На хвiлiну замаўчалi. Звiнелi над рунню жаўрукi.
– Чаго гэта вы без дарогi? – спытаў пан Адам.
– Зараз нам дарогi непатрэбны... Нiчога не бачылi?
– Не, – устрывожыўся Выбiцкi. – А што такое? Мусатаў прамаўчаў. Толькi ўчэпiстая рука паправiла штуцэр.
– Чорны Война зноў у губернi, – сказаў ён пасля паўзы.
Пан Адам падаўся наперад.
– Уварваўся аднекуль, як шалёны воўк, – сказаў Мусатаў. – Спяшаецца рэзаць, пакуль пастухi не агойталiся. Два гады не было i раптам, як камень на галаву.
– А казалi, што вы яго тады... падвалiлi... два гады таму.
– Я каня ягонага падвалiў... На гэты раз буду разумнейшы. Яго звалю, а на яго канi ездзiць буду. I адкуль ён толькi коней такiх бярэ? Стрыжы, а не конi.
– Не ездзiлi б вы цяпер адзiн, пане паручнiк. Гэты не мажа.
– I я не мажу, – сказаў Мусатаў. – Ездзiў вось крынiцы ў ярах паглядзець. А раптам недзе ля вады дрэмле... Чорта з два.
– А дарэмна. З яра далёка вiдаць. А на аднаго i не трэба многа. Стрэл – i ўсё.
– Многа памагло егерам, што яны не адны былi?
– Ды што ўрэшце здарылася?
– Пазаўчора ранiцай абстраляў з пагорка няпоўны ўзвод егераў. У той жа дзень, вечарам, затрымаў фельд’егера ад генерал-ад’ютанта. Пошту спалiў. Учора сустрэў на дарозе спраўнiка з людзьмi i разрадзiў па iх стрэльбу. Удзень ледзь не нарвалася на яго земская палiцыя, але ражна дагналi. Толькi жарабцоў хвост бачылi. А ўначы Раўбiч паведамiў: Война праехаў праз вёску.
– I ўсё адзiн? – спытаў Выбiцкi.
– Усе адзiн. З апошняга мяцяжу адзiн. Ну, бывай, Выбiцкi.
I хвастануў карбачом каня. Пан Адам глядзеў яму ў спiну.
– Паехалi, панiч, – сказаў ён пасля паўзы.
Кабрыялет пачаў спускацца ў лагчыну. Паручнiк мiльгнуў кропкай на далёкiм пагорку i знiк... Пан Адам сядзеў натапыраны i неяк дзiўна ўсмiхаўся.
– Раўбiч яму паведамiў, – буркнуў ён. – Чорнага Войну, бачыце, так лёгка злапаць... Не ты, брат, першы. Ла-вi-лi.
А хто такі той Чорны Война?
Вусны Выбiцкага няўлоўна пацяплелi.
– Люблю смелых, – сказаў ён. – Можа, таму, што сам не такi. А Война смелы... I страшны. Ездзiць сабе на вараным i страляе.
– Чаго яму ездзiць?
– Дваццаць год ездзiць. Усiх астатнiх пабiлi, пастралялi, па цытадэлях згнаiлi. А гэты ездзiць... Апошнi день. Анi спаймаць яго, анi купiць... Як дух... Каб не спалi...
Алесь зразумеў, што Выбiцкi больш нiчога не скажа, i не распытваў далей.
Зноў мiльганула з левага боку срэбная стужка Дняпра, трохi больш вузкага ў гэтым месцы. Справа пайшлi лясы. Маладыя каля дарогi, яны ўзбягалi на ўзвышша, рабiлiся ўсё больш i больш старасвецкiмi, пакуль не пераходзiлi – на верхавiне грады – у перастойную адвечную пушчу.
Дарога пайшла з грывы ўнiз, блiжэй да Дняпра, i тут вачам адкрылася прытульная i даволi вялiкая лагчына. Узгоркi абкружалi яе i прыцiскалi да ракi. Лагчыну, вiдаць, утварыла невялiчкая рэчка, якая злiвалася з Дняпром тут, амаль пад нагамi коней.
– Папараць, – сказаў Выбiцкi. – Жэка цёмна.
Кабрыялет спускаўся да рачулкi па спадзiстым адхоне. Лазняк па берагах разарваўся, паказаўшы драўляны масток. За iм сталi перад вачыма вясковыя хаты, значна больш дагледжаныя, чым у Азярышчы: амаль усе з садкамi, амаль усе крытыя новай саломай, а сям-там нават i гонтамi.
– Загоршчына, – сказаў пан Адам. – Ваш маёрат, панiчу.
А над Загоршчынай, вышэй па адхоне, слаўся пладовы вялiзны сад, абрываючыся ўверсе, як па лiнейцы, цёмнай i раскошнай сцяной iрэгулярнага парку.
У парку бялела нешта, перакрэсленае па фасадзе серабрыстымi мётламi iтальянскiх таполяў.
Чым блiжэй пад’язджаў кабрыялет, тым ясней вымалёўваўся двухпавярховы будынак з доўгiм мезанiнам i двума балконамі, над якiмi цяпер былi нацягнуты сляпуча белыя, бялейшыя, чым муры, маркiзы. Вакол дома iшла галерэя на лёгкiх каменных арачках.
– Ложно понятый провансальскiй замковый стiль, – сказаў, чамусьцi па-руску, пан Адам, сказаў з такой завучанай iнтанацыяй, што адразу можна было зразумець: гаворыць не свае словы.
Здалёк можна было яшчэ заўважыць у парку, лявей i глыбей дома, нейкi круглы павiльён, а яшчэ лявей i значна далей – зграбную i вельмi высокую, вузкую цэркаўку на ўзгорку, такую белую i празрыстую, быццам уся яна была пабудавана з сонечнага святла.
Алесь, напэўна, паспеў бы лепей разглядзець усё гэта, але тут здалёк пачуўся тупат капытоў. Потым з вузкага жарала цёмнай алеi вырваўся, як ядро з гарматы, коннiк на белым канi i наўскапыта памчаўся да iх.
Асадзiў каня ля самага кабрыялета так рэзка, што конь як быццам урос усiмi капытамi ў зямлю. Алесь убачыў касы, нервовы зрак каня, яго раздзьмутыя ноздры. Здзiўлены, амаль спалоханы гэтым нечаканым з’яўленнем, не разумеючы яшчэ, што да чаго, ён баяўся ўзняць вочы i таму бачыў толькi белую скуру сядла i белы гарнiтур для верхавой язды. Потым нясмела, спадылба, кiнуў позiрк вышэй i ўгледзеў вельмi загарэлы, амаль шакаладны твар; усмешку, што адкрывала роўныя белыя як снег зубы; белакурыя, хвалiстыя вусы i грыву валасоў i, галоўнае, смяшлiвыя васiльковыя вочы з нейкiм нетутэйшым, доўгiм, мiндалевiдным разрэзам тонкiх павек.
Читать дальше