Ён паківаў галавою:
— Дык ці не лепей араць зямлю?.. Паляваць?
Сын сур'ёзна глядзеў на яго.
— А мне ты хацеў бы гэтага?
— Не…
— Дык не жадай тады і ім.
…Успамінаючы цяпер гэтую размову, Алесь не мог не думаць, што зрабіў правільна.
Усё добра. Цяпер трэба ехаць. І ён лёгка занёс нагу ў стрэмя.
— У сёдлы, хлопцы.
Урга злёгку, пужаючы, даў свечку. Потым апусціўся на пярэднія ногі і затанцаваў, косячы на брычку і дзяўчатак залатым і трошкі крывавым па бялку вокам.
Рушылі.
Застаялыя коні пайшлі лёгкай ступой. Коннікі, абкружыўшы брычку, ехалі моўчкі. Абы з дарослых вачэй.
Паабапал алеі стаялі туманна-блакітныя дрэвы. Яны павольна адплывалі назад.
А Майцы ўсё гэта было нова. І тое, што хлопчыкі эскартавалі іх, і тое, што ўсе маўкліва прызнавалі правадыром гэтага трошкі няўклюднага хлопчыка, які ехаў наперадзе ўсіх на арабе, і тое, што побач з ёю сядзела гэтая, зусім не непрыемная, сялянская дзяўчынка з дзікаватымі сінімі вачыма.
— Ён жыў у вас, — шапнула яна. — Які ён?
— Го-ожы, — сказала Янька. — І сме-елы. Ён ад мяне бычка-гадавіка адцягнуў. Я з таго часу баюся кароў.
І Майка чамусьці была ўдзячная ёй за добрыя словы.
— Алесь, — сказала яна.
Алесь прытрымаў Ургу, паехаў побач.
— Ты малайчына, што зрабіў так.
— Як?
— Ну… што мы без дарослых.
Блізнюкі пераглянуліся, заўважыўшы манеўр Алеся. Бадай што, гэта было непатрэбна яму: аставацца з дачкой чалавека, у парку якога яны пазаўчора былі. Але яны змоўчалі. Яны, наогул, нічога не расказалі Алесю аб начных сваіх прыгодах, калі ўбачылі, што раніцай прыехала Раўбічава дачка. Не варта. Тым больш што яна ніштаватая. Бываюць жа і ў чараўнікоў добрыя дочкі — гэта ўсе ведаюць, хаця б па дзедавых казках. Прыедзе каралевіч, дык яны яго яшчэ і ад злога бацькі ўратуюць, вядома, калі закахаюцца.
Мсціслаў сядзеў на месцы фурмана, і таму Алесь і Майка не абмовіліся і словам пра медальён.
Калі выехалі з парку — усход ужо моцна чырванеў. Хлопцы пачалі дурэць, ганяцца адзін за адным. Ад'язджалі так далёка, што рабіліся лялечнымі, а потым намётам, з дзікімі выгукамі, ляцелі проста на брычку.
Потым паехалі паплавамі ўздоўж Папараці. Тут травы ніхто не касіў — занадта далёка было, — і коні хаваліся ў ёй вышэй жывата. Буяна цвіў малінавы скрыпень, жоўтыя конусы магутнага царскага бэрла хісталіся, як сягала вока. Кандрат на хаду зрэзаў полае сцябло дудніку і зрабіў з яго пісталет, а потым, нечакана наляцеўшы на брычку, наставіў яго на Мсціслава.
— Хто такі? — спытаў Мсціслаў.
— Ваўкалака, — ашчэрыўшы зубы, сказаў Кандрат. — Давайце дукаты ў худую суму, давайце княгіню — з сабою вазьму.
І цягнуў рукі да Янькі. Дзяўчаткі віскаталі, хаця Ваўкалака быў мілы і зусім не страшны і нават падабаўся Майцы.
Было весела. А потым Андрэй спяваў песню пра Ваўкалаку, і яму падцягваў нечакана прыемным голасам Мсціслаў:
Што то за сцежка — без краю, без краю?
Што то за конік — ступою, ступою?
Злыя татарнікі пад капытамі,
Воўчае сонейка над галавою.
А потым другую, як малады Ваўкалака пайшоў адбіваць у гайдукоў бацькавых валоў і не вярнуўся ў дом і як груган на сухім дубе казаў яму, што робіць у двары Ваўкалакаў бацька. А бацька ламаў рукі і прыгаворваў:
Я, жывучы, валоў нажыву,
А цябе, сыночак, увек не знайду.
Песня ляцела над морам разнатраўя, і ўсім было шкада старога бацькі, але так і карцела самім пайсці ў лес, на волю, пад воўчае сонца.
Пацягнуліся мяккія гарбы, зарослыя верасам. Сонца ўзыходзіла за спіною, калі яны ўз'ехалі на адзін такі горб, а па другі бок яшчэ ляжалі цень і туман. І тут перад вачыма дзяцей успыхнула ў тумане белая шырокая вясёлка, слаба-аранжавая звонку, шыза-блакітная знутры. Затым сонца адарвалася ад зямлі, і белая вясёлка знікла, і верас лёг перад вачыма, упрыгожаны мільёнамі павуцінак, якія ззялі ў кроплях расы.
— Што ж гэта яна? — жаласна спытала Майка. — Нашто знікла?
— Чакай, — сказаў Андрэй, — зараз будзе табе ўзнагарода.
І ўзнагарода з'явілася. На павуцінках, на росным верасе раптам з'явілася другая радуга. Выцягнутая, яна ляжала проста на траве, ззяла ўсімі вясёлкамі, уцякала ў бясконцасць ад іхніх ног.
— Ты адкуль ведаў? — спытала Майка з павагаю.
— Ведаў, — проста адказаў Андрэй.
Майка з павагаю ўздыхнула.
…А потым, як працяг гэтай феерыі, над верасам, над гарбамі, зарослымі лесам, з'явілася на збегу Папараці і другой рачулкі, на высокай гары паміж імі, вялікая руіна: тры вежы і рэшткі муроў.
Читать дальше