– Чаму вы не прывезлі сваёй малодшай? – ветліва спытаў пан Юры. – Старэйшую я заўважыў. A Наталі няма...
– Што вы, – вінаватая ўсмешка Раўбічавай рабіла яе твар асабліва прыемным. – Наталі ж толькі два гады.
– Гэта дзіцячае свята, – сказаў бацька і падкрэсліў: – Таму я і запрашаў усіх. Для такіх гасцей мы аддалі асобны пакой з цацкамі.
– Я думаю, што наступны раз мы выправімся, – сказала пані Эвеліна. – A пакуль што, сапраўды, дзе ж старэйшая?
З натоўпу гасцей якраз y гэтую хвіліну выбралася дзяўчынка, – гады мо на два маладзейшая за Алеся, – па-дзіцячы даўганогая, y белай, званочкам, сукенцы, што адкрывала яе загарэлыя моцныя ножкі.
– Notre enfant terrible [36] Наша немагчымае дзіця (франц.).
, – з усмешкай сказала Раўбічава.
Enfant terrible набліжалася да іх даволі рашуча і амаль цягнула за руку, як вялізную ляльку, Ядзечку Клейну. Тая ледзь паспявала за сваёй мучыцелькай.
– Вось, – сказала мучыцелька. – Вось яна, Ядзя. Так і не ўцякла.
– Вечар добры, Ядзенька, – сказала Раўбічава. – A ты, Міхаліна, трымай сябе прыстойна. Вось хлопчык, якога сёння стрыглі, пазнаёмся з ім.
– Яго толькі сёння стрыглі? – прыўзняла бровы дзяўчынка. – Зусім як дзяўчынку... Бедны!
Вочы Раўбіча смяяліся. Ён скоса глянуў на пана Юрыя і сустрэў яго вясёлы позірк.
– Не чапляйся да слоў, Міхаліна, – сказала Раўбічава.
– Ма-а, – з дакорам сказала малое, – ты ж ведаеш, я не люблю...
– Не чапляйся да маіх слоў, Майка, – больш паблажліва сказала маці.
– Не буду, – сказала Майка. – Дальбог, не буду, матулечка.
I глянула на Алеся халаднаватымі вачыма.
– У вас нейкае зусім сялянскае імя, хлопчык, – паважным птушыным галаском сказала яна. – Чаму б гэта?
Алесь раззлаваўся:
– A чаму гэта ў вас такое дзіўнае імя, маленькая дзяўчынка?
Белая шаўковая яе сукенка прыемна адцяняла слабы залацісты загар на руках. Валасы былі сабраны ў высокую прычоску, смешную на дзіцячай галоўцы.
“Каб не язык, зусім някепскае было б дзяўчо. Адцягаць бы цябе за валасы. Ведала б, як жарты строіць”.
A пад брывамі насмешліва глядзяць на яго цёмна-блакітныя, як марская вада, вочы.
Дзяўчынка ўздыхнула і першая адвяла позірк, не вытрымала. Губкі яе таргануліся, бы ад няўлоўнай крыўды. Але яна стрымалася і знешне спакойна паправіла на плячах доўгую карункавую мантылью. Калі яна гэта рабіла, яе рукі агаліліся вышэй локцяў, няспрытныя, худыя, як пруцікі, рукі з вострымі локцікамі. I гэта неяк памірыла з ёю Алеся, бо ён адчуў сябе мацнейшым.
Бацька падміргнуў Раўбічу, і дарослыя перасталі звяртаць увагу на дзяцей. Пан Юры падаў знак музыкам, і тыя грымнулі нейкую ўрачыста-сумную мелодыю.
– Прыгонны капельмайстар Вежы напісаў, – сказаў Раўбічу бацька. – Спецыяльна на гэты дзень...
A музыка грала. З нейкай гордай прыхаванай сілай. Ці то шумеў сітняг на бясконцых балотах, ці то чуўся ў цемры стомлена-мужны крок тысяч ног? Ён перарываўся часам, каб даць месца чамусьці змрочнаму і цяжкаму, a потым зноў гучаў.
I, прашываючы гэта, срэбная, нібы з жураўлінага горла, вяла сола труба.
Алеся як сціснула нешта за горла. Ён кінуў вачыма на Раўбіча і ўбачыў, што ў таго апушчаны свінцова-цяжкія павекі.
– Назва? – спытаў Раўбіч адрывіста.
– “Курганная шыпшына”, – адказаў бацька. – Бадай, ці не надта змрочна для такога дня. Але Вежа настойваў.
– Правільна зрабіў Вежа, – пасля паўзы сказаў Раўбіч.
Труба змоўкла.
Госці стаялі трошкі адурэлыя ад нечаканага пачатку. I ў гэтай цішыні бацька выступіў амаль на сярэдзіну залы.
– Шаноўныя панове. Шаноўныя гаспадыні і гаспадары. Сённяшні дзень – першы дзень юнацтва майго сына. Музыка, якой вы так былі здзіўлены, была напісана дзеля яго і гралася для яго. Яна не датычыцца вас. У гэты ўрачысты вечар вы павінны весяліцца.
Бацька быў бадай непрыемны Алесю ў гэтую хвіліну. Алесь зірнуў на Раўбіча, сустрэў яго позірк і зразумеў, што той адчувае тое ж самае.
– Сёння свята дзяцей, – казаў далей бацька. – I таму першы танец належыць дзецям... Дзеці, станьце ў пары... Алесь, выберы даму для першай пары.
Невядома, як гэта выйшла, Алесь яшчэ за хвіліну зусім не хацеў гэтага, – але ён стаяў ля Майкі і працягнуў гэтай агіднай зласлівіцы сваю руку... За ім, другой парай, стаялі Франс з Ядвігай, потым – Мсціслаў з нейкай дзяўчынкай, яшчэ і яшчэ пары.
Радасна грымнуў аркестр на хорах, і пацяклі павольныя гукі паланеза.
I тады Алесь, адчуваючы ўласны спрыт і лёгкую сілу, якая раптам наліла ўсё цела, паважна, на пальчыках, пайшоў, павёў даму да дзвярэй y малую залу, якія, зусім па-чарадзейску, самі адчыніліся ў другім канцы вялікай залы.
Читать дальше