На рэпетыцыях часта падмывала накрычаць на Ліндэнталь. Любой іншай актрысе ён сказаў бы ў твар: "Тое, што вы робіце, дарагая, гэта самы пошлы правінцыйны стыль. І той факт, што вы іграеце рафінаваную даму, не дае вам прычыны гаварыць такім высокім штучным голасам і так адтапырваць мезенец. У рафінаваных дам зусім не канечне такія манеры. І дзе гэта сказана, што жонка буйнога камерсанта, фліртуючы з сябрам дома, павінна адстаўляць локці, нібыта яна выпацкала блузку смярдзючай вадкасцю і баіцца замараць яшчэ і рукавы? Кіньце, зрабіце ласку, гэтыя свае глупствы!"
Ясна, нешта падобнае сказаць Лоце Гендрык асцерагаўся. Але і без гэтых цалкам заслужаных грубясцяў яна, відаць, адчувала сябе не зусім на вышыні.
— Я адчуваю сябе яшчэ так няўпэўнена, — скардзілася яна і рабіла наіўны твар маленькай дзяўчынкі. — Берлінская абстаноўка збівае мяне з панталыку. Ах, я правалюся з ганьбай, водгукі ў прэсе будуць жахлівыя.
Яна паводзіла сябе так, быццам была маленькай дэбютанткай, якая сур'ёзна баіцца берлінскіх крытыкаў.
— Ах, калі ласка, калі ласка, Гендрык, ну, скажыце мне, — пры гэтым яна па-дзіцячы пляскала ў далонькі, — мяне разнясуць? Стопчуць, спляжаць?..
Гендрык грудным голасам, з поўнай перакананасцю ўмаўляў яе, што не ж, гэта абсалютна выключана.
Пакуль Гёфген і Ліндэнталь рэпетыравалі камедыю "Сэрца", стала вядома, што ў рэпертуар Дзяржаўнага тэатра зноў збіраюцца ўключыць "Фаўста". На свой жах, Гендрык даведаўся, што Цэзар фон Мук — відаць, са згоды міністра прапаганды — рашыў аддаць ролю Мефістофеля актору, які ўжо шмат гадоў быў членам нацыянал-сацыялісцкай партыі і якога некалькі тыдняў таму назад запрасілі з правінцыі ў Берлін. Так аўтар "Танэнбэрга" помсціўся Гёфгену, які адхіляў яго п'есы. Гендрык адчуваў: "Я прапаў, калі гнюсны план Мука спраўдзіцца. Мэфіста — мая галоўная роля. Калі яна мне не дастанецца — усім будзе ясна, што я ў няміласці. І значыцца, Ліндэнталь не пускае дзеля мяне свой уплыў, альбо, можа, і зусім ніякага ўплыву не мае, яго ёй прыпісваюць. І тады мне не застаецца нічога іншага, як толькі спакаваць чамаданы і адчальваць у Парыж, дзе мне, магчыма, якраз і трэба было застацца; бо тут, калі гаварыць шчыра, агідна. Становішча маё жалю вартае, асабліва калі параўнаць яго з ранейшым. Усе глядзяць на мяне з падазронасцю. Усе ведаюць, што дырэктар і міністр прапаганды мяне ненавідзяць. І пакуль няма ніякага доказу, што я карыстаюся хоць якой прыхільнасцю генерала авіяцыі. Нішто сабе сітуацыя! Мэфіста мог бы ўсё выратаваць... Так, ад яго цяпер залежыць усё!"
Да пачатку адной рэпетыцыі Гёфген падышоў да Лоты Ліндэнталь, і голас яго гэтым разам дрыжаў без фальшу:
— Фраў Лота, у мяне да вас вялікая просьба.
Яна ўсміхнулася крыху спалохана:
— Я заўсёды пасабляю калегам і сябрам, калі магу.
І тады ён, гледзячы ёй у вочы глыбокім гіпнатычным позіркам, сказаў:
— Я павінен сыраць Мэфіста. Вы разумееце мяне, Лота? Я павінен.
Яго сур'ёзнасць напалохала яе, да таго ж яе ўзбуджала напорыстая блізкасць яго цела, ужо даўно ёй не абыякавага. Пяшчотна пачырванеўшы, апусціўшы вочы, як маладая дзяўчынка, якой робяць прапанову і якая абяцае параіцца з бацькамі, яна прашаптала:
— Я паспрабую ўсё, што магчыма. Сёння ж я пагавару з ім.
У Гендрыка вырваўся глыбокі ўздых палёгкі.
На раніцу сакратарыят дырэктарату дзяржаўных тэатраў паведаміў яму па тэлефоне, што пасля абеду яго чакаюць на першы збор актораў, занятых у будучай пастаноўцы "Фаўста". Гэта была перамога. Прэм'ер-міністр прасіў за яго. "Я ўратаваны", — думаў Гендрык Гёфген. Ён паслаў вялікі букет жоўтых ружаў Лоце Ліндэнталь; да кветак ён прыклаў цыдулку, на якой кранальна вуглаватымі літарамі надрапаў толькі адно слова: "Дзякую".
Яму здалося цалкам натуральным, што дырэктар Цэзар фон Мук перад рэпетыцыяй запрасіў яго да сябе ў кабінет. Нацыянальны пісьменнік выказаў яму самую глыбокую задушэўнасць, сыграную на куды большым мастацкім узроўні, чым высакародная стрыманасць Гёфгена.
— Я рады бачыць вас у ролі Мефістофеля, — сказаў драматург. Сталёвыя вочы яго мякка заблішчалі, і ён з мушчынскай сардэчнасцю схапіў абедзве рукі чалавека, якога марыў знішчыць. — Я, як дзіця, шчаслівы буду пабачыць вас у гэтай вечнай, глыбока нямецкай ролі.
Ясна было: дырэктар поўны рашучасці адразу і прынцыпова змяніць свае адносіны да Гёфгена з таго моманту, як прэм'ер-міністр заступіўся за яго. Вядома, як і раней, Цэзар фон Мук не забываў пра галоўную мэту: трэба было не дапусціць, каб гэты тып надта ўзнёсся і пры першай жа магчымасці турнуць яго з Дзяржаўнага тэатра. Але цяпер ён лічыў разумным павесці барацьбу супроць старога ворага больш тайна і хітра. Гер фон Мук ні ў якім разе не быў схільны сварыцца праз Гёфгена з магутным прэм'ер-міністрам альбо з гэтай Лотай Ліндэнталь. Дырэктар прускіх дзяржаўных тэатраў мае ўсе падставы імкнуцца да такіх самых добрых адносінаў з прэм'ер-міністрам, як і з міністрам прапаганды...
Читать дальше