— І я думаю, — іранічна ўсміхнуўся дзед. — У лібералізм гуляе. Як ягоны дзядзька. Ну і скончыць таксама… адпаведна… Гулі ўсё… Les merveilles gymnastiques [76] Дзівосы гімнастыкі (франц.)
.
Вузкая, да смешнага маленькая ручка пані Антаніды кранула дзеда за локаць.
— Бацька, тут дзеці.
Дзед замаўчаў. Потым зірнуў на нявестку і даволі лагодна ўсміхнуўся. Ён вельмі памякчэў да нявесткі за гэтыя гады: быў удзячны за ўнука.
— Пані Эвеліна, — усміхнуўся Юры, — радасць райская, што прыехалі… Франс, вы паважны, як магістр масонаў…А Стах… Не, глядзіце вы, які наш Стах… А ты, Наталечка, усё маладзееш. Што ж з табой далей будзе, алянятка?
Смяяліся снежныя зубы.
— І Майка, — нечакана сур'ёзна сказаў ён. — Вы сёння дзівосная, Майка… Алесь зараз прыйдзе. Ён пайшоў размясціць хлопцаў.
Вежа глядзеў на Майку.
— Ты! — спытаў ён. — Колькі ж гэта?
— Шаснаццаць, — сказала пані Эвеліна.
— Та-ак. Бадай што, цяпер ужо цябе не назавеш чорцікам…
— Што дзіўнага, — сказаў Раўбіч. — Скончыла інстытут.
Дзяцей адвялі ў іхнюю залу, у тую самую, дзе калісьці дзеці разбілі вазу. Майка ўспомніла: чарапок з хвастом сіняй рыбкі і дагэтуль ляжыць у скрыначцы.
У зале лёкаі скрэблі васковыя свечкі на дубовыя цагліны падлогі. Дзеці потым, танцуючы, разнясуць усё нагамі. Будзе лепей, чым назнарок нацерці.
Майцы адразу падумалася: "А нам цяпер сюды, у гэты пакой, ужо нельга. Мы цяпер дарослыя".
На хвіліну прыйшоў жаль. А потым зноў вярнулася радасць.
Яна ўступала ў залу з тым самым пачуццём, што і раней. Бачыла, як ад дзвярэй глядзяць на яе вочы пана Юрыя і пані Антаніды. Глядзяць з нейкім асцярожным чаканнем. І ў сэрцы нарадзіўся неасэнсаваны пратэст: "Нашто яны так глядзяць на мяне?"
Думка адразу ж знікла. Бо стракатая чародка людзей абкружыла яе.
— Гэта хто? Бог мой! Ядзя! Ядзечка!
Ядзечка стаяла ўсё такая самая, усё гэтак жа падобная на ляльку. Але яна была… яна была ледзь не з Майку ростам. Тоненькая, зграбная…
— Маюнька! Маюнька! — смяюцца сінія вочы.
А потым пайшло. Чорны ўсмешлівы Янка і ягоныя рукі, што моцна сціскаюць яе далонькі.
— Майка! Майка! — глядзіць у вочы, нібы не верыць. — Як мы рады! Як узрадуецца Алесь!
— Табе добра, Янка?
— Мне добра. Я цяпер сын, рачоны Ян Клейна.
…Куды гэта глядзіць паўз яе доўгі, такі "састарэлы" Янка?
Міхаліна паглядзела туды, і ў той самы момант на хорах заспявалі скрыпкі. Нібы назнарок. І ад іхняга задуменнага спеву зноў глыбока ўпала сэрца.
За пяць крокаў ад яе стаяў Алесь і дзіўна, нібы спалохана, нібы не пазнаў, глядзеў ёй у вочы.
Яна таксама не адразу пазнала яго. Зусім дарослы. Выцягнуўся амаль з пана Юрыя і, відаць, будзе вышэйшы. І такі самы загарэлы. Аблічча аж аліўкавае, і на ім асабліва светлыя — аж свецяцца — цёмна-шэрыя шырокія вочы.
Але чаму ён так разгубіўся, нібы ўбачыў дзіва? І што гэта ў ім такое новае?
Ага, вочы сталі не такія мяккія. І ў постаці няма нічога ад медзведзяняці: стройная, гнуткая постаць.
Алесь схіліўся і пацалаваў ёй руку.
— Я вельмі ўзрадаваны, — голас чамусьці асекся. — Мы так даўно не бачыліся.
— Вельмі даўно. І хаця б… адзін ліст.
— Гэта вы, Ма… Міхаліна, не адказалі мне.
— Я, па-ранейшаму, Майка.
Паўза.
— Сходзім да Вацлава. Я з Вежы. Ледзь паспеў пераапрануцца.
У "зале разбітай вазы" Стась, Вацлаў і Наталя гулялі ў жмуркі. Вадзіў Вацак, і Алесь назнарок "спаймаўся" яму.
— Спаймаў!
— Не, брат, гэта я цябе спаймаў, — сказаў Алесь.
І ўзняў Вацака высока-высока.
— Алеська! Братка! — крыкнуў Вацак, боўтаючы нагамі ў паветры.
— А паказаць табе, як барсук дзяцей гладзіць? — спытаў Алесь, прыціскаючы брата да грудзей.
— Не-а, — малы закрыў галаву рукамі. — Супраць поўсці гладзіць будзеш. Дулі калупаць.
— Ты ў мяне разумны, — засмяяўся Алесь.
Майка заглядзелася на яго. Высокі, шырокі ў плячах, ён стаяў, трымаючы брата, як перайка.
Наталя ціха падышла да Майкі і пацерлася шчакой аб яе далонь. Міхаліна прысела і, расчырванеўшыся, правяла носам па вачах сястры.
Якраз у гэты момант Алесь, падхапіўшы на рукі яшчэ і Стася, зірнуў на дзяўчыну. Нешта разгубленае зноў мільганула ў ягоных зрэнках.
— Ну, до ўжо, хлопчыкі, — глухавата сказаў ён. — До.
— Алесь, — віскнуў спушчаны на подлогу Вацак. — А Наталя харошая. А Наталя казала, што яе не бралі, аж потым Майка ўзяла. Яна разумее, што мне без Стася і Наталі сумна. Яна харошая.
— Вельмі харошая, — сказаў Алесь. — Гуляйце, хлопцы.
Падвёў, падштурхнуў хлопцаў да Наталі, абняў усіх трох. І тут ягоная рука выпадкова дакранулася да Майчынай рукі.
Читать дальше