Зноў гаротна задрыжалi яе веi:
— Забыў усё. Забыў французскую. А гаварыў, як маленькi парыжанiн… Я прашу цябе, я вельмi прашу, Gеоrgеs, не спускай з яго вачэй, хадзi за iм у першыя днi, бо яму будзе сумна… Ах, жорстка, жорстка гэта было — аддаць!
Пан Выбiцкi далiкатна кашлянуў, прастуючы да сходаў, i толькi тут панi Загорская спахапiлася, ускiнула на яго рахманыя вочы:
— Прабачце, пан Адам, я была такая няўважлiвая. Вельмi прашу вас — паснедайце разам з намi.
— Бардзо мi пшыемне, — пачырванеў Выбiцкi, — але ж прабачце, я зусiм па-дарожнаму.
— Ах, нiчога, нiчога… Я вас вельмi прашу, пан Адам.
Выбiцкi нiякава палез у кiшэнь па чырвоны фуляр, якi нагадваў невялiчкi абрус.
Лёгка i па-англiйску выкацiлi на тэрасу стол на кольцах, прыставiлi яго да накрытага ўжо абедзеннага стала. Матуля начала здымаць накрыўкi з мiсаў.
— Накладайце сабе, пан Адам, — сказала мацi. — Вазьмiце курыную пячонку "брашэ"… Бачыце, снедаць будзем па-англiйску. Першыя днi яму будзе нязручна са слугамi, беднаму.
Аконам спачувальна крэкнуў, стараючыся зрабiць гэта як мага больш далiкатна i не абразiць тонкага слыху панi.
I якраз у гэты момант з'явiўся ў дзвярах Алесь у мярэжанай пад народны густ — сарочцы, сiнiх шальварыках i чырвоных кабцiках [13] У чорных фарбах (франц.) .
. Менавiта так, на думку панi Антанiды, выглядалi ў свята дзецi багатых сялян, i таму хлопчыку можна было не адчуваць нязручнасцi. Бацька хацеў быў пырснуць у сурвэтку, але стрымаўся, памятаючы нядаўнюю жончыну крыўду. Таму ён толькi паказаў на крэсла побач з сабою.
— Сядай, сыне.
Алесь, зазвычай такi зграбны, медзведзявата палез на крэсла. Глядзеў на ломкiя абрусы, на старое серабро, на двухзубы iтальянскi вiдэлец, на блакiтны крыштальны келiх, у ломкiх гранях якога драбiлася нейкая янтарная вадкасць.
— Што гэта? — амаль без голасу спытаў ён.
— "Го-Сатэрн", — адказаў бацька. — Гэта, брат, такое вiно, што i ты можаш пiць.
— Вiна не хачу, ад яго людзi дурныя. Лаюцца.
Выбiцкi зморшчыўся ад скрухi, i, убачыўшы гэта, Алесь раптам раззлаваўся. Урэшце, iхняя гэта была вiна. Урэшце, гэта самi яны давялi яго, а цяпер яшчэ ўчынiлi яму гэткае катаванне.
Таму ён смела палез падрапанай лапай у хлебны кошычак, палажыў кавалак на сваю талерку i лыжкаю пацягнуўся да бацькавай талеркi, адчуваючы ў сэрцы пачуццё, блiзкае да адчаю.
— Еш, еш, сыне, — спакойна адказаў пан Юры. — Мацуйся. Давай мы i табе на талерку пакладзем.
Але маленькi зацкаваны мужычок ужо нёс да рота самы вялiкi кавалак. Яму было нязручна, i таму ён успёрся левай далонькай на край стала, а калi ўспёрся — з-пад гэтай далонькi ўпаў на падлогу падрыхтаваны кавалак хлеба.
Дзiця начало навольна спаўзаць з крэсла над стол. Спаўзло. Знiкла. А потым з-пад стала з'явiлася сур'ёзная галава.
Сурова, з адчуваннем важнасцi моманту, малады князь пацалаваў паднятую з падлогi скiбу i сур'ёзна сказаў:
— Даруй, божухна.
I ўжо зусiм па-гаспадарску хлопец сказаў наступныя словы:
— Пакладзiце гэта, калi ласачка, каню.
Пан Адам пакутлiва пачырванеў. Няёмкасць трывала доўга. Потым бацька, увесь час аглядаючыся на мацi, пачаў тлумачыць сыну, што так нядобра, што так не робяць, i выгляд яго, вiдаць, быў горшы, чым у Алеся, бо мацi раптам засмяялася — ласкавым сумным званочкам.
Лёд растаў. Перастала быць няёмка Алесю. Усе засмяялiся. Ды толькi смех яшчэ гучаў не вельмi весела.
— Что же вы, например, ели сегодня на завтрак, мой маленький? — спытала панi Антанiда.
— Сёння… на заўтра? — неўразумела перапытаў Алесь.
— Антонида, — сказаў пан Юры. — Если можешь, говори по-мужицки.
— Што ты еў сёння на… сняданне? — спытала мацi.
— Крышаныя буракi, — басам адказала медзведзяня. — I курыцу елi… Зарэзалi з такой прычыны старога пеўня… Марыля сказала: "Усё адно ўжо, дык няхай хаця панiч-сынок памятае".
Мацi ўсмiхалася, яе забаўлялi "крышаныя буракi".
— Жорж, — сказала яна, — няўжо стары певень для iх — свята? I як мог жыць маленькi? Нашто такая жорсткасць з боку старога Вежы?
Шакаладна-матавы твар бацькi спахмурнеў.
— Я вiнен перад табою, Антанiда. Бацька даў толькi лёгкi намёк на тое, што Алеся пажадана аддаць на "дзядзькаванне". Астатняе дадумаў i вырашыў я. Кагуты — лепшыя гаспадары. Майстры. Сумленныя, здаровыя людзi.
Яго моцныя рукi сцiснулi край абруса:
— Бачыш, ты i ўсе лiчылi мяне легкадумным. Я не хацеў, каб сын пайшоў у мяне. Я хацеў, каб ён быў моцны, увесь ад гэтай зямлi. Няхай сабе яго не кармiлi каплунамі. Ты паглядзi на большасць яго аднагодкаў: спешчаныя, саслабелыя. Заўсёды добра рабiць, як рабiлi дзяды. Яны былi не зусiм дурнi. Я хацеў, каб з яго вырас сапраўдны пан, мацнейшы за хлопаў не толькi розумам, а i целам.
Читать дальше