— Як пажываеце, мой дарагі Гёфген? — прыветліва ўсміхаючыся, спытаўся міністр прапаганды ў дырэктара.
Дырэктар таксама заўсміхаўся, але не тое каб ужо і да вушэй, а стрымана, здавалася, як бы нават гаркава.
— Дзякую, гер міністр!
Ён гаварыў ціха, крыху пявуча, але вельмі акцэнтавана. Міністр усё яшчэ не выпускаў яго рукі са сваёй.
— Магу я спытацца пра здароўе вашай фраў жонкі? — сказаў.
І тут ужо яго высокі суразмоўца мусіў напусціць на сябе сур'ёзу.
— Сённяшнім вечарам ёй трошкі нездаровіцца, — адказаў ён, выпускаючы руку сенатара і дзяржаўнага саветніка.
А той спагадліва:
— О, вельмі шкада.
Натуральна, ён ведаў — як, зрэшты, і ўсе ў гэтай зале, — што жонка міністра прапаганды ўся звялася, духоўна і фізічна, ад зайздрасці да жонкі прэм'ер-міністра. А як што сам дыктатар быў нежанаты, дык вянчаная жонка шэфа рэкламы выбілася ў першыя дамы рэйха, і гэтую богаспадобную функцыю яна выконвала прыстойна і з годнасцю, чаго не мог бы аспрэчыць нават яе смяротны вораг. А тут выплыла нейкая Лота Ліндэнталь, сярэдняй рукі актрыска — ужо і не першай свежасці, — і прыбрала замужжам ахвочага да бляску таўстуна. Жонка міністра прапаганды не апісаць, як пакутавала. Гэта ж трэба! Аспрэчваецца яе права на ролю першай дзяржаўнай дамы! Наперад прадзіраецца другая! З камедыянткай цацкаюцца так, быццам уводзяць культ уваскрэслай каралевы Луізы! Не дзіва, што кожнага разу, калі нешта ладзілася ў гонар Лоты, шэф-рэкламіха так моцна злавалася, што тут жа даставала мігрэні. Вось і сёння ўвечары яна засталася ў ложку.
— Вашай фраў жонцы было б тут, вядома, прыемна. — На твары ў Гёфгена ўсё яшчэ заставаўся выраз урачыстасці. У словах не было ніякай іроніі. — Шкада, што фюрэру давялося адмовіцца. Англійскі і французскі паслы таксама не змаглі прыбыць.
Гэтымі словамі, сказанымі самым мяккім тонам, Гёфген выдаваў свайго сапраўднага сябра і патрона — прэм'ер-міністра, якому быў абавязаны ўсім сваім поспехам, — раўнівага міністра прапаганды трэба было на ўсякі выпадак мець у запасе.
Спрытны кульгавец давяральна спытаўся, не без пагарды:
— А як тут настрой увогуле?
Дырэктар дзяржаўных тэатраў адказаў стрымана:
— Здаецца, усім весела.
Абодва высокія саноўнікі прыцішылі голас: вакол іх стаўкліся цікаўныя, збегліся і фатографы. Гарматная фабрыканціха шапнула П'еру Ляру, які ў захапленні паціраў на грудзях бледныя кашчавыя рукі:
— Наш адміністратар і міністр, праўда ж — цудоўная пара? Абодва такія значныя асобы! І абодва такія прыгожыя!
Яна ціснулася сваім пышным, упрыгожаным бюстам да кволага цельца карліка. Далікатны гальскі нізкапаклонец германскага гераізму, статных маладзёнаў, фюрэравых ідэй і высокіх арыстакратычных імёнаў спалохаўся задышлівай блізкасці аж такой ёмістасці жаночай плоці. Ён паспрабаваў адсунуцца, шчабечучы:
— Exquisit! Вельмі charmant! Непараўнальна!
Рэйнландка ўрачыста настойвала:
— Наш Гёфген — гэта сапраўдны мужчына, паверце мне! Геній, другога такога пашукай — ні ў Парыжы, ні ў Галівудзе! Такі спрадвечна-германскі дух, такі адкрыты, просты і сумленны! Я ведала яго яшчэ калі во-о-о такім хлопчкам бегаў. — І яна паказала рукою, якім маленькім бегаў Гендрык, калі яна, мільянерыха, ігнаравала на кёльнскіх дабрачынных распродажах ягоную маці. — Цудоўны юнак! — сказала яна яшчэ і так сэнсоўна паглядзела на Ляру, што той у паніцы даў лататы.
Гендрыку Гёфгену можна было б даць гадоў пяцьдзесят; але было яму толькі трыццаць дзевяць — неверагодна малады для такой высокай пасады. Бледны твар з акулярамі ў рагавой аправе выяўляў той каменны спакой, які ўмеюць напускаць на сябе нервовыя і вельмі славалюбныя асобы, ведаючы, што за імі назіраюць збоку. Голы чэрап быў самай высакароднай формы. На аплылым, бледнашэрым твары кідалася ў вочы перанапружаная, чуллівая і пакутлівая рыса, якая прабягала ад высока ўскінутых светлых броваў да запалых скроняў; апрача таго кідкія абрысы моцнага падбародка, які ён насіў ганарыста прыўздзёрта, так што прыгожая лінія паміж вухам і падбародкам толькі падкрэслівала адвагу і ўладарнасць. На шырокіх і бледных вуснах застыла шматзначная, адначасова пакеплівая і як бы ахвочая да спагады ўсмешка. За вялікімі люстранымі шкельцамі акуляраў ягоныя вочы мала калі можна было разгледзець: а калі ж, — дык адразу было відаць, што яны, пры ўсёй сваёй пільнасці, былі халодныя, як лёд, і пры ўсёй меланхалічнасці — жорсткія і калючыя. Гэтыя з зеленавата-шэрым адлівам вочы нагадвалі каштоўныя камяні, вельмі каштоўныя, якія, аднак, прыносяць няшчасце; і разам з тым нагадвалі прагныя вочы злой і небяспечнай рыбіны. — Усе дамы і большасць мужчын прызнавалі, што Гендрык Гёфген быў не толькі значны і надзвычай спрытны, але і варты подзіву, прыгожы мужчына. Па яго сабранай, з усвядомлена разлічанай прывабнасцю амаль застылай паставе і дарагім фраку можна было бачыць, што ён быў адназначна тлуставаты, асабліва ў вобласці клубоў і задняй часткі.
Читать дальше