі хацеў употай прадаць «ведзьмака» Лёдніка князю Гераніму Радзівілу на пакуты.
Читать дальше