“Современник” чытаю даволі рэгулярна. І, ведаеш, у жнівеньскай кніжцы новае імя. Памяні маё слова, калі мы не дачакаліся новага свяціла. Ён рускі. Прозвішча – Дабралюбаў. Чалавек, па ўсім відаць, страшэнна памяркоўны, страсны і чысты. Нашы хлопцы ганарацца. Вучыцца ён у педагагічным. Гэта ў будыніне універсітэта. Пад адным дахам. Памятаеш, у Грыбаедава (па тваім спіску цытую):
Есть в Петербурге институт
Пе-да-го-гический – так, кажется, зовут?..
Там упражняются в расколах и в безверьи
Профессоры!
Прафесары “доупражнялись”. Цяпер узнялі голас выхаванцы. Вось яно як!
Пасля напішу аб усім. Перадавай прывітанне бацькам, дзеду, Мсціславу. І, вядома, Майцы. Я люблю яе. Перадай.
Залатыя прыножкі, дзе яна сядзела,
Дзе стаяць яе ножкі, там лаўка залацела”.
Майка паружавела. Варухнула вуснамі.
Во гэта кавалер! Не тое, што ты.
Алесь, нібы не слухаючы, чытаў далей:
”Яна сапраўдная беларуская дзяўчына. І таму, прабач, браце, я не хацеў бы для цябе небяспекі”.
Майчыны шчокі сталі чырвоныя.
Што ты напісаў?
– Напісаў, што мне дарагі свет і ты. Але радзіма мне даражей за ўсё. І калі радзіме маёй дрэнна – мне таксама няміла нічога, акрамя радзімы. Не баліць нічыя бяда, акрамя яе бяды. Я тут не на тое, каб дыгнуць нагою ды сказаць je suis de passaga [79] Я тут праездам ( франц. )
. Я тут нарадзіўся і тут спадзяюся памерці.
Яна зірнула на яго з павагай.
Урга і Касюнька імчалі па свеце. Снежна-белы і мышастая. А свет вакол быў жоўты ад іржышчаў і хрустальна-сіні ад неба. Сям-там на апошніх лапіках поля жанчыны яшчэ ваявалі з каласамі. Жоўтыя бароды жменяў здрыгаліся і бязвольна клаліся пад сярпом. І тонка-тонка, высока, далё-ока дрыжалі, плакалі ў чыстым паветры празрыстыя крынічкі галасоў.
Перапёлка, пераляці поле і сіняе мора, перапёлка.
Нясі звесьці ад ліхой свякроўкі ды да роднай маткі,
нясі звесьці.
Пра што, за што свякроў мяне біла асінавым кіем,
пра што, за што?
А ці я ёй пасцелькі не слала, ці не разувала, а ці я ёй?
Пасцель слала: кулачок пад бачок, камень пад галоўку,
пасцель слала.
Пазувала ў цёмным куточку альхавым пруточкам, разувала.
Бедная мая, – глухім голасам сказаў Алесь. – Бедная мая зямля!
Жаль ахапіў Майчына сэрца. Яна прыстоіла Касюньку да Ургавай рысі і пяшчотна пагладзіла каштанавыя валасы хлопца.
Яна ніколі не ведала, чаго, калі ад яго чакаць. “Нечаканы, як прадзед Акім”, – казаў Вежа. Сапраўды, нечаканы, як удар маланкі. І таму страшэнна прывабны.
Я цяпер ведаю, – сказаў ён. – Ты думаеш, ты дарэмна была барвянай у тым белым пакоі? Не, ты такая і ёсць.
Ён глядзеў на яе дзіўнымі, зусім новымі, вялізнымі шэрымі вачыма. І ёй раптоўна стала страшна.
І валасы ліловыя... Усё ў свеце такое складанае. А мы нічога не ведаем. У ружы, напрыклад, блакітны вячэрні пах. Ён гучыць, як струна віяланчэлі, калі яе кранеш у глухім пакоі. А ў бадзяка, у чартапалоха, пах пярэсты,чмяліны, і ён зусім як басовае “до”.
Незразумелыя вочы, здаецца, бачылі яе да самага дна.
Я твае валасы пахнуць дурманам і таму, вядома, ліловыя.
Коні глыталі шырокі, добры і страшны абшар.
Натоўп дваран ішоў падземным ходам да Раўбічавай камяніцы. Пан Яраш крочыў паперадзе з кандэлябрам у руцэ. Крокі глуха гучалі пад шэрымі, нібы запыленымі, скляпеннямі. Вычварныя чорныя цені кідаліся ва ўсе бакі на кожнай паваротцы.
Ішлі ў маўчанні, якое нават прыгнечвала. Пятнаццаць чалавек не хацелі абмовіцца і словам.
Урэшце пан Яраш сказаў глухім голасам:
Прыступкі, панове.
Пачалі падымацца. Потым Раўбіч адчыніў жалезныя дзверы, і гурма выйшла на дзённае святло, што падала праз закратаванае акно ў вялізнае сутарэнне з каменнай падлогай і скляпенчатай столлю. Востра шыбнула ў твары саладкаватым серным смуродам. На сталах стаялі колбы, рэторты, палаў у саганах агонь. Лёгкі дымок цягнуўся пад выцяжны каўпак.
Чатыры чалавекі ўзняліся са сваіх месцаў, калі натоўп уцягнуўся ў сутарэнне. Глядзелі, нібы чакаючы, насцярожана і нядобра. Суконныя плашчы. Бледныя, нібы фарфоравыя, абліччы людзей, якія рэдка бачаць сонца. Бледныя, як парасткі бульбы ў склепе.
Спакойна, панове, – сказаў ім Раўбіч. – Гэта свае.
Звярнуўся да гасцей:
Спадзяюся, прозвішчаў вы не спытаеце. Але яны таксама свае. І ім аніяк нельга выйсці адсюль. Усе ўжо дзесяць год думаюць, што яны за мяжой. А яны туды не могуць. Нянавісць не дазваляе. І таму свядома ахвяруюць сабой.
Група Зянкевіча? – спытаў Мнішак.
Читать дальше