Марцявічус. Гэта не ўсё. У мяне просьба, Кастусь.
Кастусь. Чаго просіш?
Марцявічус. Права на стрэл.
Кастусь. У каго?
Марцявічус. Я прыехаў за гэтым чалавекам з Магілёўшчыны. Гэта той, хто задушыў там паўстанне. Цяпер ён будзе правай рукой Мураўёва тут, у Вільні. Але няхай ён не думае, што мінулае забудуць.
Кастусь. У чым абвінавачваеш?
Марцявічус. Абвінавачваю ў здзеках, катаваннях, расстрэлах. Абвінавачваю ў сотнях шыбеніц.
Кастусь. Ты нешта скрываеш, брат.
Марцявічус. Той... чалавек з Сухадола, які благаславіў мужыкоў на паўстанне, быў ксёндз Малявічус... Галава карнікаў павесіў яго.
Караліна. Ты раней казаў, што ты... сын аднаго чалавека з Сухадола... брат.
Яневіч. Караліна... Як можна?! Ксёндз...
Караліна. Што ж з таго? (Яна ласкава дакранаецца да скроні Марцявічуса.) Хіба перад сапраўдным пачуццём бываюць перашкоды? Ды яшчэ і такія дурныя... нявартыя.
Марцявічус (на яго страшна глядзець). Дзякуй, сястрычка... Добрая мая... (Нячутна прыклаў вусны да яе рукі.) Праўда. Я тое, што людзі завуць “байструком”. Ксёндз Малявічус – мой бацька.
Яневіч. Ну і дзякуй богу. Падумаеш, бяда вялікая!
Марцявічус. “У бога быў сын, а чаму мне нельга?” – казаў бацька. Ён любіў мяне. I вось ён вісіць.
Кастусь. Хто гэты чалавек?
Марцявічус. Палкоўнік Цаплін...
Кастусь. Ах, бестыя!
Паўза.
(Караліне ціха). Памятаеш?
Караліна (вельмі ціха). Памятаю.
Паўза.
Кастусь. Чаго патрабуеш?
Марцявічус. Жыцця Цапліна... Прашу помсты.
Кастусь. Права на суд маеш не ты адзін.
Паўза.
I таму мы заўтра будзем сачыць за ім. I мы выкрадзем яго на вуліцы ці яшчэ дзе. I павязём у адно месца, дзе ён таксама нарабіў гора. I будзем там судзіць яго мужыцкім судом. I за ксяндза Малявічуса таксама.
Арсень. Ты ат рымаеш сваё... друг.
Кастусь. А я табе дапамагу... Бывайце, сябры, да заўтра.
Усе выходзяць.
Арсень. Ай-я-яй. Які ж вы дрэнны патрыёт, пані Юзэфа. Як жа вы абыдзецеся без Кіева?
Яневіч. Змоўч, шалапут. Я каталічка. Я на багамолле і ў Чэнстахову магу паехаць.
Усе пайшлі. Засталіся Яневіч, Караліна, Кастусь. Яневіч глядзіць на маладых людзей. Доўгая цяжкая паўза. Потым пані Юзэфа здымае невялікі партрэт.
Вось... Жаніх мой.
Караліна. Якое гордае аблічча!
Яневіч. Ох, ён быў горды! Ён быў тутэйшы. Любіў радзіму.
Кастусь. I што?
Яневіч. Мы лічылі – няўчасна. У трыццаць першым было паўстанне. Ён пайшоў і не вярнуўся... I ўсё... I вось баба-сухадрэвіна, а вакол ані парастка... акрамя вас... Якое можа быць суцяшэнне? Памерці? Сустрэцца там? Растаць у ім, як зорка ў ранішнім усходзе? А што, калі няма ўсходу, што, калі там нічога няма?
Паўза.
Ой, што гэта я. Трэба ж хаця кавай вас напаіць... Пачакайце, я зараз. (Пайшла.)
Паўза.
Кастусь (глуха). Страшны яго лёс.
Караліна. Страшны яе лёс.
Кастусь. I вырастала ў іх садзе дрэва. Вялікае-вялікае дрэва кахання. I дарасло аж да сонца.
Караліна. Пакуль вырастала – жах. I як вырасла – жах. Хіба можна глядзець на сонца? Аслепнеш.
Кастусь. I якая гэта была пакута... Як насланнё.
Караліна (нібы спалохан а). Нам жа не так, праўда?
Кастусь. Канечне. Ты – нейкі вялікі-вялікі, магутны, добры дух. Ты сама яшчэ не ведаеш, хто ты.
Глядзяць у вочы адно аднаму.
Як дзіўна. У цябе задрыжэлі веі. Якія доўгія, чорныя! Апусціліся... “як ворана пяро на снег”.
Караліна. I над хлопцамі вораны...
Кастусь. Толькі не над табой... Толькі, калі ласка, не над табой.
Караліна. Не ідзі заўтра... Не ідзі...
Кастусь. Ты бывай... Бывай... Іначай – не пайду. (Амаль у адчаі працягвае руку.) Каго любіш?
Караліна. Люблю... Беларусь.
Кастусь. То ўзаемна... Навекі... Навекі...
Вуліца. Краты саду. Слуп ліхтара. Конус святла гойдаецца над маленькай фігуркай. Гэта Чортаў Бацька.
Чортаў Бацька. Горад... Вялікі... Касцёлы гудуць. А паноў! А екіпажаў!
1-шы прахожы. Каго любіш?
Чортаў Бацька. Люблю Беларусь.
1-шы прахожы. Цаплін прыехаў у тэатр к пачатку трэцяга акта. (Ідзе далей.)
Читать дальше