— Зрэшты, я павінен павіншаваць вас з вашым Гамлетам, дарагі мой, — сказаў міністр прапаганды. — Фантастычнае дасягненне. Нямецкая сцэна можа ганарыцца вамі.
Гёфген крыху схіліў галаву, злёгку прыбраўшы да грудзей прыгожы падбародак: пад высокім бліскучым каўняром адкрыліся складкі шыі.
— Хто не можа справіцца з Гамлетам, той не варты называцца артыстам. — У голасе прагучала элегантная сціпласць.
Міністрy заставалася толькі канстатаваць:
— Вы сэрцам прачулі ўсю трагедыю.
Незвычайнае ўзрушэнне прабегла па зале.
У вялікіх сярэдніх дзвярах паявіліся генерал авіяцыі і яго жонка, былая актрыса Лота Ліндэнталь: бура воплескаў і гром воклічаў прывіталі іх. Праз людскі калідор, з якога несліся крыкі захаплення, велічна ступала светлазорная пара. Ніводзін цар ніколі не меў такога шыкоўнага выхаду. Энтузіязм, здавалася, ліўся цераз берагі: кожны з дзвюх тысячаў экзальтаваных гасцей як мага гучнейшым крыкам і воплескамі хацеў засведчыць іншым і прэм'ер-міністру асабіста, што ён шчырым сэрцам прымае свята саракатрохгоддзя прэм'ер-міністра, нацыі і дзяржавы. Крычалі: "Гох!", "Хайль!" і "Віншуем!". Кідалі кветкі, якія фраў Лота лавіла з грацыёзнай годнасцю. Аркестр граў вялікі туш. Міністр прапаганды пазелянеў ад злосці і нянавісці; але на гэта ніхто не звярнуў увагі, можа, акрамя толькі Гендрыка Гёфгена. Гэты стаяў нерухома: ён чакаў свайго патрона ў сабранай, вабна стрункай паставе.
Заключалі пары — у якіх фантастычных строях гэтым разам з'явіцца таўстун. А таго акyрат собіла пакакетнічаць аскетызмам, і ён уразіў грамадскасць вельмі сціплым уборам. Бутэлечна-зялёная літоўка на ім глядзелася амаль як строгага крою хатняя куртка. На грудзях блішчала толькі зусім невялікая срэбраная ордэнская зорка. У шэрых штанах яго ногі — звычайна ён хаваў іх пад доўгім поламі плашча — здаваліся асабліва магутнымі: быццам дзве калоны, на якіх ён паволі рухаўся. Каласальныя памеры і манстрозная таўшчэзнасць нібыта створаныя былі дзеля таго, каб наганяць на ўсіх жудасць і багавейную пашану — прынамсі, смяяцца з яго нікому рызыкі не ставала: у самага адважнага смех застываў у горле, калі ён уяўляў сабе, колькі крыві пралівалася па кожным кіўку гэтага мяса-сальнага монстра і колькі яшчэ пральецца ў яго гонар. На кароткай, мясістай шыі яго масіўная галава здавалася як бы аблітай чырвоным сокам: галава Цэзара, з якое злупілі скуру. На гэтым твары больш не было нічога чалавечага — нешта бясформнае з сырога мяса.
Прэм'ер-міністр велічна праносіў праз распраменены натоўп свой трыбух, велізарны выгін якога пераходзіў у грудзі. Прэм'ер-міністр выскаляўся.
