І яго грызла шалёная злосьць: так паверыў у сваю ўладу над Нарай, так неабачліва згадзіўся на ўзвышэньне гэтай дзеўкі Дзівейны! Ды назад, як той рак у Вяльлі, не папрэшся. Замнога намаганьняў і інтрыг укладзена ў справу. Але Дзівейна — гэта перш за ўсё тая ж Нара! І, неймаверным намаганьнем скарыўшы свае пачуцьці, доўга ўводзіў ёй у вушы, што пакуль што варта патрабаваць ад Альгерда толькі аднаго — новай жаніцьбы. Трэба на яго націскаць усёй радай жрацоў, іх аднадушным рашэньнем, супраць якога вялікі князь хутчэй за ўсе ня пойдзе. А вырываць ад яго зараз яшчэ і згоду на недкладную сьмерць Кумца і Няжылы — значыць даць у рукі гаспадара той козыр, які хітры і вывертлівы вялікі князь абавязкова выкарыстае.
Так яно, зрэшты, і адбылося. Альгерд, як адчуўшы ўсе гэтыя мітрэнгі (а можа, і добра ведаючы іх), ставіў неадменную ўмову: альбо пакараньне, альбо вясельле. Пры тым нібыта шчыра сьведчыў гатоўнасьць быць разам са жрацамі, ды і яны ж павінны пайсьці насустрач!
— Мне трэба лічыцца і з папам, і з суседзямі, якія ўсе спрэс хрысьціянскія краіны, і таму… таму я згодны пакуль што ў першым: мы пакараем гэтага… прапаведніка. Да канца жалобнага па Марыі году яшчэ ёсьць час. А зараза, аб якой вы, жрацы, мне штодзень гаворыце, сапраўды існуе. Яе трэба выпальваць…
Бурыла нутром адчуваў: вялікі князь, згаджаючыся з імі ў адным, тым аддаляў іншае рашэньне, бо яно магло падарваць давер да яго Папы і Цьверы. А між тым час працуе на вялікага князя, умацоўвае ягоныя пазіцыі ў Вільні. І праз тыя паўгода, якія засталіся да сканчэньня жалобнага тэрміну па княгіні, ён прыдумае нешта іншае. І — зноў вывернецца. Але што рабіць?
Бурыла настойліва дамагаўся канчатковага рашэньня.
— Я прасіў бы цябе, вялікі гаспадар, на гэтым тыдні ўсё ж абвясьціць Дзівейну тваёй нявестай. Заручыны мы правядзем каля сьвяцілішча Перуна, пасьля замацуем іх ахвярай Вялесу. Гэтым ты супакоіш прыхільнікаў старажытнай веры. А іх болей, значна болей, чымся хрысьціян!
— Пакуль што!
— Не кажы так! Бо прамоўленае Слова валодае сілай, яно можа павярнуцца дзеяй.
Трохі памаўчалі. Бурыла зрабіў знак слузе, той даліў у кубак вялікага князя гарачага адвару сьвятаяньніка.
— Мы падтрымлівалі цябе заўсёды. Нават насуперак запавету Гедзіміна…
— Я добра плачу за вашу падтрымку. Так, вы аддалі яе мне, а ня брату Яўнуту. Затое ж і людзі ў Княстве ідуць у старадаўнія храмы, а не ў царкву…
— …нягледзячы нават на тое, што твой і наш вораг прапаведуе ім нянавісьць да абаронцаў нашага людства і што ты не загадаў вырваць яму язык, — дагаварыў Бурыла.
— Я ўважаю тваю просьбу, але ў хрысьціянскім сьвеце немагчыма сумяшчаць сьмерць і заручыны. Пачакайце. Час церпіць. І больш не хачу пра гэта!
Вялікі князь зноў перахітрыў, перамог яго! І ад таго лютасьць расла і расла ў сэрцы вялікага жраца. Ён апусьціў вочы, каб Альгерд не прачытаў у іх нянавісьці. Няўжо, упершыню за доўгія гады, улада пачынае высьлізваць з ягоных рук? Але што здарылася? Чаму людства бяжыць да цямніцы, дзе гаворыць Кумец? Хрысьціянства было тут здаўна, яго прывозілі купцы, і з ім прыязджалі сюды ўжо шмат гадоў таму вялікія княгіні, яго спавядалі нашчадкі полацкіх князёў, што атабарыліся тут пасьля выгнаньня княскай дынастыі ў Візантыю. Яно не было такім небясьпечным, як зараз. І можа, Нара больш пранікліва адчувае: вінны ня толькі час, але і гэты прыдворны, які быў аблашчаны і Гедзімінам, і Альгердам, але які здрадзіў ім усім! Ён ня словамі, а сваім уласным жыцьцём прабівае ў магутнай сьцяне адтуліну, праз якую немінуча ўвойдзе вораг. І гэты… Круглец… таксама! І ён хрыпата прашаптаў:
— Ня можаш ажаніцца — затое можаш пакараць хрысьціянаў! Дай нам павесіць іх на самай магутнай галіне сьвяшчэннага дуба — таго, што ў Перуновым гаі!
І спакойна, нават з нейкім шкадаваньнем да яго лютасьці прамовіў вялікі князь:
— Гэта вы, жрацы, вынесьлі ім прысуд. Я толькі замацую яго вялікай гербавай пячаткай, і хай гэта дае вам дадатковую моц у вачах вільнян. Мы ж уладарым разам, вялікі жрэц, ці ня так?
Пахкім сіняватым дымком цягнула ад курыльніц па кутках залі, ад чаго яна нагадвала паляну, зацягнутую лёгкім ранішнім туманам. Язычкі сьвятла ад лучынаў у срэбных зажымах матляліся па сьценах, размаляваных кветкамі. Маёлікавыя ўстаўкі на падлозе пераліваліся, успыхвалі, калі ўспыхвала лучына.
У залі ішло баляваньне. Дубовыя сталы гнуліся пад цынавым і срэбным посудам.
Ляталі над галовамі слуг вялізныя падносы з мядзьвежынай і вепручынай, тарэлы са смажанымі лебядзінымі тушкамі, паліваныя гаршкі з рэпай, рэдзькай і мочаным гарохам, глякі з квасам і медавухай.
Читать дальше