— Кладзiцеся ўсе, хлопцы. Досыць.
…Усе паклалiся. Алесь толькi як ляжаў, так i застаўся. Андрэй паклаў кажух побач з iм, укруцiўся, цiха гукнуў.
— Спiць? — спытаў Кандрат.
— Спiць, — шапнуў Андрэй. — А ты заўважыў, што ў Раўбiча агонь пагас?
"I не сплю зусiм", — хацеў быў сказаць Алесь, але адразу правалiўся ў такi глыбокi сон, што не паспеў нават варухнуць вуснамi.
Дзецi спалi. Сухастоiна павольна дагарала, рассыпаючы жар. Туман узняўся з лагчыны i падступiў блiжэй, быццам хацеў паслухаць сонныя подыхi. Конi таксама ўжо танулi ў тумане, i толькi iхнiя галовы ды доўгiя шыi ўздымалiся над малочным туманным возерам.
Палявая дарога нырала ў лагчыны, узбiралася на пагоркi i зноў звiвiста падала ўнiз. I так было без канца, а вакол ляжала густа-зялёная, без анiводнай праплешыны рунь, такая маладая i вясёлая на ўзгорках i бяздонная ў лагчынах, такая прагрэтая на сонцы i сцюдзёна-шызая ў ценю, што аж дух займала.
Вельмi-вельмi рэдка траплялiся пасярод бясконцага зялёнага кiлiма вялiзныя, як дубы, дзiчкi, ды там-сям, дзе ў яры выбiвалася крынiчка, схiлялася над ёй срэбная вярба.
I зноў рунь, адна толькi рунь. А над рунню, прывязаныя нябачнымi нiцямi, трапечуць жаўрукi. А на зямлi, на ўсiм яе густа-зялёным абшары, толькi адна рухомая кропка: едзе дарогаю рысорны англiйскi кабрыялет, а ў iм хлопчык адзiнаццацi год i трыццацiгадовы мужчына.
Хлопчык у белым палатне, як мужык. Мужчына ў чашунчовай тройцы, чаравiках i шыракаполым саламяным брылi…
— Можа, вам брыль аддаць, панiч? — голас у мужчыны легкаважны, з выразным польскiм акцэнтам. — Галоўку напячэ.
— Не трэба, пане Выбiцкi.
— То добжэ, глядзiце. Нех тылько панi потым не лае Выбiцкага, калi ў дзiцяцi забалiць галоўка.
— Я каровы на сонцы пасвiў. То яны часам загiзуюць i бягуць як шалёныя, а самому нiчога.
Пан Выбiцкi глядзiць на хлапчука, i на яго маладым, наiўным твары з'яўляецца пакутнiцкi выраз: дзiця пасвiла каровы, — Езус Марыя! Яму хочацца зрабiць хлопцу нешта прыемнае, i ён лезе пальцамі ў кiшэнь камiзэлькi.
— На цукерэк.
— Нашто? — сур'ёзна кажа мужычок. — Яны грошай каштуюць. Завязiце лепш сваiм дзецям.
— Але ж у мяне няма дзяцей, — непаразумела кажа Выбiцкi. — Зусiм няма. Бяры.
— Ну, тады ўжо давайце.
Пан Выбiцкi са скрухаю кiвае галавою. "Мужычок, зусiм мужычок. I гэта сын загоршчынскага князя. Спадкаемца амаль дваццацi дзевяцi тысяч сем'яў, калi прыйдзе час. Дурны звычай!"
Выбiцкаму да слёз шкада хлапчука.
Так яны едуць i едуць. А вакол рунь, рунь i рунь.
…Пан Адам Выбiцкi яшчэ шэсць год назад ледзь не памiраў з голаду разам з бацькамi. Быў ён з чыншавай шляхты, жыў, як большасць такiх, земляробствам. Але стаў на гаспадарку ў няшчасны час.
…Нават год яго нараджэння быў годам чорнага недароду. А потым пайшло i пайшло. Чатыры галодныя гады, з дваццатага па дваццаць чацвёрты. Год адпачынку. А потым пяць год страшнай пошасцi на худобу, калi па ўсiм Прыдняпроўi ледзь засталася дзесятая частка коней i iншай худобы. Каб не кончыцца наглай смерцю, давялося прадаць восем дзесяцiн зямлi з дзесяцi. Ды i апошнюю няма чым было абнасенiць, i яна зарастала гiрсаю, i асотам, i, ад вялiкай кiслаты, хвашчом. У дваццаць чатыры гады Адаму было ўжо так, што хоць у кавалкi iдзi. Тут яго i падабраў Юры Загорскi. Аканомам хлопца прызначаць было рана, i таму пан зрабiў яго чымсьцi накшталт фактара i перакупшчыка, з пенсiяй трыццаць рублёў месячных ды яшчэ з панскiм жыллём, вопраткай i ежай. З таго часу Выбiцкi ног пад сабою ад радасцi не адчуваў.
Фактар з яго быў нявопытны, але рухавы i, галоўнае, бездакорна сумленны, капейкi пад ногаць не зацiсне. I таму Загорскi прывык да яго i адпускаць не хацеў.
I вось зараз яны ехалi ў панскiм кабрыялеце, белы, як апошнi мужык, шэравокi панiч i Выбiцкi, гарбаносы i кашчавы, ушчэнт спалены сонцам, але са старанна дагледжанымi вусiкамi. Ехалi моўчкi, насцярожаныя адзiн да аднаго.
— Што ж, цi падабалася там панiчу? — спытаў нарэшце Выбiцкi.
— Вельмi.
— То ж бачыў я, што тая хлопка так плакала, быццам роднага сына за свет вязуць.
— Яна не хлопка. Яна Марыля, другая мацi мне.
Пан Адам пакруцiў галавою.
— За што ж гэта вы iх так паважаеце, панiч?
— Бо яны працуюць, як Адам i Ева, — завучана сказаў хлопец. — Аруць зямлю i прадуць лён. Выбiцкi ўздыхнуў:
— Э-эх, панiч. Прайшоў той час, калi на зямлi былi толькi Адам i Эва. Прайшоў i не вернецца. Цяпер над Адамам i Эвай цар, потым губернатар, потым ваш ойцец, а потым я, паўпанак.
На вуснах яго з'явiлася iранiчная ўсмешка.
— А яны з усiх нас пасмейваюцца, бо нiчога больш не могуць зрабiць. Пра цара не чуў, а губернатара, як яны кажуць, кулагай аблiлi. Князь, па iхняму прыслоўю, "лярва, хоць i ў барве". А я, наогул, "цi пан сам пан, цi пан у пана служыць?". "На назе бот рыпiць, а ў гаршку трасца кiпiць". Так што нiколi вам, панiч, не быць мужыком, а мужыку не быць панам. I таму час вам забыць аб тым, што вы гулялi з хлопскiмi дзецьмi ў цыркi [9] Гульня накшталт бабак.
. Час вучыцца панаваць… Нiколi iм, на жаль, не быць вольнымі, як старапольская шляхта. Заўсёды над iмi будзе прыгон. Чалавек гэта такая халера што прыдумае…
Читать дальше