Яго жонка Лота не выскалялася, яна раздорвала ўсмешкі, — ну, чыстая каралева Луіза, з галавы да ног. І яе сукенка, каштоўнасць якое склала прадмет дыскусіі дам, была пры ўсёй пампезнасці простая: гладка абцяканая, з блішчастай срэбнай тканіны, яна плаўна пераходзіла ў па-каралеўску доўгі шлейф. А брыльянтавая дыядэма на залаціста-жоўтых валасах, перлы і смарагды на грудзях сваёй вагой і бліскучасцю перабіралі ўсё, чым толькі яшчэ можна было пазахапляцца на гэтым раскошным раўце. Грандыёзныя каштоўнасці правінцыйнай актрысы цягнулі на мільёны: гэтым яна была абавязана галантарэйнасці свайго сужэнца, які ахвотна бічаваў у публічных прамовах пышналюбства і карумпаванасць рэспубліканскіх міністраў і бургамістраў, і вернасці некалькіх забяспечаных і вылучаных падданых. Фраў Лота ўмела прымаць такія знакі ўвагі з грацыёзнай прастатой і з той непрэнтэнцыёзнай палкасцю, якая прыносіла ёй славу наіўнай і мацярынскай, вартай шанавання жонкі. Яна лічылася бескарыслівай, непадкупна чыстай. Яна ўвасобіла ў сабе ідэал нямецкай жанчыны. У яе былі вялікія, круглыя, крыху выпуклыя каровіныя вочы вільготнапрамяністага блакіту; прыгожыя русыя валасы і снежна-белыя грудзі.
Зрэшты, ужо і яна была крыху таўсманая — што зробіш, у прэм'ерскім палацы кармілі хлебасольна і шырока. Расказвалі пра яе, з подзівам, што яна час ад часу заступалася перад мужам за яўрэяў з прыстойных колаў — праўда, тым не меней яўрэі касякамі валілі ў канцлагеры. Называлі яе добрым анёлам прэм'ер-міністра; а тым часам пачвара не падабрэла ад яе саветніцтва. Адной з яе самых славутых роляў была лэдзі Мілфорд з шылераўскіх "Падстyпства і кахання": утрыманка магута, якая ўжо больш не пераносіла бляску каштоўнасцяў і блізкасці князя, як даведалася, чым аплачваліся тыя каштоўныя камяні. Выступаючы ў дзяржаўным тэатры апошні раз, яна іграла Міну фон Барнгэльм: яна яшчэ раз дэкламавала, перш чым перабралася ў палац генерала ад авіяцыі, радкі паэта, якога яе муж і ягоныя прысцяжныя крэатуры цкавалі б і пераследавалі, калі б ён жыў сёння ў Германіі. Пры ёй абмяркоўвалі самыя жудасныя таямніцы татальнай дзяржавы: яна па-мацярынску ўсміхалася. Раніцай, калі яна какетліва падражнівала мужа, заглядваючы яму цераз плячо, яна бачыла перад ім на пісьмовым стале ў стылі рэнесанс смяротныя прыгаворы — і ён падпісваў іх; а ўвечары яна ўжо дэманстравала свае белыя грудзі і залацістую прычоску на оперных прэм'ерах альбо за прыгожымі сталамі выбраных, што былі ўдастоеныя знаёмства з ёю. Яна была недатыкальная, ніякіх нападак; бо нічога не падазравала, бо была сентыментальная. Яна думала, што ўсё гэта ад любові народа, калі дзве тысячы славалюбцаў, прадажнікаў і снобаў рабілі столькі гвалту ў яе гонар. Яна ішла праз гэты бляск і раздорвала ўсмешкі — больш яна нічога ніколі не дарыла. Яна на поўным сур'ёзе думала, што сам бог ёй удабразычыў, даўшы аж столькі каштоўнасцяў. Недахоп фантазіі і розуму бараніў яе ад думак пра будучыню, якая, магчыма, будзе мала падобая на гэтую прыгожую цяпершчыну. Ужо тое, як яна ступала, падняўшы галаву, аблітая святлом і агульным захапленнем, не дапускала ў яе сэрца ніякага сумнення ў трываласці гэтай чарадзейнай казкі. Ніколі — так яна думала ўпэўнена — ніколі не праміне гэты бляск; ніколі замучаныя не спомсцяцца, ніколі цемра не праглыне яе.
Читать дальше